Аляксандр Кулініч, падпалкоўнік у адстаўцы, абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі і памерлы ў СІЗА Брэста. Фота: асабісты архіў мужчыны

Аляксандр Кулініч, падпалкоўнік у адстаўцы, абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі і памерлы ў СІЗА Брэста. Фота: асабісты архіў мужчыны

«Калі б не СІЗА, усё было б у парадку»

Сын Аляксандра Кулініча, 28-гадовы Мікіта, ужо некалькі гадоў жыве за мяжой. З Беларусі ён з’ехаў яшчэ да падзей 2020 года. Але заставаўся ў цесным кантакце з бацькам і астатняй сям’ёй. Ад сям'і малады чалавек якраз і даведаўся пра смерць таты.

«Ён памёр у ноч з 8 на 9 красавіка, — адрывіста кажа малады чалавек (размова з журналістам даецца яму цяжка). — Як гэта адбылося — ніхто не разумее. Наколькі я ведаю, ён проста не прачнуўся раніцай. Мабыць, гэта здарылася ў камеры».

Сябар Аляксандра Сяргей (імя змененае) кажа, што ў затрыманага былі праблемы з сэрцам. Пра іх мужчына даведаўся два гады таму.

«У яго ўвесь час быў высокі ціск, — тлумачыць Сяргей. — Я пра гэтую праблему ведаў, хоць Аляксандр нават не ўсім блізкім пра яе расказваў. Трэба было рабіць аперацыю, але ён трохі пабойваўся. Я пераконваў, што баяцца не варта, але ён прыводзіў прыклад аднаго з нашых знаёмых, які памёр праз некалькі месяцаў пасля такой аперацыі. Таму Аляксандр шмат часу бавіў у вёсцы на свежым паветры. Упэўнены, што знаходжанне ў СІЗА абвастрыла яго праблемы — гэта ж моцныя перажыванні, вялікі стрэс. Калі б не гэта, то ўсё было б у парадку».

Мікіта кажа, што сям'і ўдавалася рабіць медыцынскія перадачы, патрэбныя бацьку для падтрымання здароўя.

«Яму перадавалі лекі, рабілі кардыяграму сэрца, за ім сачылі. У СІЗА бацьку даглядалі, і ўсё было добра», — мяркуе ён.

«Яго затрымалі таму, што ў Беларусі расце ўзровень рэпрэсій»

Пра затрыманне падпалкоўніка ў адстаўцы суразмоўцам «Люстэрка» стала вядома ад яго блізкіх у Беларусі. Здарылася гэта 29 лютага ў вёсцы Дорагава Карэліцкага раёна.

Ужо 1 сакавіка відэа з мужчынам з’явілася ў адным з тэлеграм-каналаў, набліжаных да сілавікоў. Праўда, у ім былі кадры затрымання са шматкватэрнага дома.

«Відэа са штурмам кватэры — гэта нешта не тое, — тлумачыць Мікіта. — Тату затрымалі ў вёсцы, дзе ён жыў апошнім часам. Там нарадзіліся яго бацька і дзядуля».

Сяргей таксама кажа, што ягонага сябра затрымлівалі ў Дорагаве, а відэа штурму, якое апублікавалі сілавікі, відавочна не адтуль і на ім — не Аляксандр.

Кадр нібыта затрымання Аляксандра Кулініча. Блізкія кажуць, што на фота не ён. Скрыншот відэа сілавікоў

Кадр нібыта затрымання Аляксандра Кулініча. Блізкія кажуць, што на фота не ён. Скрыншот відэа сілавікоў

Далей на відэа сам Аляксандр кажа, што яго затрымалі «за каментары ў інтэрнэце». «У адным з акаўнтаў я напісаў пад выступам прэзідэнта «скот», — патлумачыў мужчына. Мікіта кажа, што каментары ў інтэрнэце бацька пакідаў даўно.

«Наколькі я ведаю, гэта былі каментары ў Telegram, нібыта ў іх была абраза Лукашэнкі. Гэтыя каментары бацька напісаў у 2020−2021 гадах, калі ў Беларусі былі актыўныя пратэсты», — кажа малады чалавек.

Чаму Аляксандра затрымалі менавіта цяпер, праз тры гады пасля падзей 2020-га, яго сын не ведае. Лічыць, што нейкай канкрэтнай нагоды не было.

«Думаю, у сувязі з блізкімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі расце ўзровень рэпрэсій, — разважае мужчына. — Бацька ў цэлым ніколі не быў медыйнай ці публічнай асобай, але заўсёды меў цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, якая выяўлялася ў любові да сваёй краіны і радзімы і поўнай нянавісці да дзейнага рэжыму як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі».

