Аляксандр Лукашэнка адзначае пагаршэнне працы шэрагу галін беларускай эканомікі. «Паказчыкі шэрагу галін эканомікі пагоршыліся. 8 параметраў прагнозу не выкананыя», — заявіў беларускі кіраўнік у пятніцу на нарадзе па выніках сацыяльна‑эканамічнага развіцця Беларусі за першы квартал.
У той самы час Лукашэнка папярэдзіў урад пра тое, што «наша эканамічная палітыка павінна захаваць сацыяльную скіраванасць». «А тое, што ва ўрадзе пачалі раздавацца галасы з нагоды неабходнасці карэктоўкі і змянення эканамічнага курса, будзем лічыць гэта прыватным меркаваннем», — заявіў А.Лукашэнка.
Па яго словах, да пытанняў сацыяльна‑эканамічнага развіцця краіны неабходна падыходзіць «узважана, прадумана, як мы і абяцалі народу». Лукашэнка лічыць, што «прайшло дастаткова часу, каб урад пазбавіўся ад шоку і разгубленасці».
Сур’ёзнае выпрабаванне для ўсёй гаспадаркі краіны
Беларускі кіраўнік адзначыў, што «цяперашні год мы пачалі ва ўмовах рэзкага падвышэння цэнаў на энергарэсурсы, што стала сур’ёзным выпрабаваннем для ўсёй народнай гаспадаркі краіны». У сувязі з гэтым А.Лукашэнка патрабаваў ад прэм’ер‑міністра Сяргея Сідорскага выкласці план дзеянняў ўрада «па мінімізацыі наступстваў падвышэння цэнаў на энерганосьбіты».
А.Лукашэнка выказаў заклапочанасць у сувязі з тым, што ў першым квартале «па бюджэце недафінансаваны шэраг праграм». «Магчыма, перанапружыўся наш міністр фінансаў?» — спытаў прэзідэнт.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падчас справаздачы ўрада мае намер спытаць аб выкананні даручэнняў у сферы энергазахавання і энергаэфектыўнасці. Таксама А.Лукашэнка пацікавіўся тым, «як ідзе пераабсталяванне нашага нафтаперапрацоўчага комплексу, мадэрнізацыя энергетычнай сістэмы, і як выглядае сітуацыя ў аграпрамысловым комплексе?». «Мяне цікавіць, як нашы таваравытворцы будуць канкураваць на айчынным рынку з наплывам расейскіх тавараў у сувязі з падпісаннем пагаднення з урадам Расеі аб мерах па развіцці гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва. Як мяне арыентуюць, гэтае пытанне хвалюе сёння кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў», — заявіў кіраўнік рэспублікі. Пры гэтым ён адзначыў: «Я папярэджваў урад, што гэтыя ліберальныя замашкі, як у Расеі, нам непрыдатныя».
Барбекю не субсідаваць!
А.Лукашэнка таксама патрабаваў ад урада растлумачыць сітуацыю ў дачыненні далейшага субсідавання рэальнага сектара эканомікі. «Напрошваецца пытанне: няўжо вы будзеце зноў прапаноўваць агульна падтрымліваць вытворчасць барбекю, візітоўніц, фотаальбомаў і іншых падобных тавараў?» — спытаў кіраўнік дзяржавы. «У нас што, праблема з барбекю?» — дадаў ён.
А Лукашэнка таксама нагадаў у сваім даручэнні ўраду занесці прапановы па кампенсаванні страт ад падвышэння цэнаў на расейскія энергарэсурсы за кошт паслуг, якія мы робім Расеі.
А.Лукашэнка, акрамя таго, чакае ад урада і кіраўнікоў абласцей абгрунтаваных прапаноў па эканоміі бюджэтных сродкаў. «Якія пэўныя дзеянні вызначаюцца ў мэтах забеспячэння станоўчага сальда ў знешнім гандлі?» — задаў пытанне ён.
Беларускі кіраўнік таксама звярнуў увагу на жыллёва‑камунальную сферу. «Мы прынялі наконт гэтага рашэнне», — заявіў А.Лукашэнка, адзначыўшы, што «ў галовах асобных службоўцаў ёсць думкі аб падвышэнні тарыфаў на жыллёва‑камунальныя паслугі».
У цэлым, як заявіў Лукашэнка, ён мае намер пачуць ад урада «канструктыўнае разуменне сітуацыі».