Лідар гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі ў інтэрв’ю для парталу Tuzin.fm з нагоды забароны канцэртаў гурту ў Брэсце і Гродне заявіў, што музыканты могуць з’ехаць з краіны.

Пад забарону патрапілі два канцэрты гурту. 3 лістапада «Дай дарогу!» мусіў даць канцэрт у родным Брэсце, а 6 лістапада выступіць з вялікім сэтам у межах фэсту «Рок-хваля» у Гродне.
Юры Стыльскі распавядае, што «першы сігнал» яны атрымалі падчас Men’s Fest, які праводзіўся ў Брэсце 27–28 кастрычніка. «Дай дарогу!» былі заяўленыя хэдлайнерамі мерапрыемства. «Я зразумеў, што нас канкрэтна ўзяліся пераследаваць, калі арганізатар фэсту сказаў, што яму не дадуць больш займацца канцэртнай дзейнасцю ў горадзе, калі ён не паведаміць публічна, што нас не будзе», — кажа музыка. Тады гурт усё ж такі выступіў і рыхтаваўся да клубнага канцэрта 3 лістапада ў брэсцкім клубе «Сфера». Аднак, нечакана адміністрацыя клуба паведаміла музыкам, што не зможа правесці мерапрыемства. Следам за гэтым пра немагчымасць выступу паведамілі і арганізатары гродзенскага фэсту «Рок-хваля».

У суполцы гурту УКантакце называюцца імёны мясцовых чыноўнікаў, што мелі дачыненне да забароны канцэртаў. Гэта кіраўнік аддзелу па ідэалагічнай працы Ала Старыкевіч і начальнік аддзела па справах моладзі Тацяна Барышчык. Праўда, спадарыня Барышчык ужо заявіла, што дачынення да гэтай справы не мае.

Юры Стыльскі кажа, што яны і надалей будуць рабіць спробы зладзіць канцэрты ў Беларусі. «Мы не хочам стаць злоснымі апазіцыянерамі. У аніякія партыі не ўваходзім і наогул я далёкі ад гэтага палітгаўна, мы пяём пра бытавуху, сацыялку ды пра крыкі сэрцаў», — кажа лідар гурту «Дай дарогу!». У рэпертуары берасцейцаў ёсць пару зусім непаліткарэктных нумароў. Адна з песень завецца «Саню». Няўжо Юры не думаў пра наступствы, калі пісаў гэтую песню?

«Я пісаў пра тое, што адбываецца з маімі роднымі, з Мамай, якая тады збірала скрынкі ды бутэлькі, хоць мае медаль ветэрана працы. Пісаў пра магутнасць і талент, можа выйшла трохі саркастычна, але так ужо выйшла.
Не думаў, што нейкія музыканты з сутарэнняў могуць выклікаць такі рэзананс. Гэта для мяне нешта новае, пагатоў і песеньцы гэтай ужо з 10 год».

Зараз Стыльскі на ростанях. «Зразумела, што каб у такое гаўно не патрапіць, трэба спяваць выключна пра пазытыў.

Але нехта ж мусіць спяваць пра карычневы бок, мы ж не ў раі жывем!
А той, хто спявае пра іншае, адрознае, мусіць быць гатовы аднойчы да таго, што давядзецца ліняць з краіны. І мы думаем пра гэта. Думка парваць Маскву была даўно, а зараз абставіны так складваюцца, што ўсё да таго ідзе», — заўважае Стыльскі.

Прыхільнікі гурту зладзілі флэш-моб у падтрымку музыкаў. Частка людзей наўмысна не здала квіткі на забаронены канцэрт ці мянялі іх на майкі і дыскі гурту. У сеціве створаная таксама суполка «Мы супраць адмены канцэртаў».

«Я не разумею такога катэгарычнага і негатыўнага стаўлення з боку ўлады да нас, — расказаў Стыльскі карэспандэнтам Generation.by. — Тут проста нейкія асабістыя рахункі. Мы нічога страшнага не граем, кажам пра тое ж самае, што пішуць у газетах, толькі са сваёй званіцы. Пасля аднаго выступу, калі я па пояс распрануўся, а іншы музыка запаліў на сцэне, нас унеслі ў дрэнны спіс. Бо нібыта мы дрэнны прыклад паказваем, але што за трызненне?

