Вераб’іная ноч.
Драма ў адной дзеі.
Аўтар:
Аляксей Дудараў
Рэжысэр:
Марына Дударава
Сцэнаграфія й касьцюмы:
Вольга Мацкевіч
Кампазытар:
Уладзімір Кандрусевіч

На сцэне Драматычнага тэатру Беларускай Арміі адбылася прэм’ера драмы «Вераб’іная ноч» паводле пралёгу да раману Ўладзімера Караткевіча «Леаніды ня вернуцца да зямлі».

Спэктакль сабраў поўную залю, але значную частку гледачоў складалі курсанты МА і МУС. На прэм’еры прысутнічалі кіраўнікі Міністэрства культуры й ДТБА, а таксама паэт Генадзь Бураўкін.

Сюжэт

Дзеяньне адбываецца падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Жонка паўстанца Грынкевіча вязе асуджанаму на сьмерць мужу загад аб памілаваньні. Каб выратаваць каханага, засталося толькі пераправіцца паромам праз Дняпро. Рака шалее, надыходзіць «вераб’іная ноч» — час буры й навальніцы. А пераправу ахоўваюць царскія жаўнеры...

Пастаноўка

Адным з галоўных герояў дзеі зьяўляецца бура, таму першае, што варта адзначыць, — гэта гук, асьвятленьне й дэкарацыі, дзякуючы якім спэктакль атрымаўся ў вялікай ступені атмасфэрным. Не было маланак, якімі запомніўся «Паром на бурнай рацэ» Бокуна (экранізацыя пралёгу да «Леанідаў...»), але стыхія не давала пра сябе забыцца.

Акрамя таго, рэжысэр вельмі ўдала ператварыла залю ў раку — калі акторы глядзяць на публіку, нібы на Дняпро, а вакол сьвішча вецер і плёскаюць хвалі, глядач на імгненьне можа адчуць сябе струмянём‑часткай агульнай плыні, роля якой адводзіцца аўдыторыі.

Мова

Пэрсанажы, за выключэньнем аднаго з жаўнераў, гавораць па‑расейску. Іранічна, што ў Караткевіча той жаўнер быў маскоўскім расейцам. Але падчас прагляду варта не забывацца, што на сцэне — не Караткевіч, а Дудараў.

Пасланьне

Рэвалюцыянэраў трэба зьнішчаць, бо першым зь іх быў Сатана. Сьвет вялікі, яго хопіць на ўсіх, а хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго ні называй. І галоўнае, каб «нашыя» й «вашыя» ўнукі ніколі не ваявалі паміж сабой.

Падтэкст

«Галоўным быў ня хлеб. Галоўнай была свабода»
У.Караткевіч, «Леаніды ня вернуцца да Зямлі»

Паўстанцы Кастуся Каліноўскага ў «Вераб’інай ночы» прадстаўленыя ня лепшым чынам. Каб трапіць на паром, жонка Грынкевіча гатовая забыцца на гонар, прапануючы сваё цела афіцэру Пора‑Леановічу (чаго ў Караткевіча не было) — нараджэнцу Беларусі, які служыць Расейскай імпэрыі. Пазьней гледачу намякнуць, што й памілаваньне для мужа Грынкевічыха здабыла падобным чынам. Леановіч высакародна адмаўляецца ад прапановы кабеты, пераконвае яе ў заганнасьці каліноўцаў ды рэвалюцыянэраў наагул.

«Яго трэба адчуць, дэшыфраваць, раскадаваць... і тады надыдзе палёт»
Дудараў пра Караткевіча

Той факт, што каліноўцамі ў наш час называюць удзельнікаў пасьлявыбарчых падзеяў мінулага году, наводзіць на пэўныя разважаньні, тым больш што п’еса фінансаваная з прэзыдэнцкага фонду й разьлічаная на аўдыторыю ДТБА.

Выснова

Караткевіч перавярнуўся ў труне. Клясыкі ня любяць, калі ў іх скажаюць сутнасьць, а сутнасьцю пісьменьніка Караткевіча былі ягоныя нацыянальныя перакананьні.

У гэтым аглядзе наўмысна не гаворыцца пра рэжысуру й актораў, паколькі стваральнікі «Вераб’інае ночы» выйшлі за межы тэатральнага мастацтва й зьвярнуліся да мастацтва прапаганды. Вызначыць, наколькі добра рэжысэр і акторы пераканалі гледача ў праўдзівасьці свайго пасланьня, ня так і проста, калі не належыш да мэтавай аўдыторыі.

Адзінае, што хацелася б заўважыць: у дадзеным выпадку хістач прапаганды можа вагнуцца ў адваротным кірунку, калі пасьля прагляду падробкі ў гледача ўзьнікне жаданьне зьвярнуцца да арыгіналу.

Ілюстрацыя з сайту БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?