Беларусь і Індыя павінны пашырыць і інтэнсіфікаваць адносіны. Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржаўным міністрам па пытаннях абароны ўрада Індыі Маліпудзі Мангапаці Палам Раджу.

«Асаблівасцю нашых адносін з’яўляецца тое, што мы ведаем, што трэба рабіць, мы нямала зрабілі, намецілі пэўныя напрамкі, падпісалі мноства кантрактаў. Нам трэба пашырыць і інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што гэта павінна датычыцца не толькі супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, але і па лініі грамадзянскіх ведамстваў.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусі і Індыі неабходна пашыраць аб’ёмы двухбаковага гандлю. На яго думку, існуючы тавараабарот не адпавядае таму вялізнаму патэнцыялу, які існуе паміж дзвюма краінамі. Так, за восем месяцаў 2009 года ён склаў $387,2 млн. Прэзідэнтамі дзвюх краін вызначана стратэгічная задача — павелічэнне да 2010 года беларуска‑індыйскага тавараабароту да $500 млн.

«Хацелася б, каб нашы адносіны былі больш маштабныя», — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што

Беларусь «заўсёды ганарылася і ганарыцца адносінамі з такой вялікай краінай, якой з’яўляецца Індыя».

«Гэта цудоўная краіна, з велізарнейшым патэнцыялам, вельмі працавітым народам», — сказаў беларускі лідэр. Успамінаючы свае візіты ў Індыю ў 1997 і 2007 гадах, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіна зрабіла на яго сур’ёзнае ўражанне.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў Маліпудзі Мангапаці Палам Раджа з перамогай Індыйскага нацыянальнага кангрэса на парламенцкіх выбарах. «Мы ведаем, наколькі вялікая тая роля, якую вы адыгралі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама запэўніў, што Беларусь «будзе свята выконваць» усе дамоўленасці, якія ёсць з Індыяй або будуць намечаны ў час цяперашняга візіту дзяржаўнага міністра па пытаннях абароны.

У сваю чаргу Маліпудзі Мангапаці Палам Раджа адзначыў, што Індыя надае вялікае значэнне адносінам з Беларуссю, паколькі яны прайшлі праверку часам. Ён адзначыў падабенства поглядаў дзвюх краін на міжнародныя пытанні і падзякаваў Беларусі за падтрымку Індыі. «Вашы візіты ў 1997 і 2007 гадах сапраўды ўмацавалі беларуска‑індыйскія адносіны», — сказаў індыйскі госць, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі.

Маліпудзі Мангапаці Палам Раджа таксама дадаў, што двухбаковыя сувязі былі ўзмоцнены ў выніку візіту міністра замежных спраў Індыі ў Беларусь. Ён высока ацаніў тэхнічныя і тэхналагічныя магчымасці Беларусі. Гаворачы аб ваенна‑тэхнічным узаемадзеянні дзвюх краін, таксама адзначыў, што яно паспяхова рухаецца наперад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?