15 лютага

Інтэрнэт‑кавярні ў кіпцюрах КДБ

Цяпер уладальнік інтэрнэт‑кавярні або ўпаўнаважаная ім асоба абавязаныя весьці журнал дамэнных імёнаў сайтаў, да якіх карыстальнікі атрымлівалі доступ. Журнал павінен захоўвацца ня менш як 12 месяцаў і падавацца пры неабходнасьці супрацоўнікам дзяржбясьпекі, праваахоўным органам і органам дзяржкантролю. Адпаведныя палажэньні зьмешчаныя ў пастанове, якую прыняў беларускі ўрад «у мэтах рэгуляваньня адносінаў у сфэры ажыцьцяўленьня дзейнасьці кампутарных клюбаў і інтэрнэт‑кавярняў».

16 лютага

Саюзу левых партый адмоўлена ў рэгістрацыі

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі Саюзу палітычных партый «Саюз левых партыяў». СЛП закідаюць парушэньне вызначанага парадку стварэння саюза: згодна з дзейным заканадаўствам, дзейнасьць палітычных партыяў, зарэгістраваных у Беларусі, можа распаўсюджвацца толькі на тэрыторыю Беларусі.

Акрамя таго, паводле Міністэрства юстыцыі, правядзеньне канфэрэнцыі ў Чарнігаве суправаджалася неаднаразовымі парушэньнямі заканадаўства.

Амэрыканскіх грамадзянаў дэпартавалі зь Беларусі

Дзесяцёх грамадзянаў ЗША, якіх зьвінавацілі ў парушэньні правілаў знаходжаньня ў краіне, дэпартавалі зь Беларусі. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, замежныя грамадзяне нібыта незаконна выкладалі й ажыцьцяўлялі рэлігійную дзейнасьць. Усе амэрыканцы аштрафаваныя на адну базавую велічыню. Ім забаранілі наведваць Беларусь цягам двух гадоў. Амэрыканцаў запрасіла аб’яднаньне «Стэфанус» — у межах дабрачыннай акцыі «Ангельская мова для ўсіх» яны вялі бясплатныя практыкумы ангельскай мовы. Заняткі праходзілі ў царкве Эвангельскіх хрысьціянаў‑баптыстаў.

Аляксандру Казуліну працягнулі рэжым выхаду з галадоўкі

Адміністрацыя калёніі «Віцьба‑3» працягнула адмысловы рэжым для палітвязьня Аляксандра Казуліна, у якога пасьля спыненьня 53‑трохдзённай галадоўкі рэзка пагоршала здароўе. Раней адвакатам і сваякам асуджанага ў калёніі казалі, што 15 лютага Аляксандра Казуліна перавядуць на звычайны рэжым утрыманьня і прымусяць ізноў працаваць. Цяпер А. Казулін па‑ранейшаму мае права не выходзіць на працу — яго глядзяць лекары, ён атрымлівае адмысловае харчаваньне з улікам былой галадоўкі.

Дзень Салідарнасьці ў Менску

Каля ста моладзевых актывістаў прайшлі з запаленымі сьвечкамі па праспэкце Францыска Скарыны ў Менску. Такім чынам маладыя беларусы выказалі салідарнасьць з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых апазыцыянэраў. Супрацоўнікі АМОНу цягам акцыі суправаджалі моладзевых актывістаў, а ў сквэры імя Янкі Купалы, калі людзі паставілі сьвечкі на зямлю, затапталі агеньчыкі нагамі. Нікога з удзельнікаў акцыі, тым ня менш, не затрымалі.

На сьцяне кінатэатру «Кастрычнік» і на мосьце каля Чыгуначнага вакзалу зьявіліся расьцяжкі з надпісам «Свабоду палітвязьням!»

…у Бабруйску

Чарговая акцыя, прысвечаная Дню беларускай салідарнасьці, у Бабруйску прайшла без перашкодаў з боку супрацоўнікаў міліцыі. Людзі сабраліся з запаленымі сьвечкамі каля капліцы на вул.Менскай.

19 лютага

Справу Хведарука перадалі ў пракуратуру

Моладзевы актывіст Зьміцер Хведарук, супраць якога разам з Алегам Корбанам 4 лютага была заведзена крымінальная справа за дзейнасьць ад імя незарэгістраванага «Маладога Фронту», атрымаў афіцыйнае паведамленьне аб тым, што справа была перададзеная ў пракуратуру. Пастанова падпісаная капітанам КДБ Дзьмітрыем Сьвістуном. Тым самым, што кіраваў дзеяньнямі супрацоўнікаў ПМСН падчас затрыманьня ўдзельнікаў паседжаньня Цэнтральнай Рады МФ 4 лютага.

20 лютага

Справа царквы «Новае жыцьцё» перанесеная ў чарговы раз

Прычынай пераносу стала няяўка праўніка Менгарвыканкаму Ігара Касьпяровіча. Гэта ўжо трэці перанос справы па яго віне. На паседжаньне зьявіліся два прадстаўнікі Менгарвыканкаму, кожны зь якіх, па сьведчаньні праўніка царквы Сяргея Луканіна, меў паўнамоцтвы для вядзеньня справы. Аднак прадстаўніца аддзелу па справах рэлігіяў Менгарвыканкаму Алена Радчанка ініцыявала перанос справы на чацьвер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0