Кумыс

Як сведчаць знаходкі брытанскіх археолагаў, прыручэнне коней адбылося каля 5,5 тыс. гадоў таму на тэрыторыі цяперашняга Паўночнага Казахстана. Коней выкарыстоўвалі як для перамяшчэння па стэпавых прасторах, так і ў якасці крыніцы харчавання. Кабылінае малако не толькі пілі дарослыя, але давалі яго і дзецям.

Натуральнае малако кабылы па сваім складзе блізкае да жаночага. Калі верыць паданню, то стэпавыя амазонкі не кармілі сваіх дзяцей грудзьмі. На думку старажытных грэкаў, іх немаўляты харчаваліся кумысам.

Малако кабыл — карысны прадукт, але з-за высокага ўтрымання лактозы сырое кабыліна малако моцна разладжвае страўнік. Таму старажытныя качэўнікі, перш чым даць гэты напой дзецям, падвяргалі яго закісанню. Падчас ферментацыі адмысловы складнік змешвалі або збівалі з малаком, як збіваюць сметанковае масла.

Сёння кумыс атрымліваюць шляхам сквашвання малака малочнакіслымі бактэрыямі і дрожджамі, якія сінтэзуюць вітаміны групы С і В, утвараюць алкаголь, багата вылучаюць вуглекіслаты. У выніку атрымліваецца шыпучы асвяжальны напой.

Карысць для здароўя

Дзякуючы наяўнасці алкаголю, вуглекіслаты і малочнай кіслаты кумыс узбуджае дзейнасць страўнікавых залоз і паляпшае страваванне.

Антыбіятычныя рэчывы кумысу, якія ўтвараюць мікраарганізмы закваскі, падвышаюць імунітэт, а малочнакіслыя бактэрыі ствараюць спрыяльную для арганізма мікрафлору кішэчніка і душаць гніласныя працэсы ў арганізме.

Кумыс здольны да некаторай ступені замяшчаць саляную кіслату пры яе недахопе ў страўнікавым соку, шырока выкарыстоўваецца пры лячэнні пэўных формаў туберкулёзу.

Хуткі эфект дае ўжыванне кумысу пры парушэннях вітамінавага, мінеральнага, бялковага і вугляводнага абмену, калітах, панкрэатытах, гепатытах, халецыстытах, дызентэрыі, брушным тыфе, паратыфе. Добрыя вынікі кумысалячэнне дае пры гастрытах, язвах страўніка.

Да таго ж кумыс дабратворна ўплывае на нервовую сістэму, склад крыві, адносна хутка здымае пахмельны сіндром за кошт высокага ўтрымання вітамінаў групы B, малочнай кіслаты і вуглекіслаты, але перш за ўсё этылавага спірту, прымяняецца пры лячэнні гнойных ран.

Таксама кумыс дапамагае пры слабым тургоры скуры, высыпцы, псарыязе, сонечных апёках, пры занядужанні і слабасці ў пажылым узросце, пры занятках спортам.

Вядома, што гатаваць кумыс пачалі яшчэ старажытныя качэўнікі казахскіх і мангольскіх стэпаў. Першая згадка пра кумыс змешчана ў працах Герадота — 484—424 гады да н.э. Апісваючы побыт скіфаў, ён распавядаў, што тыя гатавалі адмысловы напой шляхам збівання кабылінага малака ў глыбокіх драўляных кадках.

кумыс

Апісанне кумысу можна сустрэць і ў старажытнарускім летапісе — Іпацьеўскім спісе. Падрабязнае апісанне кумысу пакінуў французскі манах і місіянер Гіём дэ Рубрук. Расказваючы пра сваю вандроўку ў Татарыю ў 1253 годзе, ён упершыню падрабязна апісаў працэс гатавання, смак і дзеянне кумысу.

Vinum Lactis — «млечнае віно» — так у тыя часы звалі кумыс. Яго захоўвалі ў скураных ёмістасцях — вялікіх (саба) і меншых (торсык). Перавага скураных ёмістасцяў у іх зручнасці пры качавым жыцці.

Усе гэтыя карысныя ўласцівасці старажытнага напою не маглі не ўзяць на ўзбраенне медыкі. На аснове лекавых уласцівасцяў кумысу была распрацаваная цэлая сістэма аздараўлення — кумысалячэнне (кумысатэрапія).

Сэнс лячэння зводзіцца да дазаванага ўжывання кумысу па індывідуальным раскладзе ў спалучэнні з клімататэрапіяй на спецыяльна абсталяваных курортах.

Так, у сярэдзіне XIX стагоддзя на тэрыторыі былой Расійскай імперыі сталі ўзнікаць кумысалячэбніцы — у Самарскай губерні, у Башкірыі, Татарстане і іншых раёнах.

