Сэмантыка i формы

 

10 студзеня ў Беларускай акадэмii мастацтваў была праведзеная навукова-практычная канфэрэнцыя «Сэмантыка i формы традыцыйных беларускiх народных мастацтваў ад старажытнасьцi да нашых часоў», прысьвечаная памяцi выдатнага беларускага этнографа Мiхася Раманюка. Канфэрэнцыя стала своеасаблiвай прэзэнтацыяй Навукова-дасьледчай лябараторыi беларускага народнага касьцюма i арнамэнта, якую заснаваў Мiхась Раманюк i загадчыкам якой быў прызначаны. На жаль, рашэньне гэтае засталося на паперы. Тымчасам 4 верасьня 1997 году Мiхася Раманюка ня стала.

За гадзiну да пачатку канфэрэнцыi заля, у якой яна ладзiлася, ператварылася ў людзкi мурашнiк: навукоўцы i мастакi, госьцi. Энэргетыка падзеi, яе духоўна-патрыятычны накал мне нагадалi тыя гадзiны чалавечага ўзрушаньня, якiя перажывалi мы на Купальлях у Вязынцы ў 70-я гады, — калi ноч наўскрозь, хай сабе й пад навальнiчным дажджом, стаялi людзi плячом да пляча i безь перапынку ад вечара да ўзыходу сонца сьпявалi песьнi, чыталi вершы. Гэтак жа потым i ў Заслаўi, калi сьвяточныя карагоды цкавалi сабакамi, а Купальскае вогнiшча залiвалi вадой з пажарных машын...

Вялiкая частка выступоўцаў складалася з паплечнiкаў спадара Мiхася — тых, з кiм ён езьдзiў у свае першыя экспэдыцыi, з кiм распачынаў Новую эпоху беларускага народнага касьцюма на прафэсiйнай сцэне, з кiм побач працаваў у якасьцi пэдагога, i iншыя ягоныя аднадумцы, калегi, вучнi.

Вiктар Шматаў: «... беларускае грамадзтва толькi напачатку асэнсаваньня значнасьцi жыцьця i творчасьцi Раманюка». За апошнiя паўгады сьвет пабачыла вялiкая колькасьць артыкулаў, прысьвечаных Раманюку. Але сярод iх адзiнкi, у якiх ёсьць спроба грунтоўнага аналiзу, цi хаця б пачатковай iнвэнтарызацыi навуковага i грамадзянскага ўкладу Мiхася Раманюка.

Акрамя Вiктара Шматава ў мэмарыяльнай сэкцыi выступiлi Адам Мальдзiс («Сьветлая постаць Мiхася Раманюка»), Вячаслаў Вайткевiч («Мiхась Раманюк — пiянэр мэмарыялiзацыi мастацтва народнага касьцюма ў энцыкляпэдычнай справе»), Генадзь Сакалоў-Кубай («Праца Мiхася Раманюка ў камiсii па сцэнiчнаму касьцюму Мiнiстэрства культуры Беларусi») i iншыя навукоўцы i дзеячы беларускай культуры.

Грунтоўнасьць i захапленьне Раманюка справай перадалiся ягоным вучням. Ад iх iмя на канфэрэнцыi з дакладамi выступалi старэйшыя выкладчыкi БелАМ Юры Пiскун («Палявыя досьледы нацыянальнага касьцюма як мэтад складаньня карцiны этнакультурных i мастацкiх асаблiвасьцяў лякальных строяў адзеньня ў Беларусi»), Галiна Мяшкова («Асэнсаваньне ролi i значэньне кнiгi Мiхася Раманюка «Беларускае народнае адзеньне»), Яўген Шунейка («Мастацкае выхаваньне праз далучэньне да народных традыцый»), старэйшы выкладчык Унiвэрсытэту культуры Тамара Васюк («Плястыка ганчарных традыцыйных формаў»), а таксама Мiхась Баразна («Пераасэнсаваньне традыцыяў беларускага народнага мастацтва ў сучаснай кнiжнай графiцы»).

