Фрэнд у Фэйсбуку падзяліўся найцікавым відэарэпартажам двух журналістаў з Хабараўскага краю на Далёкім усходзе Расіі. У ім распавядаецца, што КНДР мае сакрэтныя працоўныя лагеры на тэрыторыі Расіі, на якіх сіламі амаль бясплатнай паўночнакарэйскай рабочай сілы вядзецца нарыхтоўка лесу для экспарту. У працоўных лагерах створаныя маленькія выспачкі КНДР, усталяваныя цалкам паўночнакарэйскія парадкі з татальным кантролем і палітапрацоўкай рабочых. Вельмі цікава (збольшага на англійскай мове):

Увогуле, паўночнакарэйскі рэжым выклікае, канечне, нейкае гіпнатычнае захапленне. Урад КНДР апошні ў ХХІ стагоддзі пяшчотна захоўвае непаўторную цэласную злавесную таталітарную эстэтыку, не горш за гітлераўскі рэжым у Нямеччыне, за савецкі рэжым у СССР.

Пасля Другой сусветнай вайны японцы па-майстэрску скапіявалі, а потым шматкроць развілі і па-свойму ўдасканалілі амерыканскае кіно і поп-культуру. Іх суседзі

паўночныя карэйцы, здаецца, гэтаксама скапіявалі эстэтыку сталінскага СССР, муміфікавалі яе і дазволілі ёй дажыць да сённяшніх дзён у нейкім гіпертрафаваным і абсалютна фантасмагарычным выглядзе.

КНДР — гэта не гніючы крывадушны рэжым Кастра на Кубе, які ўжо пачаў адчыняць пасярод свайго «сацыялістычныя выраю» турыстычныя зоны з пяцізоркавымі сучаснымі «буржуйскімі» гатэлямі. Гэта пагатоў не Кітай ці Віетнам, якія негалосна ператварыліся ў даволі паспяховыя капіталістычныя краіны. КНДР — унікальны працяг сацыялістычнага эксперымента ў яго чыстай форме, дзе час спыніўся ці то трыццаць, ці то пяцьдзясят гадоў таму.

Сацыялізм — гэта ідэалогія, паводле якой дзяржава і бюракраты прымаюць рашэнні замест простых людзей.
Грунтуецца яна на сістэме каштоўнасцяў, паводле якой людзі і іх дзейнасць могуць разглядацца як інструмент для дасягнення нейкай вызначанай і агучанай бюракратам узвышанай мэты (напрыклад, зраўняйлаўкі людзей у даходах незалежна ад іхнае працы).

У сваім абсалютным уцелаўленні

сацыялізм імкнецца да пабудовы краіны як цэласнай сістэмы, дзе ўсё прадугледжана і ўсё займае сваё вызначанае чыноўнікамі месца. Ідэальную сацыялістычную дзяржаву можна параўнаць з дасканалалым і завершаным мастацкім творам, дзе фарбы і формы рукою мастака прыведзеныя ў статычны стан абсалютнай і канчатковай прыгожай гармоніі.
Рэжым Кімаў у КНДР, дыктатуры Гітлера, Мао, бальшавікоў, Мусаліні (а гэта ўсё адназначна левыя па сваёй натуры рэжымы, хай сацыяліст Гітлер ці этатыст Мусаліні і лічацца «правымі») уражаюць сваёй эстэтычнай дасканаласцю, гэтым вобразам, які яны транслявалі і пад які яны імкнуліся пераўтварыць свае краіны.

Нават сацыялістычная дыктатура Пол Пота ў Камбоджы, якая праводзіла прамы генацыд насельніцтва ўласнае краіны, нагадвае сваёй д’ябальскай фантастычнасцю вялікі вычурны мастацкі перформанс. Масавыя забойствы людзей там усё ж мелі своеасаблівую хворую логіку, яны мелі сваю антыўтапічную мэту па ачышчэнню грамадства ад нейкіх «шкодных» яе частак — соцень тысяч і мільёнаў «шкодных» людзей, якія пасмелі сваім розумам ці талентам прыўзняцца над нулевым узроўнем.

Дух, якім напоўненыя парады тысяч аднолькавых людзей ў аднолькавай уніформе, архітэктура, музыка, робіць з гэтых рэчай больш, чым проста прапаганду, больш, чым проста вонкавасць. Саветы 70 гадоў вучылі нас згодна з марскісцка-ленінскім матэрыялізмам, што быццё вызначае свядомасць. Заўважалі яны гэта ці не, але гэтым самым яны менавіта што спрабавалі вызначаць быццё, усеабдымнай прапагандаю ўплываючы на нашыя свядомасць і дух.

Калі мільёны жывых людзей, якія ўсе маюць індывідуальныя густы, думкі і інтарэсы, апыноўваюцца ў якасці гліны ў руках апантанага «мастака»-дыктатара, які імкнецца зляпіць з усіх іх «горад-сад», у якім усім усяго было б пароўну, — гэта рэдка сканчаецца чымсь добрым.

Можна дадаць, што на фоне КНДР ці на фоне ніязаўскага і пост-ніязаўскага Туркменістана неасавецкі рэжым у Беларусі з яго эрзац-ідэалогіяй і безгустоўнай эрзац-эстэтыкай выглядае блякла. Як той няўдачнік з анекдота, які нават на конкурсе няўдачнікаў заняў другое месца — бо няўдачнік. Але магчыма, што гэта і лепей.

Праўда, не варта быць наіўнымі і лічыць, што сацыялісты і аматары бюракратычнай усюдыіснай дзяржавы-апякункі — гэта толькі пра няшчасныя ўчорашнія і сённяшнія еўразійскія дыктатуры.

Заходнееўрапейскія ці амерыканскія чырвоныя і зялёныя (знаёмыя колеры? :) ) левакі — людзі звычайна творчыя, крэатыўныя, спрэс паэты-хіпі, пісьменнікі-постмадэрністы і кабінетныя вучоныя-гуманітарыі,
у адрозненне ад нудных індывідуалістаў — япі, прадпрымальнікаў і іншых кулакоў, што па настрою часцей як раз бліжэй да лібертарыянцаў і кансерватараў.

Усялякія творчыя феміністы і рамантычныя рокеры-эколагі ўмеюць часам маляваць добрыя карціны, пісаць прыгожыя песні і здымаць добрыя фільмы. На прыкладзе расійскай лявацкай суполкі пад назваю «Арт-група(!) «Вайна» мы бачым, што яны не маюць роўных у арганізацыі эфектных і звышпаспяховых палітычных перформансаў.

Але падпускаць сацыял-дэмакратаў і левых лібералаў да кіравання краінаю асабіста я б згадзіўся толькі, калі альтэрнатываю з’яўляецца яшчэ горшае зло. Якое звычайна яшчэ больш левае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?