Падчас нарады, прысвечанай ушанаванню памяці ахвяраў розных рэжымаў на Беларусі, пазнаёміўся з Вацлавам Нямковічам.

Вацлаў Нямковіч з 1929 года, родам з Браслаўшчыны — з вёскі Гаўрыцы. У 1939 годзе яму было дзесяць гадоў, і дзень 17‑га верасня яму запомніўся добра. У ягоную вёску апоўдні ўкаціўся чырвоназорны танк. Людзі высыпалі на вуліцу, каб падзівіцца на гэты самаходны панцыр. Усе чакалі, калі адкінецца танкавае вечка‑люк і з яго пакажацца постаць вызвольніка. І от нарэшце высунуўся няйначай камандзір танка. У шлеме. Уладарна агледзеўся вакол і прывітаў усіх. Люд яшчэ больш зашумеў, ажывіўся.

І што крэпка запомнілася — прывітаць вызвольнікаў прыляцелі і тутэйшыя актывісты‑камуністы. Прыйшлі з чырвонымі стужкамі‑павязкамі на рукавах. Танкіст‑вызвольнік і сказаў: «Бачу, у некаторых з вас на рукавах чырвоныя стужкі. Сёння гэтыя стужкі ў вас на рукавах, а заўтра можа так стацца, што іх вам павяжуць на шыю!..»

Мо не ўсе тады зразумелі гэтую рэпліку. А мяне яна вельмі ўразіла. Ды так, што помніцца, як бачыце, да гэтае пары. Дык і напраўду, пасля верасня 1939 года на нядаўна вызваленай Заходняй Беларусі ўсяго было… І арышты, і ссылкі, і муштры…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?