Фота: thefinancialexpress.com.bd

Фота: thefinancialexpress.com.bd

Самалійскія піраты вызвалілі судна MV Abdullah і 23 члены экіпажу пасля таго, як атрымалі выкуп 5 мільёнаў даляраў, піша Бі-бі-сі.

Грузавое судна, якое ходзіць пад сцягам Бангладэш, было захоплена ля ўзбярэжжа Самалі месяц таму, калі перавозіла вугаль з Мазамбіка ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

«Мы праверылі сапраўднасць купюр, падзялілі іх і сышлі», — цытуе Reuters аднаго з піратаў Абдзірашыда Юсуфа.

AFP піша са спасылкай на жонку капітана MV Abdullah Махамеда Абдур Рашыда, што грошы скінулі з паветра ў трох мяшках, пасля чаго 65 піратаў пакінулі судна на дзевяці лодках.

Уладальнік MV Abdullah, кампанія KSRM Group, заявіла, што судна і экіпаж былі вызваленыя пасля перамоваў.

«Мы заключылі здзелку з піратамі, — сказаў AFP прадстаўнік кампаніі Мізанул Іслам, адмовіўшыся казаць аб суме выкупу. — Усе члены экіпажа знаходзяцца ў бяспецы».

Пасля вызвалення судна адправілася ў ААЭ ў суправаджэнні двух ваенных караблёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
6