Кумысалячэбніца ў Дуброўне

Выкарыстанне кумысу ў лекавых мэтах на тэрыторыі сучаснай Беларусі вядома яшчэ з канца XVIII стагоддзя. У асноўным гэтым займаліся татары. У XIX стагоддзі кумыс прадаваўся ў малочных крамах Віцебска, Магілёва, Вільні і іншых гарадоў.

Дуброўна

З 1870 па 1888 гады шырокавядомай была кумысалячэбніца ў мястэчку Дуброўна Горацкага павета. Цяпер Дуброўна — раённы цэнтр у Віцебскай вобласці. У 1869 годзе ўладальнік аптэкі, правізар Ф. К. Рэйнгольд прадставіў у медыцынскі дэпартамент апісанне спосабу прыгатавання кумысу з малака кабыл мясцовай пароды. Ён быў зацверджаны, пасля чаго выдадзены дазвол на яго выкарыстанне з медыцынскімі мэтамі па прызначэнні дактароў.

У маі наступнага года кумысалячэбная ўстанова была адкрыта, але спачатку пацыентаў было мала. Працу абцяжарвала тое, што складана было наладзіць штодзённае бесперапыннае атрыманне малака. Выявілася, што кабылы мясцовай пароды перастаюць даваць малако, як толькі ад іх адлучаюць жарабя. Каб такога не здаралася, трэба было хоць раз на суткі дапускаць жарабя да маткі. Другая перашкода была ў тым, што мясцовыя жанчыны спачатку адмаўляліся даіць кабыліц, бо лічылі гэта за грэх. Але з цягам часу з такімі праблемамі ўдалося справіцца.

У маі 1882 года ўстанова адкрылася зноў і дзейнічала да 1 верасня. У шэрагу газет былі змешчаныя аб’явы. Летам ужо прыехала 42 пацыенты. З Санкт-Пецярбургскай вайскова-медыцынскай акадэміі запрасілі доктара Касцюрына, які спецыялізаваўся на вывучэнні ўздзеяння кумысу на здаровы і хворы арганізмы. Было закуплена яшчэ 50 кабыл з жарабятамі, а на наступны год яшчэ 25. У князя Любамірскага ў арэнду ўзялі лугі, дзе іх і пасвілі. Для захоўвання кумысу закупілі вялізную колькасць шклянога посуду.

Даілі кабыл на пашы, а малако адразу ж улівалі ў вялізныя бутлі аб’ёмам з вядро. Там жа ў яго дадавалі брадзіла — бутэльку раней прыгатаванага кумысу. Увечары ўсё везлі ў лабараторыю, там працэджвалі і разлівалі па звычайных бутэльках. Ужо на наступны дзень кумыс быў гатовы.

У 1883 годзе прыехала 107 пацыентаў: 68 жанчын і 39 мужчын. У наступныя гады было нават да 200 хворых. Тут лячылі хваробы лёгкіх, страўніка, малакроўе. Курс лячэння складаў 6 тыдняў і абыходзіўся ў цэлым больш за 70 рублёў. Расход кумысу на чалавека ў сярэднім складаў 150 бутэлек.

Кожны хворы выпіваў штодня тры бутэлькі, а некаторыя і больш. Кумыс спецыяльна рабілі і для вывазу, асабліва для тых хворых, якія па нейкіх абставінах вымушаныя былі перапыняць стацыянарнае лячэнне. Кошт бутэлькі кумысу складаў 30 капеек, што значна менш у параўнанні з іншымі падобнымі ўстановамі.

У Дуброўне ў тыя часы не было гатэляў, але мясцовыя жыхары маглі выставіць у арэнду да 300 кватэр коштам ад 6 да 20 рублёў за месяц. Спіс кватэр давалі пацыентам.

Да выбару кватэр яны маглі часова скарыстацца жытлом пры лячэбніцы. Тут жа гатавалі ежу, якую па заказах дастаўлялі па знятых кватэрах. Пад 12 гадзінаў рабілі сняданак з дзвюх мясных страў, а пад 18.00 абед з трох страў. Харчаванне ад лячэбніцы абыходзілася 18 рублёў.

Для прагулак служылі берагі Дняпра, два фруктовыя сады заснавальніка ўстановы і парк князя Любамірскага. Акрамя таго, былі зробленыя некаторыя прыстасаванні для гімнастыкі і купальня на Дняпры.

У 1888 годзе на часовае пражыванне ў свой палац прыехала сям’я князя, і ён не здаў лячэбніцы ў арэнду сваіх лугоў і парк. Яго сямейнікі пабаяліся хворых на сухоты. Таму неўзабаве Рэйнгольд вымушаны быў закрыць лячэбніцу.

Санаторый «Над-Нёман» — кумысалячэбніца Наркевіча-Ёдкі

Крыху пазней, у 1892 годзе, вядомы прыродазнаўца, вынаходнік і медык Якуб Наркевіч-Ёдка (1847 — 1905) на беразе Нёмана, насупраць мястэчка Пясочнае, цяпер Капыльскі раён, у сваім маёнтку Наднёман, сёння на тэрыторыі Уздзенскага раёна, адкрыў санаторый для лячэння сухотных і нервовых хвароб.

