Нацыянальны банк Беларусі прапаноўвае банкам «прыняць неадкладныя захады па стварэнні спрыяльных умоў для падтрымання даверу кліентаў і контрагентаў да банкаўскага сектара»,

у тым ліку за кошт падтрымання станоўчых рэальных працэнтных ставак па дэпазітах у беларускіх рублях, захавання магчымасцяў укладчыкаў бесперашкодна распараджацца сваімі грашовымі сродкамі ў валюце ўкладу. Пра гэта было заяўлена на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка, якое адбылося 28 красавіка ў вёсцы Гарадзец Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка, «у сувязі з павелічэннем колькасці зваротаў грамадзян была звернута ўвага банкаў на неабходнасць павышэння іх сацыяльнай ролі і адказнасці. Некаторымі банкамі не вядзецца належным чынам растлумачальная работа па выкананні грамадзянамі дагаворных абавязацельстваў».

Як зазначалася на пасяджэнні, нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы, адбылося пагаршэнне фінансава-эканамічных паказчыкаў краіны: паскораны рост у студзені-сакавіку значэння індэксу спажывецкіх цэн, адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, які абумовіў зніжэнне міжнародных рэзервовых актываў у нацыянальным вылічэнні на 0,9 млрд. долараў і ў міжнародным вылічэнні — на 1,27 млрд. долараў.

Для прадухілення далейшага развіцця негатыўных тэндэнцый у грашова-крэдытнай сферы, у тым ліку ўціску на курс беларускага рубля, Нацбанкам былі прынятыя меры па больш жорсткай грашова-крэдытнай палітыцы, а таксама шэраг аператыўных мер часовага характару, сярод якіх скіраваныя на павышэннем стаўкі рэфінансавання і ставак па інструментах.

Для захавання золатавалютных рэзерваў Нацбанкам і ўрадам быў прыняты «шэраг паслядоўных рэгулюючых крокаў, скіраваных на змяненне ўмоў функцыянавання ўнутранага валютнага рынку і зніжэнне попыту на інвалюту з боку суб’ектаў гаспадарання і насельніцтва, а таксама павышэння канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту».

Найважнейшай задачай урада і Нацбанка з’яўляецца нарошчванне дзяржаўных золатавалютных рэзерваў, набліжэнне іх да ўзроўню, які адпавядае трохмесячнаму імпарту.

Як падкрэсліваюць у Нацбанку, у мэтах стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку і стварэння ўмоў для нарошчвання міжнародных рэзервовых актываў «будзе працягвацца жорсткая манетарная палітыка».

У межах працэнтнай палітыкі Нацбанк, з улікам дынамікі інфляцыйных працэсаў, плануе рэалізацыю мер, скіраваных на падтрыманне працэнтных ставак у рэальным выражэнні на станоўчым узроўні, якія садзейнічалі б фарміраванню зберажэнняў у нацыянальнай валюце і фарміраванню адэкватных актываў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?