Жудасная навіна для праўдзівых эстэтаў ды сапраўдных мэляманаў — праект «Саша і Сірожа» вяртаецца. Эпатажныя героі, упадабаныя народам за «чоткі» гумар ды буйную непасрэднасьць, на гэты раз рушылі скараць прасторы Інтэрнэту.

«Незалежнае сатырычнае антытэлебачаньне, якое вяшчае за мяжою дазволенага» — так завецца новы праект Аляксея Хацкевіча і Сяргея Міхалка (гэтыя ж — Саша і Сірожа), які стартаваў на адрэсе sa-si.tv.

Традыцыйнае бадай пытаньне, чым жа выславёныя жартаўнікі зьбіраюцца зьдзіўляць сваіх прыхільнікаў, тут недарэчы — Саша і Сірожа ўжо самі па сабе адное толькі зьдзіўленьне. Іхныя вядомыя «Калыханкі», музычныя відэакліпы, мульцікі, навіны адмысловага прадстаўленьня не патрабуюць. А вось пра тое, што Саша і Сірожа бліжэйшым часам чакаюць папаўненьня, бадай, варта сказаць.

— Мы хочам прыцягнуць да праекту новых людзей, — патлумачыў Аляксей Хацкевіч. — Кожны таленавіты, я нават не збаюся гэтага слова, геніяльны чалавек можа паспрабаваць тут свае сілы. Так што, чакаем.

Пасьля абвяшчэньня конкурсу «Алё, мы шукаем талентаў!» можна пагаварыць і аб прыемным. Саша і Сірожа клятвенна абяцаюць, што іхнае тэлебачаньне будзе абсалютна не такое, якім мы яго звыкліся бачыць. Зрэшты, таму яно і завецца «антытэлебачаньне».

— Тое, што цяпер паказваюць ТВ, глядзець немагчыма: адныя крывавыя стралялкі ды дэбільны Петрасян, — кажа Аляксей Хацкевіч. — У нас гэтага ня будзе. Як, зрэшты, і палітыкі. Дзіўная заканамернасьць: усе, хто сьмяецца над палітыкай, кепска сканчаюць. У любой краіне.

Ну, пра нежаданьне жартаваць на гэтую тэму Саша і Сірожа гаварылі даўно, як і пра тое, што ніколі ня будуць чапаць у сваіх жартах сэксуальных пытаньняў. «Мы ніколі не мацюкаемся, ня кажам непатрэбшчыны, не размаўляем пра сэксуальныя зносіны, пра палітыку — гэтыя тэмы мы самі закрылі», — неаднакроць паўтаралі яны. Але з тае пары, відаць, нештачка зьмянілася. Можа, Саша і Сірожа пра эротыку па‑ранейшаму і не размаўляюць, але вось пяюць і паказваюць з асалодай.

— Ды дзе вы ў нас там бачылі такое? — зьдзівіўся на заўвагу Аляксей.

Я паспрабавала нагадаць суразмоўцу пра іхны кліп «Філя» з пародыяй на Кіркорава. Як мне падавалася, дзеўкі, якія танчылі пад матыў «У Філіпа малінькая піпа» і былі прыкрытыя незаўважнымі стрынгамі, мелі некаторае дачыненьне да эратычнае тэмы.

— А, гэта! — узгадаў нарэшце Аляксей. — Ды гэта толькі адзін кліп. Я ўжо і забыўся.

Зрэшты, Саша і Сірожа жартуюць пра многае, толькі хутка забываюцца.

Я на ўсякае ўсё пацікавілася ў Хацкевіча, каму яшчэ з айчынных і ня вельмі музыкаў чакаць у бліжэйшым часе падобных сюрпрызаў?

— Пакуль не скажу, але Паліны Смолавай там дакладна ня будзе!

— Чаго?

— А хто гэта? Філю, прынамсі, за мяжой хоць нехта ведае, — заўважыў Аляксей і сьціпла дадаў: — Мы арыентуемся на сусьветны ровень. Нас жа па ўсёй зямной кулі глядзецьмуць.

Фота з сайту sa-si.tv

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?