Грамадзяне не маюць права выкарыстоўваць відэа- і аўдыятэхніку падчас прыёму ў дзяржаўных органах. Пра гэта заявіла намеснік міністра юстыцыі Ала Бодак 1 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Закон „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб“, што набыў моц 22 студзеня, не ўтрымлівае нормаў, якія літаральна рэгламентуюць гэта пытанне. Але я лічу, што грамадзянін не можа выкарыстоўваць тэхніку», — сказала яна.

Разам з тым, паведаміла Бодак, закон прадугледжвае права дзяржорганаў паводле свайго меркавання весці відэа- ці аўдыязапіс асабістых прыёмаў грамадзян. Пры гэтым грамадзянін павінен быць загадзя папярэджаны аб выкарыстанні тэхнічных сродкаў.

«У законе гаворыцца, што грамадзянін павінен быць інфармаваны перад тым, як прыходзіць на асабісты прыём, аб выкарыстанні тэхнічных сродкаў. Гэта значыць ён ведае аб тым, што будзе выкарыстана дадатковая тэхніка.
Калі грамадзянін супраць, ён можа адмовіцца ад прыёму на такіх умовах», — сказала Бодак.

Намеснік міністра падкрэсліла, што спецсродкі не будуць выкарыстоўвацца на кожным прыёме. «Думаю, кіраўнік дзяржоргана будзе прымаць рашэнне аб выкарыстанні тэхнікі, калі сапраўды на прыёме разглядаюцца пытанні, якія маюць асаблівае значэнне і падлягаюць пільнаму расследаванню», — сказала яна.

Бодак лічыць, што гэта норма «прынята як у інтарэсах дзяржаўных служачых, так і грамадзян, бо ў спрэчных момантах можна будзе звярнуцца да запісу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?