З захапленьнем аўдыторыя заслухала даклады асьпiрантаў катэдры Галiны Багданавай «Майстар майстроў (Вобразы народных майстроў у творчасьцi Мiхася Раманюка)»; Iрыны Каранеўскай «Судачыненьнi сэмантыкi дызайну ў творах беларускага народнага мастацтва»; Алены Законьнiкавай «Традыцыйны геамэтрычны арнамэнт як знакавая сыстэма сьвядомасьцi беларусаў» i Iрыны Мазюк «Iснаваньне старадаўнiх сьпеўных формаў i праблемы трансляцыi iх у будучыню».

Грунтоўныя даклады прадставiлi Ўладзiмер Конан («Народнае адзеньне ў кантэксьце прыгожага i камiчнага»), Лiя Салавей («Традыцыйнае адзеньне ў народнай паэзii»), Тацяна Ратабыльская («Элемэнты традыцыйнага беларускага мастацтва ў сучаснай тэатральнай практыцы (лён, саломка, выцiнанка, батлейка)»), Людмiла Дучыц («Старажытны касьцюм Беларусi (па матэрыялах археалягiчных дасьледаваньняў)») i Эдвард Зайкоўскi («Балцкiя i славянскiя элемэнты ў беларускiм народным арнамэнце»).

Чынны ўдзел у працы канфэрэнцыi ўзялi мастакi i мастацтвазнаўцы Яўген Кулiк, Аляксей Марачкiн, Пётра Васiлеўскi, Тацяна Гаранская. Яўген Кулiк сказаў: «Тое, што зрабiў Мiхась Раманюк, заслугоўвае надзвычай высокай адзнакi. Мы, можа быць, надта сьцiплыя ў сёньняшнiх ацэнках яго дзейнасьцi. Але, на мой погляд, сыстэматызацыя калясальнага, сабранага Раманюком матэрыялу, раянаваньне народнай вопраткi, стварэньне карты тыпаў народнага адзеньня беларусаў — ёсьць навуковы i грамадзянскi подзьвiг, унiкальная зьява ў нашай культуры.

Мiхась Раманюк быў сярод тых мастакоў, дзеячоў навукi i культуры, якiя ў 70-я гады аб’ектыўна аказвалi супрацiўленьне рэжыму i русыфiкацыi. Тыя мерапрыемствы, якiя ажыцьцяўлялiся, вельмi часта праводзiлiся патаемна. Нават сьвяткаваньне Купальля на тыя часы лiчылася крамолай. Iмпрэзы, якiя наладжвалiся ў майстэрнях мастакоў, у прыватнасьцi, у майстэрнi Вiктара Маркаўца — сьвяткаваньнi дзён памяцi Ластоўскага, Луцкевiча, Драздовiча i iншых — не абыходзiлiся безь Мiхася Раманюка. Ён быў летапiсцам гэтых падзеяў. Яго архiвы захоўваюць фотаздымкi з гэтых iмпрэзаў. I калi прыехаў у Менск з Масквы славуты беларускi гiсторык Мiкола Ўлашчык, яго сустрэча зь менскiмi мастакамi i навукоўцамi адбылася ў старой майстэрнi Раманюка ў Ракаўскiм прадмесьцi».

Вячаслаў Вайткевiч: «Я хацеў бы зазначыць, што рупарам нашага народа напярэдаднi стварэньня БНР было менавiта народазнаўства. У 20-30 гады ХХ ст., як мы ведаем, з народазнаўцамi абышлiся вельмi жорстка. Дык менавiта Мiхась Фёдаравiч Раманюк па вялiкiм рахунку зьяўляецца падаўжальнiкам традыцыяў народазнаўства як ХIХ, так i пачатку ХХ ст., стаўшы буйнейшым народазнаўцам нашай эпохi».

Па вынiках работы канфэрэнцыя пастанавiла хадайнiчаць аб наданьнi лябараторыi iмя Мiхася Раманюка, стварыць грамадзкую каардынацыйную раду лябараторыi i грамадзкi фонд iмя Раманюка, якi б знаходзiў сродкi на выданьне падрыхтаваных iм кнiг i альбомаў, хадайнiчаць перад Мiнiстэрствам культуры аб наданьнi майстэрнi Раманюка статуса Музэя-майстэрнi з адпаведным фiнансаваньнем i аб стварэньнi рэспублiканскага аргкамiтэту сьвяткаваньня 55-гадовага юбiлею з дня нараджэньня Раманюка, якi адбудзецца 3.01.1999 году, зрабiць такiя канфэрэнцыi штогадовымi.

Тацяна Гаранская

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0