Фота: Government of Yukon
Палеантолагі знайшлі грызуна ў залатых капальнях Кландайка яшчэ ў 2018 годзе, але пакажуць публіцы толькі цяпер.
Астанкі арктычнага сусліка будуць выстаўленыя ў Навуковым цэнтры Yukon Beringia Interpretive Centre ў Уайтхорсе, які павінен адкрыцца пасля рэканструкцыі гэтай вясной.
Суслік быў упершыню выяўлены работнікам шахты Хестэр-крык недалёка ад Доўсан-Сіці.
Шахцёры рэгулярна знаходзяць косці і акамянеласці ледніковага перыяду ў гэтым рэгіёне. Самыя цікавыя знаходкі апошніх гадоў — муміфікаванае ваўчаня і маманцяня.
Арктычныя суслікі (Arctic ground squirrel), якія да гэтага часу распаўсюджаныя на Юконе, робяць падземныя гнёзды для зімоўкі. Гнёзды Ледавіковага перыяду рэгулярна знаходзяць захаванымі ў вечнай мерзлаце Кландайка.
Аднак цела грызуна — асабліва каштоўная знаходка, кажа палеантолаг Грант Зазула.
Суслікі — цікавы від для вывучэння, паколькі яны выжылі на Юконе пасля Ледніковага перыяду, у адрозненне ад мамантаў ці многіх іншых жывёл.
«Жывёлы, якія жывуць тут сёння, на самай справе даволі цягавітыя, таму што ім давялося перажыць шматлікія змены ў мінулым.
Так што гэта вельмі важны ўрок, каб падумаць пра тое, як будучыя змены клімату паўплываюць на гэтых жывёл», — дадае палеантолаг.
Некаторыя косткі муміфікаваных жывёл з часам губляюць кальцый, з-за чаго рэнтгенаўскія здымкі атрымліваюцца менш выразнымі.
З суслікам такой праблемы не было — рэнтген выразна паказаў цвёрдую касцяную структуру.
«Мы ўбачылі, што ён быў у выдатным стане і проста скруціўся абаранкам, як быццам спаў», — сказала ветэрынар Джэс Хіт.
Рэнтгенаўскі здымак паказаў, што гэта быў малады суслік, які мог памерці ў першы год зімовай спячкі. Аднак што яго забіла — пакуль незразумела.
Чытайце таксама:
Выйшлі са спячкі гэтыя сімпатычныя жывёлінкі
На Палессі пабачылі першых буслоў, што прыляцелі з выраю. Сёлета яны вярнуліся раней, чым звычайна