Выстава

«Сховiшча сьвятла»

 

Як я нi напружваў сваю памяць, так i не прыгадаў нiводнага вартага ўвагi старога беларускага фота ў савецкiх кнiгах, альбо на выставах. Усё дзяцiнства «Беларусь да 17-га году» асацыявалася ў мяне са страшнымi здымкамi менскiх ускраiнаў, паводкi на Нямiзе ды шпалернай фабрыкай... Адным словам —куток цемнаты. Анi табе выбiтнае архiтэктуры, анi пастаральных краявiдаў, анi людзкага нармальнага жыцьця. Залiшне нагадваць, што i якасьць гэтых рэпрадукцыяў была, як наўмысна, вусьцiшнай... Мала таго, што за часамi СэСэСэРу была фiзычна зьнiшчаная большая частка нашае спадчыны, улады ймкнулiся вытруцiць нават успамiн пра яе. Што казаць, калi й да сёньня ў Нацыянальным музэi гiсторыi й культуры Беларусi налiчваецца толькi пару сотняў «адзiнак захоўваньня» здымкаў, сярод якiх галоўная — фотаальбом жыдоўскае жаночае гiмназii зь Менску.

Але ва ўсе гэтыя дарэвалюцыйныя жахi (пахiленыя хаты, мурзатыя лапцюжнiкi, бруд i нiшчымнасьць) зь цягам часу верылася ўсё меней. Недавер стаў прынцыповым, калi я натрапiў на сямейны бабцiн архiў. Сярод пажоўклых дакумэнтаў, абразкоў i выцiнак са старых газэтаў было пару сотняў старасьвецкiх фота. Зь iх на мяне глядзелi мае прадзеды, дзяды, крэўныя й далёкiя сваякi. Ахайна апранёныя й пастрыжаныя, з пачуцьцём упэўненасьцi ў сабе i ў сваiх блiзкiх. Вучоба, праца, сьвяты... Годнае чалавечае жыцьцё, дзе ёсьць месца й песьнi й жальбе, але няма месца адчаю. Перадусiм, для мяне гэта азначала, што наша гiсторыя мае нашмат болей фарбаў, а значыць мусяць iснаваць яе праўдзiвыя сьведчаньнi.

У сярэдзiне 80-х адбыўся нечаканы прарыў. Высьветлiлася, што безьлiч старых здымкаў i паштовак да сёньня блукаюць па руках людзей i ашчадна перахоўваюцца ў сямейных архiвах. У 83-м годзе выйшла кнiга Вячкi Целеша «Менск на старых паштоўках», якая адразу стала бэстсэлерам у Беларусi. Гэтую кнiгу й цяпер прыемна ўзяць у рукi: густоўная аздоба, зграбна расстаўленыя здымкi i, бадай самае галоўнае, яна выклiкае чыста чалавечую цiкаўнасьць — дэталi краявiдаў, поры году, i людзi... дзецi i старыя, паны i паненкi, службоўцы i гандляры, сяляне й шляхцюкi. Усе папярэднiя камунiстычныя ўяўленьнi пра нашую мiнуўшчыну адразу сплываюць... Пасьля былi кнiгi Пазьняка, Каляды, Дзянiсава, Шыбекi. Iстотная дэталь — усе гэтыя кнiгi былi iлюстраваныя фотаздымкамi з прыватных збораў. А на пачатку 90-х зьявiлiся наборы старых здымкаў Полацка, Гораднi, Вiцебска, Гомеля... Але нiхто яшчэ не зважаў на здымкi прыватнага, людзкага йснаваньня на адлегласьцi працягнутае насустрач рукi, сьвятло ад якога даходзiць да нас праз усе завiрухi, пажары, доўгiя ночы дзесяцiгодзьдзяў...

«Вырваныя намi зь бясконцае Вечнасьцi i ўзятыя фатаграфiяй у палон бясцэнныя прамянi здольныя вяртаць сваё магiчнае сьвятло да невераемнасьцi доўга — прынамсi да тае пары, пакуль iснуе здымак, пакуль ён Сьведама Захоўваецца намi», — гэткiмi словамi раскрывае канцэпцыю выставы «Сховiшча сьвятла» Уладзiмер Парфянок. Гэтая выстава, што адбылася ў апошнiя тыднi мiнулага году ў менскай бiблiятэцы iмя Янкi Купалы, раскрыла нарэшце перад гледачамi той, роўны подзьвiгу, пляст беларускае культуры, якi завецца калекцыянаваньнем фота. Выстава, нiбы своеасаблiвы дыптых, складалася зь дзьвюх прыватных калекцыяў — Мiхася Раманюка i Ўладзiмера Парфянка. Мiхась Раманюк зьбiраў старыя здымкi чвэрць стагодзьдзя, iнтуiтыўна, а часам цалкам усьведамляючы, якi бясцэнны скарб трапляе да яго. «Дагарэлая давыд-гарадоцкая царква Сьвятога Юр’я. 6 траўня 1936 году» — першы дакладна датаваны здымак фотамастака Зубея. Дзясяткi гадоў гэты майстар з Давыд-Гарадка нястомна фiксаваў побыт i пачуцьцi сваiх землякоў. Некалькi ягоных здымкаў на выставе ўводзяць нас у далёкi сусьвет, па якiм можна падарожнiчаць бясконца, прынамсi пакуль будзе каму яго берагчы.

Шэдэўр калекцыi Раманюка — здымак фатографа Блажко з Хоцiмскага раёну, датаваны 1889 годам. Гэта першы зь вядомых сёньня ўласна мастацкi беларускi здымак. Сьвяточна ўбраныя дзецi ў цёмным пакоi, куды ўрываецца сноп ваконнага сьвятла. Контражур. Не разгледзець дзiцячых вачэй. Таму ймгненьню без малога 110 гадоў...

Уладзiмер Парфянок калекцыянуе сучаснае фота. Здавалася мне, што гэта ня зьдзiвiць. Але падыходзiш да здымкаў ужо далёкiх 80-х, i цяжка адвесьцi вочы ад вачэй тых, хто ўжо нiколi ня будзе гэткiм, як быў.

Гэтай выставаю галерэя «NOVA» адзначыла першы год свайго йснаваньня. Першая беларуская галерэя фотамастацтва, дзеля таго, каб зазiрнуць наперад, зазiрнула ў мiнуўшчыну, вярнуўшы першародны сэнс «самага праўдзiвага й трывожнага» мастацтва.

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0