Некаторыя з пенсіянераў, якія пратэставалі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, былі вымушаны пакінуць краіну. Фота: AP

Некаторыя з пенсіянераў, якія пратэставалі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, былі вымушаны пакінуць краіну. Фота: AP

Беларускія пенсіянеры, якія знаходзяцца ў эміграцыі па палітычных матывах, часта аказваюцца ў складаным фінансавым становішчы і губляюць пенсію, на якую працавалі ўсё жыццё. Па словах Вольгі Гарбуновай, прадстаўніцы сацыяльнай палітыкі Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святланы Ціханоўскай, пакуль сістэмнага рашэння гэтай праблемы няма. 

Беларусам прапануюць звяртацца ў мясцовыя арганізацыі ў краінах пражывання, якія дапамагаюць уразлівым групам насельніцтва.

«Калі ёсць хоць трохі здароўя, забяспечыць сябе можна»

«Пенсію, натуральна, я не магу атрымліваць. Для гэтага трэба прыехаць (у Беларусь. — Рэд.) і напісаць даверанасць (на атрыманне пенсіі даверанай асобай. — Рэд.). Што нерэальна ў маіх умовах, бо я ўжо два разы ў турме пабывала. Трэці раз не хочацца», — дзеліцца 63-гадовая Ала.

Яе некалькі разоў затрымлівалі ў Беларусі за ўдзел у пратэсных маршах пенсіянераў у 2020 годзе. У СІЗА на Акрэсціна ў яе здарыўся сардэчны прыступ, там жа яна заразілася каранавірусам. Баючыся крымінальнага пераследу, Ала з'ехала з Беларусі і вось ужо амаль два гады знаходзіцца ў цэнтры для бежанцаў у Бельгіі.

Асноўная цяжкасць, па словах суразмоўцы, у тым, што даводзіцца дзяліць пакой з яшчэ пяццю жанчынамі, у астатнім беларуску ўсё задавальняе: «Медабслугоўванне ў нас цалкам бясплатна, як і ўсе лекі. Мне нядаўна рабілі аперацыю, Чырвоны Крыж усё аплаціў». 

Таксама Ала атрымлівае 8 еўра ў дзень на ежу і сродкі гігіены. Пенсіянерка амаль з нуля вучыць французскую мову, каб у будучыні працаўладкавацца ў Бельгіі.

«Працу тут знайсці можна, і калі ёсць хоць трохі здароўя, забяспечыць сябе таксама можна», — не губляе аптымізму беларуска. 

«Дзякуй нямецкаму ўраду»

«Гэта немагчыма (атрымліваць беларускую пенсію, знаходзячыся за мяжой. — Рэд.). Перавесці нельга, прыязджай — атрымлівай, але атрымаеш адразу турму», — адзначае 73-гадовы актывіст, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ян Дзяржаўцаў. 

У Беларусі ён не раз сутыкаўся з пераследам з боку ўладаў, атрымліваў штрафы і адміністрацыйныя арышты. А ў сакавіку 2023 года быў вымушаны экстранна пакінуць краіну.

Дзяржаўцаў восем месяцаў правёў у лагерах для бежанцаў у Германіі: «У асноўным там была моладзь з Блізкага Усходу, з Афрыкі. У пакоі па 8-10 чалавек, вядома, цяжка з адпачынкам».

Нядаўна беларускі пенсіянер атрымаў у ФРГ статус уцекача. Цяпер здымае невялікі пакой, які аплачвае дзяржава, атрымлівае сацыяльную дапамогу, таксама ў яго ёсць медстрахоўка. 

«Дзякуй нямецкаму ўраду і народу за тое, што прымаюць, дапамагаюць у такіх складаных абставінах, у якіх знаходзяцца людзі, вымушаныя эміграваць. Мы ведаем, што адбываецца ў Беларусі, колькі людзей сядзіць у турмах, колькі пакутуе. У мяне цяпер, можна сказаць, добра склалася», — кажа Дзяржаўцаў. І дадае, што цяпер спадзяецца на ўз'яднанне з жонкай. 

«Калі б перастаў працаваць, як жыць?»

Былы клірык Свята-Міхайлаўскага прыходу Мінска, сябра Каардынацыйнай рады апазіцыі 66-гадовы Аляксандр Шрамко нядаўна стаў атрымліваць сваю беларускую пенсію, пражываючы ў Літве.

Са слоў суразмоўцы, справа нават не ў грошах — у пенсіянераў у Літве ёсць шэраг ільгот, у тым ліку наяўнасць медстрахоўкі.

