Новыя ўражанні не толькі ад новых краін

Каб паехаць у іншую краіну, у вас павінен быць хоць мінімальны, але ўсё ж такі бюджэт з некалькіх сотняў еўра. Калі ўжо ашчаджаць па поўнай, то можна адправіцца ў падарожжа па Беларусі.

Вядома, такая парада выкліча масу скептыцызму, але, паверце, і ў нашай краіне ёсць на што паглядзець. Пры наяўнасці аўтамабіля праедзьцеся ў суседнюю вобласць або ў самыя аддаленыя куткі. На ровары можна дабрацца да раённых славутасцяў, якія дакладна ёсць у вашым рэгіёне. Увогуле, хто шукае, той заўсёды знойдзе.

Не прапускайце карысныя знаёмствы

Суразмоўніца «Моцных навін» Таццяна скончыла гістарычны факультэт БДУ. У студэнцкія гады актыўнічала, з задавальненнем удзельнічала ў розных праграмах ад універсітэта. Адна з іх прадугледжвала абмен студэнтамі. Так яна пазнаёмілася з маладым чалавекам з Францыі — Полем.

Маладзёны доўга перапісваліся, і летам хлопец прыехаў у Беларусь. А Таццяна праз паўгода адправілася да яго з візітам у адказ. Наяўнасць сябра ў Парыжы дазволіла прыстойна ашчадзіць: не прыйшлося шукаць жыллё, абедалі не ў распіяраных кавярнях і рэстаранах, а ва ўтульных установах, дзе можна смачна і бюджэтна паесці.

Сюды ж — культурная праграма: Поль паказаў не турыстычны, а сапраўдны Парыж, правёў па вулках, барахолках, установах, куды звычайна не заглядаюць вандроўнікі, але яны так выдатна перадаюць каларыт і настрой горада.

Пазбягайце «турыстычнага сезону»

У кожнай краіны ёсць свой пікавы сезон: звычайна ў гэты час цэны на жыллё, ежу і экскурсіі самыя высокія. Звярніце ўвагу, калі ў краіне, куды вы збіраецеся, праводзяць нейкія знакавыя мерапрыемствы або нацыянальныя святы. Звычайна ў гэтыя дні нічога не працуе, нумароў у хостэлах і гатэлях не знайсці, а ўстановы забітыя мясцовымі і турыстамі пад завязку.

Так, напрыклад, у лютым у Венецыі праходзіць знакаміты Венецыянскі карнавал, у сакавіку вандроўнікі зноў збіраюцца на карнавал, толькі гэтым разам бразільскі. У красавіку ў Тайландзе адзначаюць Новы год — Сангкран.

Перыяд перад каляднымі і навагоднімі святамі — не найлепшы час для наведвання Еўропы: так, прыгожа, але вельмі дорага.

Разбярыцеся з грашыма

Не палянуецеся і даведайцеся, як лепш расплачвацца ў краіне, куды адпраўляецеся ў адпачынак.

Напрыклад, у Аргенціне існуе «чорны курс», так што больш выгадна аплачваць усё далярамі. У 2023 годзе 100 даляраў па афіцыйным курсе каштавалі 20200 песа, а «па-чорнаму» — 37900 песа. Розніца відавочная. Калі збіраецеся аплачваць пакупкі карткай, то курс будзе афіцыйным. Яшчэ адна асаблівасць: абмяняць валюту па «чорным курсе» ў Аргенціне можна проста на вуліцы, гэта не караецца законам, бо лічыцца прыватнай здзелкай паміж людзьмі.

Але не ва ўсіх краінах так. Напрыклад, у Балгарыі за гэта могуць атрымаць пакаранне як прадавец, так і пакупнік. Увогуле, акуніцеся ў фінансавае пытанне з галавой.

Адпраўляйцеся на рынак

Практычна ў кожнай краіне рынак — гэта асаблівае месца, са сваёй непаўторнай энергетыкай. А яшчэ тут вельмі часта прадаўцы ахвотна даюць паспрабаваць тавар.

Суразмоўцы на сабе праверылі гасціннасць жыхароў Турцыі і Грэцыі: садавіна, сыры, прадукты з мяса. Прайсці некалькі радоў — і можна трохі перакусіць.

Даведайцеся, ці прынята ў краіне, куды вы адпраўляецеся, таргавацца. Калі так — уключаем усё прыроднае абаянне і хітрасць, і таргуемся, як у апошні раз у жыцці. Напрыклад, у Егіпце, калі адразу дастанеце грошы і аддасце прадаўцу, ён можа нават пакрыўдзіцца. А ў Францыі да канца дня цэны на прадукты на рынках зніжаюцца, а прадаўцы і ўвогуле могуць пакласці ў падарунак яблыкі або якую-небудзь гародніну.

Не зусім сумленна, затое эканомна

Так рабіць не раім, але такія ўжо лайфхакі падказалі. У некаторых гатэлях маладым у мядовы месяц могуць зрабіць камплімент у выглядзе бутэлькі алкаголю, дэсерту, бясплатнай вячэры ці ўвогуле павысіць катэгорыю нумара. Звычайна даты ў пашпарце скурпулёзна не правяраюць.

