На больш чым 200 мільёнаў рублёў апынуўся завышаным кошт капітальнага рамонту РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр».

У ходзе аператыўнага суправаджэння правядзення рэканструкцыі РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр» Упраўленнем барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (УБЭП) ГУУС Мінгарвыканкама прадухілена нанясенне буйнога ўрону з боку службовых асоб цэнтра.

Паводле звестак аператыўных службаў, пры праверцы каштарысу па капітальным будаўніцтве і бягучым рамонце цэнтра высветлілася, што кошт прац апынуўся завышаным больш чым на 200 мільёнаў рублёў.

Як адзначае сталічная міліцыя, прадпрыемства вырабляе прадукцыю, якая жыццёва неабходная інвалідам. Гэта інвалідныя вазкі, хадункі, крэслы для заняткаў для дзяцей з ДЦП, прыстасаванні, сядзенні, поручні для ваннай і прыбіральні, мыліцы і іншая прадукцыя. Сродкі, выдзеленыя з бюджэту на рэканструкцыю цэнтра, фактычна прызначаліся для падтрымкі беларускіх інвалідаў, якіх прадпрыемства абслугоўвае, таму спроба прычынення шкоды мае вельмі непрыемнае этычнае адценне.

Як адзначылі ў праваахоўных органах, крымінальная справа па гэтым факце заводзіцца не будзе, бо ў ходзе правядзення аператыўных мерапрыемстваў не была ўсталяваная асабістая зацікаўленасць службовых асоб РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр», якія дапусцілі завышэнне кошту работ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?