Абмяркоўвалі яны нас на сваіх партыйных сходах, цяпер лічаць вялікім вугром, які жыццё ім псуе. Але аднойчы нам сам гарвыканкам грамату даў, і яна нават у мяне ёсць. Ну вось хто лепш за нас пабудуе мост з моладдзю? У іх была магчымасць з намі супрацоўнічаць, але ўсе затупілі. З намі ж заўсёды можна дамовіцца, у нас і песні нармальныя ёсць.
Ну, а пасля таго, як я запісаў на іх fuck, дык і пачаліся ўсе праблемы.
Не тыя людзі ў нас ў гарвыканкаме сядзяць, каб моладдзю займацца, ім лепш ісці кароў даіць.

Як жыве адзін з найвядомейшых панк-музыкаў краіны?
Карэспандэнты Generation.by зазірнулі да Стыльскага дадому.

* * *

Прыйшлі ў госці да Юрыя Стыльскага мы вельмі рана. Сталі каля дзвярэй і зрабілі некалькі глыбокіх удыхаў-выдыхаў, бо не кожны дзень мы ходзім у госці да вядомых на ўсю Беларусь панкаў, хто ведаў, як нас маглі сустрэць. Дзверы адчыніліся, і перад намі паўстала постаць Юрыя Стыльскага, у такі ранні час ён выглядаў вельмі бадзёра, на твары свяцілася абаяльная ўсмешка.

Распарадку дня не маю ніякага. Бывае прачынаюся а 9-й, бывае аб 11-й. Не люблю, калі позна прачынаешся і няма паловы дня.
А вось калі прачнешся рана — зробіш шмат, дык такі маленькі гонар з’яўляецца.
Вось на днях я прачнуўся вельмі рана і матулі кран рамантаваў, думай раней усё так складана там, але як атрымалася, дык зусім лёгка. У гэтым свеце ўсё так проста, усяму можна навучыцца.
Потым паспеў і музыкай пазаймацца і з сябрамі паразмаўляць, а потым гляджу на гадзіннікі, а яшчэ і паловы дня не прайшло, а прыемна.
Пакуль мы крочылі на кухню піць гарбату з печывам, я паспела наступіць на хвост другому гаспадару кватэры, вялікаму і пухнатаму кату, які незадаволена прашыпеў, але з месца не сышоў,
бо займаўся паглынаннем курынай галавы.

Вы не пужайцеся, ён не агрэсіўны,

гэта Катапёс, ён самы лепшы кот у свеце. Знайшоў яго тут у двары, ён дарогу перабягаў у мінус 15, я вырашыў, што калі не выратую яго, то будзе яму капец.
Вось і прыжыўся. Яго ўсе суседзі кормяць. Калі я з'язджаю на пэўны час, то ён яшчэ адну гаспадыню знаходзіць, перыядычна чысты прыходзіць, тыдзень можа дзесьці лазіць, а потым чысты і пахучы вяртаецца. Гасцей вельмі любіць. А яшчэ трывае, калі я яго мыю, бацька ж мые, ён у мяне сапраўдны самурай.

Забраўшыся на калені да гаспадара, Котапёс разваліўся, заплюшчыў вочы і драмаў пад нашу гутарку. А мы ў той час слухалі розныя страшылкі, пачынаючы ад наркаманіі і да таго, як Юра Стыльскі на мясакамбінаце працаваў.

Казалі, што я наркаман, што СНІД у мяне

Такія чуткі пра мяне былі, слоў няма. Толькі зараз пазбавіўся іх. Казалі, што я наркаман, што СНІД у мяне, але я не крыўджуся.

Быў час, калі стасаваўся з сур’ёзнымі наркаманамі, бачыў як яны колюць вены, але гэта не маё.
Какаін вельмі арыстакратычны наркотык, але на яго шмат грошай трэба, праўда не варта і з ім жартаваць, хоць ён і лічыцца дзіцячай прысыпкай, але я не разумею ў іх шмат.
У мяне наркотык — музыка.
Музыкай я займаюся з 12 год, калі набыў акустычную гітару. У мяне з дзяцінства музыка навокал. Сястра заўсёды на піяніна грала, я рос пад Ліста ці «лунную санату». А вось стрыечныя браты зусім крутыя. Адзін у Кітаі выкладае скрыпку. А другі таксама на скрыпцы, але ў сімфанічным аркестры нашым грае.
Мяса гарачага паеў і сышоў

