Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Казулін, які 40-ы дзень галадае ў выпраўленчай калёніі, скаргаў на здароўе і просьбаў пра шпіталізацыю не выказвае, заявіў «Інтэрфаксу» намесьнік начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі Юры Барэнкаў.

Аднак, паводле ягоных словаў, «мэдыкі ацэньваюць ягоны стан як сярэдне цяжкі, блізкі да задавальняльнага, і гатовыя аказаць яму ўвесь комплекс неабходнай мэдычнай дапамогі». Ю.Барэнкаў паведаміў, што «за час галадоўкі А.Казулін страціў каля 20 кг, і яго назіраюцца характэрныя сымптомы працяглай галадоўкі – загусьценьне крыві і пах ацэтону ад цела». Намесьнік начальніка ДВП таксама паінфармаваў, што ў «мінулы панядзелак у выпраўленчую калёнію, дзе адбывае пакараньне А.Казулін, выяжджаў начальнік мэдычнай часткі ДВП МУС Васіль Завадзкі, які агледзеў Казуліна». «А.Казулін пагадзіўся з прымяненьнем да яго мэтадаў інтэнсіўнай тэрапіі ў выпадку страты прытомнасьці», – паведаміў Ю.Барэнкаў.

Ён таксама паведаміў, што «А.Казуліна штодня аглядаюць мэдыкі, яны не адмаўляюцца ад лябараторных досьледаў ягонага арганізму».

«На выпадак неабходнасьці ў выпраўленчай калёніі ёсьць глюкоза для ўнутрывеннага ўвядзеньня. бялок. Калі паўстане неабходнасьць, А.Казулін будзе пераведзены ў адну з абласных мэдычных установаў, альбо ў турэмную больніцу ў Менску», – сказаў суразмоўца агенцтва. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што «ніхто прымусова яго карміць ня будзе, гэта забаронена законам».

Ён таксама паінфармаваў, што «А.Казуліну дазволена часьцей за іншых зьняволеных прымаць душ, што ёсьць адным з асноўных правілаў працяглага галаданьня. апроч таго, ён практычна ўвесь сьветлы час сутак знаходзіцца на сьвежым паветры ў спэцыяльна адведзеным месцы на тэрыторыі калёніі і не працуе».

АФН

У суботу палітыку і былому рэктару БДУ споўніўся 51 год. Адміністрацыя калёніі дазволіла яму сустрэцца з жонкай і дачкой, але з умовай угаварыць яго спыніць галадоўку, – расказала «Камсамолцы» жонка палітыка Ірына Казуліна.

У свой дзень народзінаў Казулін пачаставаў сакамэрнікаў «вядром гарбаты» і цукеркамі. Гэты пачастунак спадар Аляксандар купіў у турэмным шапіку. З дому Казулін атрымаў падарунак: сямейны альбом з фатаграфіямі жонкі, дачок і ўнука за час, які прайшоў ад дня яго зьняволеньня.

А яшчэ жонка прывезла яму ваду з гаючай крыніцы, аўсяны кісель, зеляніну і яблыкі. За ваду палітык падзякаваў. але выходзіць з галадоўкі адмовіўся.

Паводле «Комсомольской правды»в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0