У завершаным КДБ расследаванні крымінальнай справы ў дачыненні да Святланы Байковай знаходзяцца сенсацыйныя матэрыялы, якія ставяць пад сумнеў законнасць яе крымінальнага пераследу.

Як пішуць «Беларускія навіны», адначасова гэтыя дакументы кампраметуюць супрацоўніка МУС, які ўваходзіў у склад следчай групы па расследаванні гучных карупцыйных злачынстваў на мытнай мяжы Беларусі, якую і ўзначальвала старэйшы следчы па асабліва важных справах Генпракуратуры Байкова.

Гаворка ідзе аб пратаколах праслухоўвання запісаў тэлефонных перамоваў паміж абвінавачваным у стварэнні злачыннай арганізацыі грамадзянінам ФРГ Паўлам Малочкам і афіцэрам міліцыі, які ў публікацыі будзе фігураваць пад псеўданімам «Падпалкоўнік».

«Праслухоўка» была санкцыянаваная пракуратурай і вялася КДБ на працягу двух месяцаў.

Азнаёміўшыся з гэтымі запратакаліраванымі размовамі, адвакат Святланы Байковай Міхаіл Волчак звярнуўся ў Генеральную пракуратуру са скаргай на бяздзейнасць органа, які вядзе крымінальны працэс у дачыненні да яго падабароннай.

У прыватнасці, ён звяртае ўвагу на тое, што «ў матэрыялах злучанай у адной вытворчасці крымінальнай справы № 10068930031, распачатай старшынём КДБ Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнантам Зайцавым В.Ю. у дачыненні да старэйшага следчага Генеральнай пракуратуры, старэйшага саветніка юстыцыі Байковай Святланы Анатольеўны, ёсць дастатковыя дадзеныя, якія паказваюць на прыкметы злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 407 і ч. 3 арт. 424 КК у дзеяннях «Падпалкоўніка».

На думку абаронцы, папярэднім следствам прававая ацэнка супрацьпраўным дзеянням афіцэра міліцыі была не дадзеная наўмысна. Адвакат лічыць, што «Падпалкоўнік», «зблакіраваўшыся з абвінавачваным Малочкам П. У.», выкарыстоўваў свае службовыя паўнамоцтвы на шкоду крымінальным справам, якія расследавала Байкова, чым «фактычна падарваў аўтарытэт органаў унутраных справаў».

«Як старэйшы следчы па асабліва важных справах ГУПР МУС, што ўваходзіў у склад следчай групы пракуратуры Рэспублікі Беларусь, кіраўніком якой была Байкова С.А., — асабліва падкрэслівае ў сваёй скарзе Міхаіл Волчак, — ён меў доступ да матэрыялаў крымінальнай справы, злоўжываў уладай і наўмысна выдаваў дадзеныя дазнання і папярэдняга следства грамадзяніну Германіі Малочку П.У.».

Абаронца следчага Генпракуратуры прыводзіць канкрэтныя прыклады з пратаколаў чэкісцкай «праслухоўкі».

Запіс «праслухоўкі» ад 22.11.2009, 16 гадзін 17 хвілін. Малочка патэлефанаваў «Падпалкоўніку», у гутарцы з якім апошні, зыходзячы з наяўнай у яго інфармацыі па крымінальнай справе, пракансультаваў Малочку, якія трэба даваць тлумачэнні Байковай:

Малочка: Добра, я ёй так буду казаць, што пад трэцюю, яна скажа, што навошта трэцяя, трэба першая, яна сама скажа.

«Падпалкоўнік»: Калі скажа, але лепш ты кажы пра першую, будзе прыгажэй выглядаць.

Малочка: Пачакай, мы пакуль спяшацца не будзем, ты ёй абмалюй, а рабіць ці не рабіць — вось калі так яшчэ пытанне паставіць — скажы…

«Падпалкоўнік»: Стойце спакойна, вас ніхто не пытаўся.

Запіс «праслухоўкі» ад 2.12.2009, 11 гадзін 23 хвіліны. «Падпалкоўнік» дае Малочку рэкамендацыі, як паводзіць сябе з Байковай і якія трэба даць паказанні:

Ты легалізаваўся, абвінавачанне табе прад’яўленае. Дашліце мне справу ў Германію, я адмаўляюся ад сваіх паказанняў, і мне наогул нічога не страшна, так? Калі ты з ёй будзеш цвёрда гаварыць, яна дзесяць разоў падумае.

Запіс «праслухоўкі» ад 8.12.2009. «Падпалкоўнік» інфармуе Малочку і дае яму справаздачу:

«Па Карнею ў нас няма руху, так… І яшчэ нейкі тут „Бі Эль Віраж Трэйдынг“. Ну тут так пайшло 30 штук… Я гляджу, што Карней раней нідзе не фігураваў. Яшчэ тут нейкі „Сан Фаст Труейдынг-2“. Ёсць? Вось чым я і займаўся. Такія вось справы…»

Адвакат Байковай лічыць, што ў дзеяннях афіцэра МУС ёсць прыкметы злачынства, а таму ён просіць Генпракуратуру распачаць крымінальныя справы па ч. 2 арт. 407 («Разгалашэнне дадзеных дазнання, папярэдняга следства або закрытага судовага паседжання») і ч.3 арт. 424 («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі»).

