(Тэкст дасланы прэс‑службай А.Мілінкевіча, ня ёсьць стэнаграмай выступу)

Вітаю вас, вольныя грамадзяне!

Вітаю смелых і сумленных людзей. Вы соль нашай зямлі, вы творцы нашай нацыі. Дзякуй вам, што прыйшлі сёння на Плошчу. Дзякуй, што прыйшлі з кветкамі, сцягамі і транспарантамі.

Яны хочуць, каб мы сядзелі дома. Наша справа кіраваць, ваша справа працаваць, кажуць яны. Гэта нашы плошчы, а вы ідзіце на балота на Бангалор, кажуць яны.

Не! Крыніца ўлады гэта мы – гэта народ. Гэта нашы плошчы. Гэта наша дзяржава.

Мы святкуем 25 Сакавіка – Дзень Волі як найвялікшае свята. Таму што ў гэты дзень беларускі народ узяў у свае рукі адказнасць за сваю краіну, за яе незалежнасць. Сення гарантыяй незалежнасці можа быць толькі дэмакратыя.

Шматтысячную беларускую Волю сёння павінны пачуць і пабачыць з вокнаў афіцыйнай тэлевізіі, якая стала хлусіць пра «некалькі соцен адмарозкаў», з званіцаў беларускіх храмаў, якія, стаяць на Плошчы Волі, з кабінетаў Адміністрацыі прэзідэнта, які ўжо забыў вучоныя ў школе словы Каліноўскага пра ўрад для народу, а не наадварот.

Беларусь стане дэмакратычнай. Калі? Пытаюцца мяне. На гэтае пытанне не бывае адказу. Галоўнае, каб перамены адбыліся без крыві. Тады перамены будуць незваротныя.

Беларусы не прымаюць насілля. У сваім змаганні за свабоду мы не пралілі ні кроплі крыві. Гэта менавіта нашу кроў пралівалі. Так, менавіта нашыя людзі сядзяць у турмах.

Лёгкія перамогі бываюць толькі ў кіно. За адзін раз гэта не робіцца. Трэба раз за разам, месяц за месяцам, год за годам змагацца за сваю Свабоду.

Еўропа прапануе нам дапамогу. Яна кажа: не бойцеся, мы падтрымаем вас. Еўропа складаецца з малых краін, такіх як Беларусь. Там ведаюць цану незалежнасці. Яны ведаюць, як няпроста гэта заваёўваецца.

З намі сёння дэпутаты Эўрапарламенту, нашы сябры з усяго сьвету. Яны прыехалі падтрымаць нас. Давайце скажам ім «шчырае дзякуй».

У мяне пытаюцца: хто выйграе, а хто прайграе ад свабоды? Ад свабоды выйграюць усе. Тут няма ніякага парадоксу. Нават тыя, хто сёння баіцца свабоды — і яны выйграюць ад свабоды. Яны яшчэ ўспомняць гэтыя словы.

Свабода — гэта рух ў тым ліку і Рух «За Свабоду». Гэтыя прыгожыя дзяўчыны ў памаранчовых бейсболках якраз і праводзяць запіс ў Рух «За Свабоду»

Беларусь пачынае рух да свабоды, Рух — За Свабоду!

Памнажайце на ксераксах газеты. Даставайце і раскідвайце улёткі. Перадавайце з рук у рукі фільмы, дыскі, кнігі. Зрывайце іх прапаганду. Упірайцеся. Трымайцеся свайго. Гучна або моўчкі пратэстуйце супраць кожнай няпраўды, кожнай несправядлівасці.

Хай кожны з вас напіша пісьмо палітвязням, нашым героям. Я нядаўна быў у Паўла Севярынца. Вітаньні сталіцы ад мужнага Паўла! Свабоду палітвязням!

Беларуская Воля азначае і Свабоду, і рашучасць. Сённяшняму беларускаму грамадству не хапае Волі. Волі — рашучасці, і волі — свабоды. Таму сёння Дзень Волі павінен стаць днём нашай рашучасці.

Свабода і рашучасць вымагаюць фармулявання канкрэтных патрабаванняў да рэжыму, якія б здолеў пералічыць любы актывіст дэмакратычных сілаў, якія паўтарыў бы без запінкі любы чыноўнік.

Гэтыя патрабаванні:

Свабоду і Незалужнасць Беларусі;

Свабоду палітзняволеным,

Свабоду выбару!

Свабоду слова!

У гэтыя хвіліны каля Нацыянальнай бібліятэкі ідзе канцэрт БРСМ за Незалежную Беларусь. Глядзіце: мы дабіліся прызнання 25 Сакавіка — нацыянальным святам.

Свабода і рашучасьць — гэта не таптанне на месцы ды слуханне прамоваў, Свабода — гэта рух і гэты рух павінен быць бачны асабліва сёння ў Дзень Волі.

Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0