Аляксандр Кулініч. Фота: асабісты архіў мужчыны

Аляксандр Кулініч. Фота: асабісты архіў мужчыны

«Падышоў да камандзіра байцоў, і тыя прапусцілі пратэстоўцаў»

Аляксандр — кадравы вайсковец. Вучыўся ў Вайсковай акадэміі Беларусі, а потым — у расійскай Вайсковай акадэміі імя Фрунзе. Пасля гэтага вярнуўся ў Брэст і пайшоў у 38-ю асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую Брэсцкую брыгаду ПДВ. Там служыў да 2009 года, адтуль сышоў у званні падпалкоўніка.

«Апошнім часам ён займаўся сваім невялікім бізнэсам — быў зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам. Падрабязнасцяў ягонай справы я не ведаю, мы не асабліва абмяркоўвалі гэта, але бацька расказваў, што прадаваў харчовыя дабаўкі для выпечкі хлеба і пячэння, якія былі патрэбныя для дадатковай карысці гэтай прадукцыі», — расказвае Мікіта.

Сяргей кажа, што Аляксандр ужо даўно прытрымліваўся прадэмакратычных перакананняў. У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах у Брэсце.

«Асабліва актыўна гэта было ў першыя суткі пасля выбараў, — успамінае сябар нябожчыка. — Была сітуацыя, калі АМАП загнаў людзей на ачапленне, у якім стаялі байцы 38-й брыгады, дзе доўгі час служыў Аляксандр. Ён падышоў да камандзіра, пагаварыў, і ў выніку тыя прапусцілі пратэстоўцаў. Я ведаю гэта з ягоных словаў, не думаю, што ён бы хлусіў пра гэта».

Перасякаўся на пратэстах Аляксандр і са сваім былым калегам — цяперашнім прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыем Сахашчыкам. Нагадаем, той таксама служыў у 38-й брыгадзе ў Брэсце. Сяргей кажа, што блізкімі сябрамі Кулініч і Сахашчык не былі, але ён адгукаўся пра свайго саслужыўца вельмі станоўча: лічыў яго выдатным афіцэрам, сапраўдным дэсантнікам і чалавекам з вялікай літары.

«Апошні раз яны бачыліся ў 2020 годзе падчас пратэстаў. Сустрэліся выпадкова, Аляксандр першым падышоў да Сахашчыка, спытаў, ці пазнаў той яго. Пазнаў, адразу ж назваў яго імя, прозвішча і званне, — успамінае сябар Аляксандра. — Саша расказваў, што тады нейкім чынам удалося дамовіцца з сілавікамі, і яны адпусцілі затрыманых пратэстоўцаў у Брэсце».

«Хацеў, каб Беларусь была свабоднай»

Мікіта адзначае, што ягоны бацька, як сапраўдны патрыёт Беларусі, моцна перажываў праз напад Расіі на Украіну. За падзеямі ў гэтай краіне ён сачыў з 2014 года, калі адбылася анексія Крыма і пачаліся баявыя дзеянні на Данбасе.

Аляксандр Кулініч. Фота: асабісты архіў мужчыны

Аляксандр Кулініч. Фота: асабісты архіў мужчыны

«Тое, што адбылося 24 лютага 2022 года, бацька ўспрыняў у адпаведнасці са сваёй пазіцыяй наконт падзей у Беларусі, — тлумачыць малады чалавек. — Для яго гэта было шокам. Ён вельмі любіў Украіну, часта ездзіў туды на адпачынак».

Тое самае кажа і Сяргей. Па словах мужчыны, Аляксандр шмат ездзіў у Закарпацце, там у яго былі добрыя сябры.

«Праз вайну ў яго была нянавісць да Расійскай Федэрацыі, абсалютна жывая і неўдаваная, — прызнаецца мужчына. — Мы абмяркоўвалі з ім тое, што Расія чыніць ва Украіне. Не буду пераказваць — у яго словах было вельмі шмат мацюкоў з гэтай нагоды».

Перажываў Аляксандр і за тое, што адбываецца ў яго роднай краіне ў апошнія гады. Ягоны сын кажа, што бацька марыў пра свабодную Беларусь:

«Ён быў цудоўным чалавекам і жадаў нашай краіне і нашым людзям быць свабоднымі, жыць свабодна. Гэта, мабыць, самае кароткае і ёмістае, што я магу сказаць пра майго бацьку. Ён хацеў, каб Беларусь была свабоднай. І за гэтую свабоду ён загінуў».

Чытайце таксама:

Сахашчык пра памерлага ў брэсцкім СІЗА: Служылі разам 30 гадоў таму

«Беларусь была і будзе жыць». За якія каментары і як затрымлівалі Аляксандра Кулініча, які памёр у брэсцкім СІЗА

«Вясна»: Аляксандр Кулініч не быў прызнаны палітвязнем, але гэта няважна

У брэсцкім СІЗА памёр абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі падпалкоўнік-дэсантнік

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
70
Абуральна
9