Пастка зачыняецца. Мы едзем у падземным транспарце,

Бы мышы ў рай ці думкі з голаву на паперу.

Таму, хто стаіць насупраць, ня варта прыдумляць алібі –

Ён сёньня гатовы загінуць, бо сьлепа ў нешта верыць.

Вочы, бязглуздыя вочы, бо сьвету яны ня бачаць,

А толькі сьвятло ў канцы жыцьця ці, традыцыйна, тунэлю.

Вось толькі гэта сьвятло зусім нам не на ўдачу,

Мы ў ім ператворымся ў попел, скуматы бяздушных целаў.

Горад будзе дыміцца навінамі, страхам, плёткамі.

Міліцыя зноў з сабакамі будзе хадзіць па вагонах.

Студэнтаў будуць цягаць зноў па чарзе на допыты,

Кагосьці пасадзяць за тое, што носіць на швэдры Пагоню.

Вочы, бязглуздыя вочы камусьці заўсёды дарэчы.

Як проста ператварыць пісьменьніка ў тэрарыста,

Калі ўсе каналы дзяржаўныя, а іншыя можна адсекчы,

Як закладніку голаў ці студэнту права вучыцца.

Я мушу прачнуцца зранку, калі я яшчэ ня мёртвы,

І выйсьці на двор і мёртвых словам рабіць жывымі,

Бо слова мацней за амон, ППРБ і бомбы.

Слова, што прыйдзе свабода хутка ўжо на Радзіму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0