Так раз схітравалі суразмоўцы, якія адпачывалі ў Італіі: справа ішла да вяселля, але на момант падарожжа пара яшчэ не ўзаконіла свае адносіны. Кошт маленькай хітрасці — бутэлька ледзянога шампанскага, клубніцы ў шакаладзе і круасаны на сняданак як прэзент ад гатэля.

Уражанні — задарма

У многіх гарадах ёсць славутасці, на якія можна паглядзець бясплатна: паркі, гістарычныя месцы, помнікі і нават могілкі. Звярніце ўвагу, што некаторыя музеі ладзяць дні, калі прайсціся па іх залах можна бясплатна.

Так, у Парыжы можна пабадзяцца па ўнівермагу Galeries Lafayette, у Барселоне агледзець горад з вышыні птушынага палёту на гары Цібідаба або прагуляцца ў Рыме па раёне Трастэверэ.

Яшчэ адзін лайфхак — адмоўцеся ад платнага гіда. Цяпер у многіх сацыяльных сетках ёсць супольнасці, дзе мясцовыя актывісты гатовыя бязвыплатна (або за сімвалічную плату) правесці аўтарскія экскурсіі.

Здымайце жыллё з кухняй

Нават калі харчавацца ў самых танных кавярнях, усё адно выйдзе даражэй, чым гатаваць самому. Браніруючы жыллё, пераканайцеся, што ў ім будзе кухня, дзе вы зможаце падсмажыць яечню на сняданак ці падагрэць гарнір з мясам на вячэру.

Наталля і Аляксей летась пабывалі ў Санкт-Пецярбургу. Паколькі яны хацелі ашчадзіць на паездцы па максімуму, то падладзілі свой графік пад расклад сяброў, якія ўвесь час там жывуць і з'язджалі на два тыдні на адпачынак. Так маладзёны апынуліся ў іхняй кватэры, за час адсутнасці гаспадароў даглядаючы кветкі і хатняга ўлюбёнца.

Пасля некалькіх дзён пешых падарожжаў па Піцеры яны зразумелі, што снедаць і вячэраць танней дома, чым купляць: прычым, па іх словах, яны не елі ў нейкіх распіяраных установах, а не грэбавалі сеткавымі рэстаранчыкамі.

Жыццё без роўмінгу

Не купляйце мясцовыя сім-карты і не падключайце роўмінг. Лепш даведайцеся, дзе ёсць бясплатны вай-фай (напрыклад, у лобі гатэля, у некаторых кавярнях і гандлёвых цэнтрах). Звязвацца з сябрамі або сваякамі можна па відэасувязі, якая ёсць у многіх месенджарах.

З сабой — толькі самае неабходнае

Калі збіраецеся адпачыць эканомна, то будзьце гатовыя падарожнічаць улегцы. Па-першае, вам не давядзецца даплачваць за багаж. Па-другое, яго не згубяць падчас пералёту. Па-трэцяе, гэта дысцыплінуе: вы дакладна прааналізуеце, што вам сапраўды неабходна ўзяць з сабой замест трэцяй пары басаножак або выпрамляльніка для валасоў.

Яўген у 2018 годзе адправіўся ў Германію аўтастопам. З сабой мог узяць толькі абмежаваную колькасць рэчаў. Такім чынам, прыкладны спіс: камплект цёплай вопраткі (худзі, спартыўныя штаны на байку), некалькі футболак, шорты, запасная пара кедаў, ніжняя бялізна і шкарпэткі, паўэрбанк, лекі, мінімальны касметычны набор у трэвел-версіі (шампунь 3 у 1, зубная паста і шчотка, манікюрныя нажніцы), ручнік, дажджавік, тэрмакубак, грошы і дакументы. Такога аскетычнага набору хапіла для сямідзённага падарожжа.

Адсочвайце зніжкі

Апошнім часам «Белавія» радуе добрымі зніжкамі на квіткі. Яшчэ адзін лайфхак, які дапаможа ашчадзіць на квітках — купляць іх як мага раней.

Калі вы ўключылі рэжым суперэканоміі, то можна адправіцца падарожнічаць аўтастопам. Такі від перамяшчэння вельмі папулярны за мяжой. Прычым ніколі не ведаеш, хто спыніцца цябе падвезці: старэнькая машынка або аўтамабіль класа люкс.

Замест гатэля — начныя пераезды

Калі вы вырашылі падарожнічаць аўтобусным турам, то звярніце ўвагу, што таннейшымі будуць тыя, у якіх ёсць начныя пераезды. Так, спаць у аўтобусе той яшчэ атракцыён, спіна, рукі і ногі таксама вам «дзякуй» не скажуць, але ўражанні ад новай краіны павінны перакрыць усе нязручнасці.

Жыццё — дзіўная штука, таму не адкладайце на потым паездкі туды, дзе даўно хацелі пабываць, бо, як аказалася, калі ўсё распланаваць і падысці з розумам, то суму выдаткаў можна прыстойна зменшыць.

Чытайце таксама:

Дзе пабываць на майскія выхадныя? Незвычайныя лакацыі ёсць ва ўсіх беларускіх абласцях

Беларус ідзе пешшу па Еўропе 2500 кіламетраў — шляхам султана Сулеймана

«Белага чалавека ўспрымаюць як мяшок з грашыма». Беларус едзе праз усю Афрыку на ровары і ўвесь час трапляе ў прыгоды

Блогер Блішч расказаў, як не змог патрапіць у Саудаўскую Аравію, Аман і Курдыстан

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2