кумысалячэбніца Наркевіча-Ёдкі

Для лячэння ён выкарыстоўваў новы бескантактны метад электратэрапіі, які ўвайшоў у медыцыну як «метад Ёдкі».

Адным з кірункаў дзейнасці было лячэнне сухотаў кумысам. Гэтая лячэбная база размяшчалася ў светлым хваёвым бары і налічвала 12 асобных гасцявых лецішчаў з мэбляй. У санаторыі быў цэлы штат супрацоўнікаў, і медыцынскую дапамогу мог атрымаць любы чалавек незалежна ад маёмаснага і сацыяльнага стану. Сюды ехалі лячыцца не толькі з бліжэйшых мясцін, але і з усёй Еўропы.

Кумыс гатавалі непасрэдна на месцы, у сядзібе, пад наглядам лекара. Для гэтага былі заведзеныя 8 непрацоўных кабыл, а для даення запрасілі дасведчаную жанчыну з Башкірыі. Ёй было адведзена працоўнае месца ў левай частцы ўязной брамы, дзе яна гатавала і прадавала кумыс.

Працаваў санаторый з мая па верасень. За адзін сезон тут прадавалі каля 3 тысяч бутэлек кумысу. Яшчэ 2 тысячы бутэлек бясплатна раздавалі мясцовым сялянам.

Аздараўленне тут праводзілася ў асноўным з выкарыстаннем прыродных фактараў. Лячэнне заключалася ў шырокім прымяненні святло– і паветратэрапіі, гімнастыкі, кумыса-кефіралячэння, выкарыстанні мясцовых мінеральных вод.

Пярліна Латгаліі — санаторый «Межцыемс»

Варта яшчэ ўзгадаць і курорт ва ўрочышчы Пагулянка на беразе Дзвіны каля горада Дзвінска, цяпер Даўгаўпілс, на тэрыторыі Латвіі непадалёк ад мяжы з Беларуссю. У пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя граф Іван Плятэр-Зіберг пачаў будаваць у Пагулянцы лякарню і ўпарадкоўваць навакольную тэрыторыю.

Будынак санаторыя ў Дзвінску

Курорт пад назвай «Межцыемс» адкрыўся ўлетку 1883 года. Там была водалячэбніца і кумысалячэбніца. У стайні санаторыя для вытворчасці кумысу ўтрымлівалі 90 кабыл. Існавалі два пансіёны і 70 дамкоў, якія здавалі мясцовыя жыхары. Тут лячылі органы дыхання, падагру, рэўматызм і жаночыя хваробы. Жыхары паўночна-заходняй часткі сучаснай Беларусі ездзілі туды на лячэнне.

Установа з перапынкамі працавала да Другой сусветнай вайны, падчас якой лякарня згарэла. Пацыентаў тут лячылі сернымі, вуглякіслымі, іглічнымі, хваёвымі ваннамі і душам Шарко. У пераліку паслуг значыліся вібрацыйны масаж і горнае сонца.

Дзе сёння пакаштаваць кумыс у Беларусі? 

Сёння вытворчасцю кумысу ў Беларусі прафесійна займаецца конеферма кампаніі БелКумысПрам, якая знаходзіцца за 60 км ад Мінска ў вёсцы Грамніцы Лагойскага раёна. На конеферме сабрана ўнікальнае пагалоўе племянных цяжкавозных коней. Кабылы прызначаныя выключна для малочнай вытворчасці.

Табун кабыліц

За суткі кабыла доіцца 5 разоў. Дойка адной кабылы доўжыцца не больш за 2 хвіліны. За адну дойку можна атрымаць да 1,5 літра кабылінага малака. У дзень ферма можа атрымаць не больш за 1500 літраў малака. Цэльнае кабыліна малако пастэрызуецца пры тэмпературы 78°С.

БелКумысПрам самастойна арганізуе туры па заводзе кожную суботу з 12-й гадзіны па папярэднім запісе. Падчас экскурсіі можна даведацца пра каштоўнасць кабылінага малака для арганізма, пакаштаваць яго і набыць сабе сувенірную прадукцыю, у тым ліку і само малако.

На прадпрыемстве зроблена ўсё, каб малако было высокай якасці. Таму гэта адназначна цікавае месца для наведвання, у тым ліку і для тых, хто хоча пакаштаваць прадукт на смак.

Чытайце таксама:

Адпачынак на прыродзе. Топ-5 маляўнічых месцаў у Беларусі, дзе варта пабываць гэтай вясной

«Федзя на маёй памяці быў вельмі старой белай сухарэбрынай»

Памятаеце пра скандал вакол пародзістых коней у Асвеі? Аказалася, іх незаконна прадалі ў Расію

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1