Быць шматкультурным горадам — частка ДНК Вільні, якую трэба захоўваць і развіваць,

заявіў міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс падчас сустрэчы Рады міністраў Паўночных краін і міністраў краін Балтыкі са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Вільні. Ажубаліс заўважыў, што

і літоўцы, і беларусы маюць права лічыць гэты горад сваёй сталіцай.

«Я з маленства жыў у Вільні, гуляўся і біўся з дзецьмі розных нацыянальнасцяў — літоўцамі, беларусамі, рускімі, палякамі, украінцамі, яўрэямі. Я лічу,

Вільня належыць не толькі літоўцам, а ўсім названым народам», — заявіў Ажубаліс.

Пасля міністра выступіла былая студэнтка БДУ Таццяна Шапуцька, адлічаная нібыта за непаспяховасць пасля ўдзелу ў Форуме Усходняга партнёрства, а пазней прынятая на дыстанцыйнае навучанне ў ЕГУ. «Я выбрала ЕГУ, бо ён наш, родны, беларускі і пры гэтым дэмакратычны, адсюль нас не выганяць па палітычных прычынах», — сказала яна.

У размове з журналістамі Шапуцька, якая таксама з’яўляецца намесніцай старшыні міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт», заявіла, што ў Вільні хацела б адраджаць беларускую спадчыну. Аднак як студэнтка дыстанцыйнай праграмы 90% часу яна далей збіраецца праводзіць у Беларусі.

Дыскусія са студэнтамі праходзіла ў рамках візіту ў Вільню дэлегацыі Рады міністраў Паўночных краін, якая аказвае ЕГУ фінансавую дапамогу. Было заяўлена пра далейшую падтрымку краінамі Паўночнай Еўропы, а таксама Літвой дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі. Рада выдзеліла ЕГУ 300 тыс. еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?