Адначасова са святкаваннем другой куццi 14 студзеня Праваслаўная Царква адзначае святое Васiлле — дзень смерцi аднаго з заснавальнiкаў хрысцiянскага руху, стваральнiка шматлiкiх манастыроў Васiля Вялiкага Кесарыйскага.

У народнай свядомасцi склалася так, што святы Васiль пачаў лiчыцца ахоўнiкам свiней. У сувязi з гэтым свята атрымала назву «свiнога», а традыцыя патрабавала прынесцi ў гэты дзень святому ахоўнiку ахвяру — «кесарыйскае» парася. Яно i было самым галоўным кампанентам абрадавай ежы першага дня старога Новага года. Акрамя таго гаспадынi выпякалi ў гэты дзень печыва ў выглядзе фiгурак кароў, свiней i авечак.

Свiнагадоўля сярод беларусаў займала хоць i не вядучае, але i далёка не апошняе месца ў гаспадарчай дзейнасцi. Пра гэта сведчыць цэлая сiстэма спецыяльных ведаў, якая ахоплiвае разнастайныя спектры жывёлагадоўлi.

Пра тое, якой будзе гаспадарка, клапацiлiся яшчэ да таго моманту, як купляць маладняк. У народным асяродку iснавала меркаванне, што дабрабыт падворка цалкам залежыць ад важнага касмiчнага фактара — фазы Месяца, падчас якой адбывалася закладка хлява. Спрыяльным лiчыўся растучы Месяц («маладзiк») i асаблiва час напярэдаднi поўнага Месяца. Першы вянец новабудоўлi вязалi менавiта ў гэтыя днi, каб у хляве заўсёды было шмат свойскай жывёлы.

Існавала павер’е: калi хоць бы ў адзiн вянец хлява пакласцi бервяно са старога млына, то свiннi будуць весцiся пастаянна.

Каб у гаспадарцы добра вялася жывёла, неабходна было задобрыць гаспадара падворка i хлява — хлеўнiка. На тым месцы, дзе будуць дзверы, абавязкова закопвалi ахвяраваннi: рогi, капыты, косткi свойскай жывёлы. У Столiнскiм раёне хлеўнiку ў якасцi ахвяры рабiлi незвычайны падарунак — чарапаху.

Каб свойская жывёла добра набiрала вагу, гаспадынi iмкнулiся на ўсе каляндарныя i сямейныя святы наразаць сала, каўбасы i смажанiну вялiкiмi кавалкамi.

Знаўцы жывёлагадоўлi раяць для працягу племенi пакiдаць таго парсюка, у якога хвост трымаецца уверх, а вось для развядзення парсюкоў у хатнiх умовах абiралi свiнню з васьмю саскамi.

Вельмi непажаданым лiчыўся продаж тых парсючкоў, якiя з’явiлiся на свет у першым прыплодзе.

У першыя тры днi нi ў якiм разе нельга пералiчваць народжаных парсючкоў, паказваючы на iх пальцам. У адваротным выпадку яны ўсе памруць.

У этнаграфiчнай лiтаратуры можна знайсцi парады, якiя датычацца вызначэння найбольш прыдатнага часу для забiвання свiней. Калi свiнню рэзаць на новы Месяц, сала будзе белым, калi ж на «стары», яно пажоўкне.

Нi ў якiм выпадку нельга забiваць свiней у той дзень, на якi прыпадалi апошнiя Пакровы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?