Расійскі комплекс, які Тэгеран купляў спецыяльна для абароны ад паветраных нападаў, аказаўся неэфектыўны, сказалі высокапастаўленыя крыніцы з ліку амерыканскіх вайскоўцаў журналістцы Fox News Джэніфер Грыфін, піша «Агенцтва».

Ізраіль атакаваў Іран раніцай у пятніцу. Спадарожнікавыя здымкі з месца ўдару па авіябазе ў Ісфахане прааналізавалі журналісты The New York Times. На фота відаць, што Ізраілю ўдалося пашкодзіць радыёлакацыйную станцыю, якую комплекс С-300 выкарыстоўвае для адсочвання цэляў. Гэта, як адзначае газета, найважнейшая частка сістэмы СПА.

Для нападу выкарыстоўваліся ракеты і беспілотнікі, якія былі накіраваныя спецыяльна на сістэму СПА, распавялі Грыфін крыніцы. «Гэта было пасланне іранцам: «Мы можам дацягнуцца да вас». Расейскія сістэмы СПА аказаліся неэфектыўнымі», — піша яна са спасылкай на суразмоўцаў.

Тэгеран купляў сістэмы С-300, каб прадухіляць удары Ізраіля, ЗША ці краін Персідскага заліва па цэлях у Іране, гаворыцца на сайце праекту «Ракетная пагроза» амерыканскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў.

Сістэмы С-300 былі разгорнуты ў Іране ў 2019 годзе. Іран выкарыстоўвае іх для абароны ў тым ліку ядзерных аб'ектаў. Такія аб'екты ёсць і побач з базай у Ісфахане, па якой быў нанесены ўдар.

Пасля пастаўкі С-300 Тэгеран праяўляе цікавасць да пакупкі больш сучасных сістэм С-400. Некаторыя мадыфікацыі гэтых сістэм здольныя збіваць стэлс-знішчальнікі. У 2023 годзе іранская дэлегацыя ў Расіі нават наведала экскурсію па заводзе, які вырабляе С-400, пісала The Washington Post.

У апошнія гады, у тым ліку і з-за вайны ва Украіне, Расія губляе сваю долю на сусветным рынку ўзбраенняў. За 2019-2023 гады экспарт зброі з краіны ўпаў на 53% у параўнанні з 2014-2018 гадамі, вынікае з даклада Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI).

Да 2023 Расія апусцілася на трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу экспарцёраў, прапусціўшы наперад Францыю.

Чытайце таксама:

Ізраіль нанёс удар у адказ па Іране. Сціплы

Ізраіль рыхтуе адказ на іранскую атаку. Пяць магчымых сцэнарыяў дзеянняў у адказ

label.reaction.like
16
label.reaction.facepalm
1
label.reaction.smile
13
label.reaction.omg
1
label.reaction.sad
2
label.reaction.anger
1