Беларускі livejournal, які не працаваў амаль палову дня, актыўна абмяркоўвае сёньняшнюю акцыю да Дня Волі і канцэрты БРСМ ля Нацыянальнай бібліятэкі і ў аэрапорце «Менск-1». Найбольшая колькасьць пастоў на гэтую тэму зьмешчана на суполцы minsk_by. На гэтым кам’юніці сёньня было выстаўлена звыш ста допісаў на тэму Дня Волі і акцыі апазыцыі.

Шмат хто з жж-карыстальнікаў папросту капіяваў паведамленьні онлайн-рэпартажаў «Нашай Нівы» і радыё «Свабода». Іншыя пісалі пра тое, што па тэлефонах перадавалі зь менскіх вуліц іхныя сябры і сваякі. Трэція былі самі відавочцамі падзеяў і пісалі па вяртаньні дадому.

Найбольшае абмеркаваньне сёньня выклікаў крытыканскі пост luft-а. Гэты блогер піша: «Я, канечне, на поле бою не прысутнічаў, але крыху ў курсе таго, што адбывалася там. Арганізацыя на нулі. Само мерапрыемства нагадала броўнаўскі рух малекул у слоіку... Я так і не зразумеў, а якая была мэта дадзенага мерапрыемства? Сонца-вясна-незалежнасьць? Чагосьці хацелі? Эстэтыка БНФ разьліву 1996 году... Адзінае правільнае рашэньне – гэта ісьці да бібліятэкі. А так – сьвята атрымалася. АМАП разьмяўся пасьля зімовай сьпячкі, пабегаў на сонейку. Ды не адны яны, і не адзін Лосеў ня стаў ахвярай. Ура!». Гэты пост сабраў ужо больш за 100 камэнтароў, збольшага станоўчых.

Aliaksei выстаўляе здымкі , як з поп-канцэрту, які сёньня быў зладжаны беларускімі ўладамі, так і з сьвяткаваньня Дня Волі. Ёсьць у Aliaksei і трэцяя фотасэсія з жыцьця міліцыянтаў і АМАПаўцаў.

Kabierac напісаў пра тое, як стаў сьведкам бойкі між дзьвюма групоўкамі, якія вярталіся з канцэрту БРСМ: «У двары дома №23 па вул. Брылеўскай адбылася бойка паміж двума групамі моладзі, што прыйшлі на канцэрт «За незалежную Беларусь». П’яныя маладзёны ўжывалі пруты і шкляныя бутэлькі, моцна зьбіты адзін хлопец, таксама разьбілі колькі вокнаў на першым паверсе дому №23. Напачатку хуліганаў утаймоўвалі мясцовыя жыхары, што вярталіся з акцыі, прымеркаванай да Дня Волі, пасьля на месцы зьявіліся тры міліцыянты. Яшчэ пазьней прыехалі афіцэры міліцыі, падышлі колькі супрацоўнікаў ДПС. Частцы завадатараў бойкі ўдалося зьбегчы зь месца падзеяў, іншых, хто меў парэзы і раны ад шкла, забралі машыны хуткай дапамогі. Невядома, ці затрымалі каго-кольвек. У кватэры першага паверху, дзе пабілі вокны, жыве бабуля-пэнсіянэрка.Чыім коштам будуць рапараваць шыбы — невядома. Улады, міліцыя й малады электарат атрымалі тое сьвята, якога так жадалі».

Своеасаблівы онлайн-рэпартаж зрабіў oldmah, ён прааналізаваў усе падзеі, што знаходзілі адлюстраваньне ў суполцы minsk_by і спарадкаваў іх у хранікальным парадку ў сваім жж.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч наступным чынам пракамэнтаваў сёньняшнія падзеі ў сваім «Жывым журнале»: «Ужо два дні маю прыўзьняты настрой. Учора, 24 сакавіка ў парку Горкага адбылося сьвяткаваньня Гуканьня вясны… Шкада, што сёньня, 25 сакавіка, завершанасьці акцыі не атрымалася. Хаця агульна ўражаньне ад людзей было вельмі добрае. Прыемна, што ў Беларусь прыехаў лідэр азэрбайджанскай апазыцыі Іса Гамбар. Гэта вельмі цікавы чалавек, які на пачатку 90-х быў кіраўніком парляманту, і мае ўнікальны палітычны досьвед. Добра папрацавалі супрацоўнікі абласнога ўпраўленьня міліцыя. Пасьля акцыі на станцыі мэтро Інстытут Культуры арыштаваны адзін з кіраўнікоў Салігорскага фронту Павал Батуеў. Яго ўжо вязуць у Салігорск, не вяртацца ж машыне пустой, падумалі міліцыянты. Таксама арыштаваныя нашыя маладзечанскія фронтаўцы, Вольга і Ян Лагвіновічы, а таксама Марына Найдзіч. Іх вязуць у Маладэчна, дзе, відаць, адбудзецца суд. Для мяне гэта двойчы непрыемна, бо я тры гады кіраваў Менскай абласной арганізацыяй Партыі, і арыштоўваюць людзей, найбольш блізкіх да мяне».

Пост crazycat_meyr зь віншаваньнямі беларусаў з Днём Волі стаў адным з найбольш папулярных і абмяркоўваных на расейскай суполцы ru_politics . На дадзены момант ён ужо назьбіраў 360 камэнтароў. Сярод іх як абсалютна станоўчыя, так і яскрава шавіністычныя. Па абмеркаваньні паста можна меркаваць, што яшчэ далёка ня ўсе ў Расеі звыкліся з фактам беларускай незалежнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?