Музычнай адукацыі ў мяне няма. Трошкі маляваць атрымлівалася, і

я вучыўся на столяра, які разьбой па дрэву займаецца.
Потым думаю, навошта мне гэта, раней гэта рабіць было складана, гэта толькі зараз з’явіліся станкі, якія больш за людзей працуюць.
А ўвогуле, дзе ж я толькі ні працаваў. Але скажу адразу, трэба быць дэбілам, каб на будоўлі працаваць.
Часова можна, як я, каля трох дзён, але потым нельга, усё. Там далёкія працуюць.
На мясакамбінат для прыгод таксама на тры дні ўладкаваўся аднойчы.
Мяса гарачага паеў і сышоў, бо доля у іх там страшная. Я там такога наглядзеўся.
Савдэпам смярдзіць жудасна, тушы паўсюль, нібыта ў моргу ты.
Уявіце канвеер вялікі, там працуюць мужыкі з вялікімі жыватамі, з вёсак розных, а самыя галоўныя дык што робяць: бяруць
выразаюць у тушы вялікі кавалак мяса, лепяць сабе на пуза, пасля апускаюць халат, пояс зацягваюць і ўсё, папёр.
Вы толькі падумайце, якія нізкія рысы культывуюць ў сабе людзі. Я не змог бы там працаваць доўга. Паглядзіце, да чаго дзяржава давяла людзей.
Яшчэ я кухарам працаваў.
Аднойчы прыйшоў у «Планету Рок» і сказаў, што кухарам у іх працаваць хачу. Мяне не ўзялі першы раз, бо ніякага разраду няма. Ну я яшчэ раз пайшоў, і кажу, што хачу і ўсё, але ізноў не ўзялі. Дык я іх зморам ўзяў на трэці раз, бо таму, хто стукае, дзверы заўсёды адчыняюць. І ўзялі мяне невядома кім, але форму выдалі.
Цэлы месяц прапрацаваў у іх, пасля буракі спаліў — і мяне выперлі.
Але пячатку ў працоўнай паставілі нібыта я ў іх кухаром працаваў.
Пасля я ўладкаваўся ў рэстарацыю італьянскую. Дык я для іх залатым быў з маёй та працоўнай і вопытам працы.
Але яны толькі год праіснавалі, у іх шмат ножыкаў патырылі. Я ў іх толькі, калі на дзембель сыходзіў, дык узяў адну вялікую талерку для піцы.

Гатаваць у выніку хоць навучыўся. У мяне тут фарш смачны ёсць, трэба нейкую сяброўку запрасіць, навучыць ляпіць нешта)).

Будзе хіт пра Еўраопт

Еўраопт таксама жудасная рэч. У мяне там сяброўка працуе, дык аклад там 2 мільёны, а з надбаўкай 3, але яе немагчыма атрымаць, бо за ўсякую дробязь у цябе адлічваюць грошы: забыў касу адключыць — на, мінус 200 тысяч. Там усе адзін на аднаго даносяць,

такая сістэма, што пры любых умовах ты застаешся на двух мільёнах.
Мая сяброўка кажа: «Юра, я кожны дзень плачу, што рабіць?» А я думаю, вось фігня якая, трэба хіт тэрмінова пісаць. Так што будзе хіт пра Еўраопт.
Думаю: усё капец, папаўся, будуць мяне як мацёрага катаваць
Так, я браў удзел у маўклівых акцыях. Нават у мянтоўку трапіў. Вынік — песня «Дзесяць мільёнаў».
Але мне не далі штрафу, бо я як ніндзя ўцёк. Я падмануў усіх.
Затрыманых пачкамі выпускалі ў прыбіральню, ну я і далучыўся да такіх, схапіў момант, калі мент замарудзіў і уцёк па лесвіцы ўніз.
Там у іх такія барыкады, адтуль проста не выйсці. Хол вялікі, і па ўсяму перыметру дзверы, і фіг ведае, якую абраць, думаў, вось блін замануха. Адчыняю першыя дзверы, а там следчы сядзіць: «Вы хто такі?» — а я кажу яму: «Не-не, усё нармальна» — і думаю, усё капец, трапіўся, будуць мяне як мацёрага пытаць. Адчыняю наступныя дзверы, таксама фігня, добра што заўважыў калідор, па якому ў выніку выйшаў. Дык яшчэ і знаёмага мянта сустрэў, і ён такі: «Ты што тут робіш?» — «Да вось на верх трапіў.« — „А-а-а, ведаю-ведаю, і што, адпусцілі?“ — „Дакладна адпусцілі“ — кажу, а ён не паверыў і нешта казаў, што па часу вінны яшчэ трымаць. Сапраўднае гестапа ж. Трошкі яшчэ з ім паразмаўляў і хуценька зваліў. Усе астатнія ў суд хадзілі, штрафы плацілі, а я — малайчына)).
А яшчэ адзін знаёмы мяне ў аўтазаку вёз, нешта падміргнуў мне, я аж афігеў.
Але мне да гэтай подлай улады справы няма.
Я проста хачу быць бліжэй да народу, таму і хадзіў на акцыі.
Нефіг ныць і скавытаць