«Я працую яшчэ, плачу падаткі, для мяне гэта (пенсія з РБ. — Рэд.) цяпер не актуальна. Але калі б перастаў працаваць, як жыць, як хадзіць у паліклініку? Пенсіянер мае медыцынскую страхоўку, за якую звычайнаму чалавеку, калі ён не працуе, трэба кожны месяц плаціць 60 з лішнім еўра», — тлумачыць Шрамко. 

Яму для пераводу ў Літву ягонай беларускай пенсіі спатрэбілася ўсяго толькі напісаць заяву ў літоўскі Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання( Sodra), супрацоўнікі якога «па сваіх каналах перадаюць гэтую заяву ў Беларусь».

У пераліку ў Шрамко выходзіць 144 еўра. Ён адзначае, што такая пенсія невялікая нават па беларускіх мерках, таму што святарам, як правіла, прызначаюць мінімальны афіцыйны заробак, каб царкве даводзілася менш плаціць падаткаў. 

У гэтай сувязі Шрамко адзначае, што ў Літве «таксама не вельмі вялікія пенсіі», але, вядома, больш, чым у Беларусі: «Калі тут менш за тысячу еўра атрымліваеш, не ведаю, як і жыць. Улічваючы, што ўсе мы прыехалі і здымаем кватэры. Зразумела, што трэба нейкім чынам круціцца».

Цяпер пенсіянер жыве ў Літве з сям'ёй сваёй дачкі і працягвае працаваць. 

Беларусы могуць атрымліваць пенсію ў Літве і Польшчы

Пенсію, заробленую ў Беларусі, яе грамадзяне, якія пражываюць за мяжой, могуць атрымліваць толькі ў тых краінах, з якімі ў Мінска ёсць адпаведныя міжнародныя дамоўленасці, адзначаюць юрысты сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі legalhub.help. Такія пагадненні ў Мінска ёсць на дадзены момант з васьмю дзяржавамі.

Дамова аб сацыяльным забеспячэнні, да прыкладу, у Беларусі заключаны з Літвой.

Звярнуцца па аднаўленне выплаты беларускай пенсіі можна ў літоўскі Дзяржаўны фонд сацстрахавання (Sodra) пасля атрымання дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне ў гэтай краіне альбо «іншага падобнага дакумента».

Акрамя таго, грамадзянін РБ, у якога дастаткова стажу для прызначэння беларускай пенсіі, можа атрымаць яе, нават калі такое права «паўстане падчас пражывання ў Літве», паказваюць у legalhub.help.

Між тым беларусы, якія дасягнулі польскага пенсійнага ўзросту (60 гадоў для жанчын і 65 — для мужчын) могуць атрымліваць пенсію ў Польшчы, калі іх агульны працоўны стаж у РБ і ў Польшчы быў не менш за дваццаць гадоў, і ў іх меліся хоць бы мінімальныя адлічэнні ў польскае ўпраўленне сацстрахавання.

Калі гэтыя тры ўмовы выконваюцца, а памер атрыманай беларускай пенсіі ніжэйшы за польскі мінімальны, то розніцу кампенсуюць улады Польшчы.

Як атрымаць пенсію за паўгода наперад

Але для гэтага яшчэ неабходна, каб былі залічаны перыяды страхавання ў Беларусі. «І вось менавіта з гэтага моманту ў беларускіх пенсіянераў у Польшчы і пачынаюцца праблемы.

У Польшчы працоўны стаж лічыцца ў гадзінах, у Беларусі — у днях, і ў момант узаемадзеяння паміж інстытуцыямі (дзвюх краін. — Рэд.) праблемы і ўзнікаюць.

Беларусь не адказвае ў той форме, якая патрэбная Польшчы», — тлумачаць юрысты з legalhub.help.

У краінах, з якімі ў Беларусі няма двухбаковых дамоваў аб сацзабеспячэнні, адзінае, на што могуць разлічваць беларусы, — перад ад'ездам за мяжу атрымаць пенсію за шэсць месяцаў наперад. Але каб скарыстацца такой магчымасцю, трэба, удакладняюць юрысты з legalhub.help, прызначэнне пенсіі да выезду на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, а сам выезд на ПМЖ за мяжу спатрэбіцца аформіць афіцыйна, атрымаўшы пашпарт адпаведнай серыі.

Чытайце таксама:

Міністарка працы агучыла, якой будзе пенсія ў наступным месяцы

З Латвіі выслалі 82-гадовага вайсковага пенсіянера, які працаваў на Расію

Пенсіянерка з Бразіліі захапілася футболам у 91 год

З агнём і вадою. Глядзіце, якім рытуалам праводзілі на пенсію ратавальніка пасля 20 гадоў працы

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
13
Абуральна
8