Дзіўныя гульні

Міхаіл Волчак выказаў здзіўленне пазіцыяй КДБ:

— Я больш за сорак гадоў жыцця аддаў служэнню закону, з многім даводзілася ў працы сутыкацца, але тут… Як юрыст я не магу сабе дазволіць ціха абурацца на кухні. Супрацоўнік міліцыі здраджвае інтарэсам службы і працягвае служыць, не ведаю толькі вось, каму? Больш за тое, ён па-ранейшаму ўваходзіць у склад следчай брыгады, якую да арышту ўзначальвала Байкова. У той жа час КДБ, што ведае пра ўчыненае службовае злачынства, нічога не робіць. У нас шараговы грамадзянін за неданясенне аб злачынстве прыцягваецца да крымінальнай адказнасці. А што ў такім выпадку рабіць з супрацоўнікамі праваахоўнай структуры, якія ігнаруюць такія абуральныя факты? Або пакрываюць? Спадзяюся, пракуратура адрэагуе на маю скаргу па законе, а генеральны пракурор Рыгор Васілевіч праінфармуе прэзідэнта аб гэтых дзіўных гульнях.

Нагадаем, Павел Малочка з’яўляецца фігурантам дзвюх крымінальных справаў, у іх ліку і яшчэ не разгледжаная судом так званая «справа Грамовіча» (былога намесніка начальніка УКДБ па Брэсцкай вобласці).

Бізнэсовец абвінавачваецца ў стварэнні злачыннай арганізацыі і ўдзеле ў ёй. Паводле матэрыялаў следства, гэтая група незаконна перамяшчала тавары на многія мільёны даляраў праз беларускую мяжу. Шкода дзяржаве ў выглядзе недаатрыманых мытных плацяжоў перавысіла 30 мільярдаў рублёў.

Паводле высноваў папярэдняга расследавання КДБ, Святлана Байкова незаконна спыніла вышук Малочкі і мела на мэце вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці.

Паводле пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачанай, следчы Генпракуратуры «кансультавала, інфармавала, папярэджвала і г.д." Малочку, каб той пазбег адказнасці. Аднак пратаколы чэкісцкай «праслухоўкі» канкрэтна паказваюць, што гэтым займалася НЕ ЯНА. Вось толькі незразумела, чаму паўгода ў СІЗА КДБ правяла Байкова, якая цяпер рыхтуецца з’явіцца перад судом, а не «Падпалкоўнік», які цесна супрацоўнічаў з фігурантам гучнай справы і «зліваў» яму таямніцы следства?

Шмат цікавага пачулі чэкісты са «шчырых», частых і працяглых тэлефонных гутарак даляравага мільянера і сціплага следчага МУС, на якія ў сваёй скарзе спасылаецца адвакат. Ды толькі высновы «слухачы», падобна, зрабілі алагічныя.

Следчы Генпракуратуры Байкова «напружвала» падследных, каб яны максімальна пакрылі дзяржаве шкоду, нанесеную мытнымі крымінальнымі схемамі. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, пратакол праслухоўвання тэлефонных перамоваў ад 22 снежня 2009.

Малочка: Яна хоча, каб мы 5 млн вярнулі. Я думаю, што да інфарктнага стану яна давядзе людзей хутка.

«Падпалкоўнік»: Ну, гэта значыць прыкінь — 37 млрд на сённяшнія грошы — гэта больш за 10 мільёнаў даляраў, так?

Малочка: 37 мільярдаў — гэта 10 мільёнаў даляраў.

«Падпалкоўнік»: Так, гэта нават больш, гэта мільёнаў пад 12. І яна хоча, каб Клім і Клейман па 3 мільёны даляраў унеслі? Няхай 5, так, вы распішаце 5 на чацвярых па мільёне з лішнім.

Малочка: Так-так.

«Падпалкоўнік»: Дзеля чаго?

Сапраўды, дзеля чаго? Наступны фрагмент гутаркі Naviny.by публікуюць спецыяльна для міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова і генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча.

«Падпалкоўнік»: Гэтыя ж людзі з больш сур’ёзнымі пасадамі, чым Анатольеўна, яна звычайны следчы, яе зжаруць у тры секунды, калі трэба будзе зжэрці.

Малочка: Так, яна проста была выгадная Вову Навумаву. Як Вову прыбралі, так шышкі і пасыпаліся.

«Падпалкоўнік»: Так, хто за яе пойдзе заступацца? Ніхто не пойдзе.

Малочка: Можа, гэты пойдзе. Як яго…

«Падпалкоўнік»: Куляшоў?

Малочка: Не, не Куляшоў.

«Падпалкоўнік»: Васілевіч дакладна не пойдзе.

Малочка: Зам ягоны. Як яго?

«Падпалкоўнік»: Конан?

Малочка: Так.

«Падпалкоўнік»: А чаго ён пойдзе заступацца? Яму скажуць: «Віктар Аляксандравіч, не займайся глупствам. Ты працуеш? Ідзі і працуй спакойна».

Малочка: Ясна.

…Роўна за два месяцы да арышту Святланы Байковай ім ужо ўсё было ясна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?