Аўтар відэа пакінуў велізарную прастору для фантазій каментатараў, паказаўшы толькі канкрэтнае месца здарэння. Астатнія абставіны, якія прывялі да таго, што машына апынулася ў дарожнай пастцы, удалося даведацца ўжо толькі з тлумачэнняў удзельнікаў і відавочцаў падзей, у таксама афіцыйных каментароў мясцовых чыноўнікаў.

Нягледзячы на ўражлівыя кадры, многія гледачы ў каментарах не былі здзіўлены ўбачаным, заявіўшы, што «на Лясных ніколі не было добрай дарогі, гадоў з 30 так дакладна».

«Легендарная яма, дзед пра яе расказваў», — напісаў адзін з каментатараў.

«Нічога дзіўнага, як рабілі, на столькі і хапіла!», — заявіў іншы.

Некаторых здзівіла толькі тое, што кіроўца не змог своечасова заўважыць такую велізарную яміну і на свой страх ды рызыку паспрабаваў яе пераадолець. Аднак у каментарах відавочцы растлумачылі, што кіроўца проста стаў закладнікам збегу абставін: сам інцыдэнт адбыўся ў цемрадзі, калі «бачная была толькі лужына на палову вуліцы», а самой ямы з-за вады было не відаць.

Пра тое, што ў гэтым месцы вымыла пясок, а асфальт праваліўся, кіроўца даведаўся толькі пастфактум.

Аказалася, што ў гэтым месцы прарвала трубу вадаправода. Пра гэта раённаму выданню «Маладзечанская газета» расказаў намеснік дырэктара мясцовага водаканала.

«1 лютага ў 22:40 ад жыхароў вуліцы Някрасава паступіла інфармацыя, што з-пад зямлі б'е фантан. Брыгада работнікаў нашай арганізацыі аператыўна выехала на месца, ацаніла сітуацыю і адразу ж прыступіла да працы. У асфальтавым пакрыцці ўтварылася расколіна, адкуль і біла вада. Спецыялісты водаканала перакрылі найбліжэйшы калодзеж, а небяспечнае для грамадзян і аўтамабіляў месца абгарадзілі папераджальнай стужкай. Работы вяліся ўсю ноч», — расказаў чыноўнік абставіны камунальнай аварыі.

Дарэчы, сам кіроўца ў выніку інцыдэнту не пацярпеў, а аўтамабіль выехаў з ямы сваім ходам. Падачу вады камунальныя службы аднавілі на наступны дзень.

На месцы размытага асфальту супрацоўнікі водаканала падсыпалі пяску, а калі ён усядзецца, паабяцалі «зрабіць падсыпку паўторна пры неабходнасці». Калі ж заменяць размыты асфальт, там не ўдакладнілі.

Чытайце таксама:

У Ждановіцкім сельсавеце выявілі шаленства. Хворая казуля прыйшла на падворак — з ёй кантактавалі і людзі, і жывёлы

«Это не гетто, это Воложин — и этот город из стали и бетона сложен». А вы чулі рэп пра розныя беларускія гарады?

У мінскім Уруччы вечарам прарвала трубаправод

У Брэсце машына таксі вылецела ў канаву з вадой

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5