Фота: суполка «Дорожный инспектор» / vk.com

Фота: суполка «Дорожный инспектор» / vk.com

Накіроўваўся ў парк, але не даехаў

Інцыдэнт у Пецярбургу адбыўся раніцай 1 красавіка. Па папярэдняй інфармацыі, трамвай загарэўся праз кароткае замыканне. Два з трох вагонаў амаль цалкам выгарэлі.

Пацярпелых няма, незадоўга да ўзгарання пасажыраў высадзілі на прыпынку, трамвай накіроўваўся ў парк.

Навіны пра ўзгаранне грамадскага транспарту беларускай вытворчасці ў Санкт-Пецярбургу з'яўляюцца рэгулярна. Праўда, гараць звычайна не трамваі, а аўтобусы.

Самара. Загараецца амаль новая тэхніка

Аднак нядаўні выпадак з беларускім трамваем не адзіны. Так, напрыклад, у лістападзе 2023 года ў Самары загарэўся новы трамвай БКМ Т811. Тады экспертыза паказала, што прычынай пажару стаў канструктыўны недахоп, які прывёў да кароткага замыкання ў электрычнай сістэме і ўзгарання праводкі і абшыўкі вагона.

Фота: 63.ru

Фота: 63.ru

Усяго «Белкамунмаш» мусіў паставіць у гэты расійскі горад 12 вагонаў. Пры гэтым самарскія заказчыкі скардзіліся не толькі на якасць беларускай тэхнікі, але і на зрывы тэрмінаў паставак. Днямі стала вядома, што ў Самары збіраюцца патрабаваць няўстойку за зрыў пастаўкі трамваяў з Беларусі, бо частку трамваяў, якія мусілі быць пастаўленыя яшчэ летась, горад атрымаў толькі вясною гэтага года.

У сакавіку ў каментарыі выданню «КП-Самара» дырэктар трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення Міхаіл Яфрэмаў паведаміў, што на гэты момант у іх распараджэнні 11 новых трамваяў БКМ. Але на лініі штодня, па словах Яфрэмава, працуюць толькі 5-6 вагонаў.

Спачатку прычынай прастою былі багі ў праграмным забеспячэнні, бо трамвай мог проста ўстаць пасярод маршруту з-за непаладак у электроніцы. Цяпер усё часцей здараюцца механічныя паломкі ў хадавой частцы.

«Цяпер рыхтуецца прэтэнзія, каб спагнаць няўстойку з пастаўшчыкоў вагонаў за парушэнне ўмоў кантракту», — заявіў Міхаіл Яфрэмаў.

Барнаул. Паломкі падчас абкаткі і зноў затрымкі з пастаўкамі

Яшчэ адзін горад, куды пастаўляюцца беларускія трамваі, — Барнаул. Без інцыдэнтаў не абышлося. Яшчэ падчас абкаткі адзін з навюткіх трамваяў выйшаў з ладу. У вагона перагарэў пантограф — прылада перадачы току да рухавіка.

Тэрміны пастаўкі вагонаў у Барнаул таксама былі парушаныя. Кантракт на пастаўку новых вагонаў «Белкамунмаш» заключыў у 2021 годзе. Згодна з ім, усе трамваі павінны былі прыехаць у Барнаул вясной 2023 года. Аднак тэрміны ссунуліся. Толькі ў лістападзе 2023 года ўсе 10 вагонаў дабраліся да Барнаула.

Прычынай назвалі ўскладненне эканамічнай і лагістычнай сітуацыі.

Ніжні Ноўгарад. Вагон загарэўся падчас абкаткі

У пачатку сакавіка 2024 года новы трамвай «Мінін» загарэўся ў Ніжнім Ноўгарадзе падчас тэставых выпрабаванняў. Прычынай узгарання назвалі перагрэў тармазных рэастатаў.

Трамваі «Мінін» збіраюцца на расійска-беларускім прадпрыемстве «Ніжэкатранс» у Ворсме. Адкрыццё вытворчасці трамваяў адбылося ў снежні 2022 года. Вагоны «Мінін» збіраюць на платформе мадэлі Т811 ад БKM.

Узгаранне трамваяў у Расіі — даволі распаўсюджаная з'ява. Гараць не толькі вагоны беларускай вытворчасці. Неафіцыйнай «сталіцай спаленых трамваяў» называюць Казань. Там трамваі гараць рэгулярна. У 2019 годзе ў сталіцы Татарстана згарэлі два трамваі беларускай вытворчасці.

Чытайце таксама:

Чаму ў Пецярбургу масава гараць новыя аўтобусы МАЗ? Наступствы санкцый

Клас
4
Панылы сорам
17
Ха-ха
23
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5