Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Амерыканец Том Рыплі — герой шаноўнага ўзросту: у 2025-м споўніцца 70 гадоў з выпуску першай кнігі пра яго, «Таленавітага містара Рыплі». Ён выйшаў з-пад пяра Патрыцыі Хайсміт, пісьменніцы, якая пазней выдала яшчэ чатыры кнігі пра Тома.

Хайсміт была чалавекам складаным. Жанчына з наскрозь траўматычным дзяцінствам, яна знаходзіла суцяшэнне ў алкаголі, котках і сотнях смаўжоў, што жылі ў яе дома. І героя яна стварыла складанага: Рыплі хоць і злодзей, але персанаж абаяльны, ветлівы, адукаваны і таварыскі, што не перашкаджае яму быць забойцам і псіхапатам. Мо праз такую складанасць і прывабнасць Рыплі пашчасціла на кінаўвасабленні — у розны час яго гралі, да прыкладу, Ален Дэлон, Мэт Дэйман і Джон Малкавіч. 

У новым серыяле «Рыплі» (Ripley) ад Netflix Тома ўвасобіў ірландзец Эндру Скот, і гэта небанальны выбар. Скот — не тыповы прыгажун накшталт Дэлона ці Дэймана, але ён сабаку з’еў на ролях абаяльных злачынцаў, якім яшчэ і спачуваць пачнеш падчас прагляду. Памятаеце яго прыцягальнага Марыярці з серыяла «Шэрлак» — таго самага, з Бенедыктам Камбербэтчам? У «Рыплі» Скот узяў на сябе яшчэ і працу прадзюсара. 

Мы знаёмімся з Томам Рыплі, калі ён яшчэ малады хлопец. Гэта канец 50-х, і Рыплі пакутуе ад безграшоўя, але не губляе надзеі прабіцца ў жыцці. Ён сустракае багатага фінансіста Герберта Грынліфа, і мужчына прымае Тома за сябра свайго сына Дзікі (Рычарда) — насамрэч яны ледзьве знаёмыя. Дзікі з’ехаў падарожнічаць у Еўропу, і Грынліф адпраўляе Тома за ім, а заадно дае Тому на час падарожжа поўную фінансавую свабоду.

Для Рыплі гэта шанс пажыць багата, і іншага можа не прадставіцца. Дзікі не хоча вяртацца ў Штаты, і выглядае, што Рыплі праваліў заданне, але як жа расстацца з такім шыкоўным жыццём? І на што гатовы Том, каб гэтага не рабіць?

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Калі жадаеце ад «Рыплі» драйву і гумару «Шэрлака», можаце расчаравацца. Гэты серыял цягучы і павольны, але ад гэтага не менш смачны — крымінальная гісторыя ў стылі нуар, якія цяпер сустрэнеш нячаста, ды і выкананая дасканальна. І ўсё гэта пад выдатны стылёвы саўндтрэк, што сумяшчае і сучаснікаў нуару накшталт Роя Орбісана, і варыяцыі опернай музыкі. Але ж саўндтрэкам тут не надакучаюць — галоўны тут не ён, а сама гісторыя.

Серыял мінімалістычны і ў гуку, і ў візуале: Том, Дзікі і яго сяброўка Мардж сярод геаметрыі італьянскіх будынкаў, карцін і пейзажаў. Вас чакае чорна-белая карцінка, і ў такім фармаце Італія Тома і Дзікі не падобная да выявы з турыстычнай паштоўкі.

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Атмасферу Неапаля не знішчыць, але ж у каманды Стывена Зэліяна, аскараноснага рэжысёра «Рыплі» і сцэнарыста легендарнага «Спісу Шындлера», гэты горад з яго голымі белымі сценамі ператварыўся ў ідэальную пляцоўку для нуарнага дэтэктыва. Як можа нешта настолькі жывое, як італьянская Рыўера, пасаваць для гэтага? І нават змрочны візуальны стыль серыяла будзе ледзь не самым прыгожым, што вы бачылі за апошні час — падзякуем за гэта выдатнаму аператару Роберту Элсвіту, яшчэ аднаму ўладальніку «Оскара» ў камандзе серыяла.

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

Кадр з трэйлера

«Рыплі» — гэта гісторыя пра саспенс. У пачатку нічога не сведчыць пра тое, чым скончыцца падарожжа Тома ў Італію, але ж крок за крокам раскрываецца сапраўдны характар Рыплі. Вось ён адмаўляецца пакінуць Дзікі, вось апранае яго адзенне, а вось мы чамусьці чуем, што Дзікі баіцца вады. І што за цела ў пачатку серыяла валакуць па лесвіцы?

А яшчэ гэта вельмі хічкокаўская гісторыя — праз саспенс, але не толькі. Мо найвядомейшы эпізод стужак Альфрэда Хічкока — сцэна з фільма «Псіха», дзе гераіня Джанет Лі мыецца ў душы, але раптам з-за фіранкі з’яўляецца рука з нажом, і гераіня страшна крычыць (што будзе далей, лепш глядзець у арыгінале). За падобнай шторкай у серыяле мы бачым і Рыплі, і для яго гэта таксама эпізод, поўны жаху.

Не глядзіце «Рыплі», калі вам хочацца хуткага кіно з бойкамі і пагонямі або лёгкага сіткому на вечар, для гэтага хапае іншых серыялаў. Але не прапусціце «Рыплі», калі вам важныя эстэтыка, псіхалагізм і інтэлектуальнасць у кіно. У свеце сіквэлаў ды супергерояў гэты серыял — падарунак.

Чытайце таксама:

Выйшаў серыял «Задача трох целаў» па творах найвядомейшага фантаста сучаснасці. Што ў ім?

Серыял «Рэжым»: Кейт Уінслет у ролі звар’яцелага дэспата

10 новых серыялаў, якія выйдуць вясной

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?