Расейскі бамонд уцягваецца ў перадвыбарныя жарсьці. "Незавимимая газета" сьцвярджае ў сёньняшнім артыкуле, што Пуцін ужо вызначыў пераемніка. "Імя будучага прэзыдэнта Расеі — Сяргей Іваноў", — піша выданьне са спасылкай на крамлёўскія крыніцы.

Канешне, для тамтэйшых кланаў пэрсона пераемніка мае прынцыповае значэньне. Гаворка ідзе пра доступ тых або іншых групаў да калясальных рэсурсаў.

З гледзішча ж беларускіх нацыянальных інтарэсаў ня мае прынцыповага значэньня, хто з імаверных наступнікаў Пуціна зойме крамлёўскі пасад. Ці ўмоўны лібэрал Мядзьведзеў, ці клясычны чэкіст Сяргей Іваноў (а мо і хто трэці выскачыць бы Піліп з канапель — так некалі зьявіўся на авансцэне і сам Пуцін).

У Сяргея Іванова, праўда, ёсьць у біяграфіі своеасаблівы беларускі сьлед: некалі скончыў у Менску Вышэйшыя курсы КДБ :)

"Магчымыя пераемнікі расейскага прэзыдэнта — найперш прагматыкі, — падкрэсьлівае палітоляг Андрэй Фёдараў. — Як і сам Пуцін. Іншая рэч, што ён атрымаў пэўную інтэграцыйную спадчыну ад Ельцына і мусіў нейкі час доўжыць гульню. У пераемніка такой патрэбы ўжо ня будзе".

На думку Фёдарава, рэнэсанс "братняй інтэграцыі" так ці іначай немагчымы. Любы з наступнікаў будзе весьці ў дачыненьні да Беларусі той курс, што акрэсьліўся апошнім часам. То бок Крэмль будзе спрабаваць даціснуць беларускае кіраўніцтва. І калі не інкарпараваць нашу краіну, то паставіць яе ў наймацнейшую залежнасьць, закабаліць эканамічна. "Пытаньне хіба ў тым, наколькі моцна будуць прыпіраць да сьценкі", — кажа наш экспэрт.

Дадамо: калі ўявіць малаімаверную пэрспэктыву, што да ўлады ў Расеі прарываюцца нацыянал-патрыёты, якія зараз нібыта ў апазыцыі да Крамля, то для нашага сувэрэнітэту гэта яшчэ болей небясьпечна. Свайго куміра Лукашэнку яны бачаць на чале імпэрыі. Незалежнай Беларусі на іхняй мапе проста няма.

Так што і адно не цукерка і другое ня рэдзька. Іншая рэч, што расейскі чыньнік пры ўсёй ягонай моцы — не фатальны. Вялікую ролю грае міжнародны кантэкст. Галоўнае ж — сама Беларусь пры ўсіх анамаліях разьвіцьця мае на сёньня значны незалежніцкі патэнцыял.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?