Я веру ў лепшае. Нефіг ныць і скавытаць. Калі нехта робіць, у таго тое і ўдаецца.

Калі дажыўся да галімага жыцця, дык сам вінаваты. Калі хочаш чагосьці, дык варта гэтай справе хоць пяць хвілін у дзень прысвяціць.

Я займаюся музыкай і мне самому хапае, яшчэ ёсць музычны электронны праект 4Kuba. Мяне з ім нават на выспы заносіла. Ледзь у ЗША не трапілі, але Міхалыч затупіў і ўсё.

Ну яшчэ для рэкламы музыку пішу і агучваю яе. У мяне сям’і няма, каб шмат выдаткаў было.

Ну і ўвогуле з Беларусі я з’язджаць не хачу. У мяне тут усе сябры. Што я там рабіць буду? Там мы ніхто. Я тут нарадзіўся і ўсё. Колькі людзей з’ехала туды ў пошуках шчасця, але ўсё роўна не даганяюць іх менталітэт.

Туды можна хіба з каханай з’ехаць і пачаць новае жыццё, але я нікога не люблю, мне на ўсіх пофіг,
вось толькі Катафэйча люблю (Катапёс). Малым калі быў, я яго не любіў, бо на ложак какаў, сапраўдны ж мужык.
На хутар, хоць гэта і модна, але таксама не хачу, я яшчэ не агародніна, каб туды ехаць. Гэта імпатэнскі двіж нейкі.
Рыбалка, грыбы — таксама не маё. Можа і рамантыка ёсць у хутарах, кароўкі розныя, зямля, але не маё. Будзе год 50 — тады падумаю, але не зараз.
Я магу спяваць хіба „на трасянскай“

На беларускай мове складана спяваць, я магу спяваць хіба на трасянскай.

Я мову беларускую паважаю, але размаўляць не магу. Ды й у школе настаўніца паспрыяла гэтай нелюбові.
У мяне і з замежнымі мовамі цяжка, я тарабаншчыну гэтую вучыць не магу. Так склалася, што не прывучылі мяне да мовы.
Я веруючы чалавек, бо ў каго тут яшчэ верыць? Да мяне перыядычна прыходзіць сябар мой бацюшка і чысціць мне мозг. Мы разам панкавалі з ім, а потым ён пайшоў у духоўную акадэмію.
Прышпільны чалавек.
Думаў, ампутацыя будзе
Сваё татуяванне я сам сабе набіў.
Сябрам біў нават. Але потым зразумеў, што не маё, бо
аднойчы сябру інфекцыю нейкую занёс і ў яго нага моцна распухла.
Думаў, ампутацыя будзе, але абышлося, пухліна сышла. Працаваць з крывёй вельмі небяспечна. Усё вінна быць вельмі сур’ёзна. Бо за такія касякі прыязджаюць і рукі ломяць. Зараз татуяванне ўва ўсіх, ужо нават нецікава і непрыгожа».

Пабачылі мы і вялікую грушу, на якой Юра рыхтуецца на той выпадак, калі спатрэбіцца трэснуць каму: «Рукі і косці ў мяне вельмі худыя. Біць раней нармальна не мог, але мужчына ж вінен умець стукнуць каму, таму зараз ужо трэснуць добра магу, калі спатрэбіцца, хоць у спакойны час жывём».

А яшчэ Юры Стыльскі мае мікраскоп, у які разглядае і знаёміцца з рознымі казуркамі і навакольным мікрасветам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0