Мяркуючы па ўсім, ня толькі краіны, што мелі некалі няшчасьце ўваходзіць у склад Савецкага Саюза, але й краіны былога сацлягеру жывуць паводле прынцыпу: нічога страшнага, што ў мяне карова здохла, затое ў суседа акалелі абедзьве. Чутка аб быццам бы дамоўным характары матча паміж зборнымі Беларусі і Баўгарыі, распаўсюджаная румынскім выданьнем «ProSport», ‑‑ настолькі відавочнае глупства, што ў якіх‑небудзь камэнтарах у прынцыпе ня мае патрэбы.

На мой погляд, гэты матэрыял — чыстай вады «іх адказ Чэмбэрлену» на публікацыю баўгарскага «Топспорту». У публікацыі пісалася аб тым, што румынская фэдэрацыя паабяцала беларусам грашовую прэмію, калі тыя перамогуць альбо хаця б сыграюць унічыю з камандай Станіміра Стойлава. Больш таго, першымі славесную футбольную вайну ў верасьні 2006‑га распачалі менавіта баўгарскія СМІ, якія западозрылі ў хатняй паразе альбанцаў ад румынаў (0:2) «змову»… Дарэчы, не зьдзіўлюся, калі журналісты‑«браточкі», калі скарыстоўваць тэнісную тэрміналёгію, прымуць падачу і ўбачаць «дзівосы» ў матчы Славенія — Румынія, які скончыўся паразай гаспадароў — 1:2.

Паставім пытаньне іначай: навошта і каму патрэбны скандал? Дакладней — скандальчык. Румынам і баўгарам — зразумела навошта: калі ня выбіць глебу з‑пад ног у прамога канкурэнта на выхад у фінальную частку першынства кантынэнту, то хаця б кінуць на яго цень; не істотна, маўляў, ты скраў ці ў цябе скралі, але хлапец, відаць, на руку ня чысты. Беларусы ж трапілі «ў замес» выключна таму, што гралі з баўгарамі — апынуліся ў непатрэбны час у непатрэбным месцы.

Ня ведаю, я ніякіх дзівосаў у гульні нашай зборнай 2 чэрвеня на «Дынама» не заўважыў. Зборная паказала такі ж няўцямны футбол, які дэманстравала пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса ва ўсіх папярэдніх пяці матчах адборачнай кампаніі, за выняткам першага тайму з Альбаніяй і другога са Славеніяй. Ну і, можа, паўгадзіны з Румыніяй — ад гола Сяргея Карніленкі да яго замены. Іншымі словамі, 120 хвілінаў з 540. Ці тады таксама ня ўсё было сумленна?

Пра «таварняк» у Таліне лепш наагул ня згадваць, але рызыкну працытаваць сябе самога, хаця гэта і нясьціпла. Пасьля кантрольнай сустрэчы з эстонцамі я, тады яшчэ штатны журналіст «Прэсболу», пісаў у вядучай спартовай газэце краіны:

«У сераду ўвечары мне было сорамна за нашую зборную. У першую чаргу — за выказаную ёй непавагу да тысячаў беларускіх заўзятараў, якія змарнавалі 1,5 гадзіны часу на тэлетрансьляцыю з Таліна. Я ўжо не кажу пра тыя некалькі дзясяткаў чалавек, якія дабраліся да эстонскай сталіцы і разьмясьцілі на трыбуне стадыёну дзьве аграмадныя майкі з N 12. Дваванаццаты гулец у зборнай Беларусі сапраўды быў — не знайшлося, на жаль, адзінаццаці. Бо тое, што, з дазволу сказаць, прадэманстравала галоўная дружына краіны на газоне «А. Ле Кок Арэны», футболам назваць нельга. Хаасам, броўнаўскім рухам, выкліканым, відавочна, адсутнасьцю выразнай і прадуманай тактыкі на матч, і г.д. — можна, футболам жа — прабачце... Спадзяюся, за ігру з Эстоніяй Пунтусу і ягоным падначаленым, многія зь якіх, калі меркаваць па іх выказваньнях, лічаць сябе сапраўднымі профі, таксама было сорамна. Але лічыць сябе майстрам сваёй справы і быць ім — таксама дзьве вялікія розьніцы. І ўжо дакладна: так непрывабна, як пазаўчора ў Таліне, сапраўдныя прафэсіяналы іграць права ня маюць».

Пагадзіцеся, знайсьці адно адрозьненьне паміж тым матчам і сустрэчай з баўгарамі — задача для дашкалят: 15 лістапада 2006 году на талінскай «А. Ле Кок Арэне» было тры дзясяткі беларускіх заўзятараў, 2 чэрвеня 2007‑га на менскім стадыёне «Дынама» — трыццаць тысячаў…

Таму, прабачце за грубасьць, ня варта шукаць у дупе золата — няма яго там. Проста зь лютага 2006‑га, з моманту прызначэньня Пунтуса галоўным трэнэрам зборнай, наша нацыянальная каманда ўпэўнена рухалася да таго, да чаго прыйшла цяпер.

Заўсёды лічыў, што адстаўка Анатоля Байдачнага і прызначэньне Юрыя Ёсіфавіча — гэта відавочныя памылкі фэдэрацыі (людзі, якія добра мяне ведаюць, гэта пацьвердзяць). Прычым сур’ёзныя. Пераканы, нашую зборную павінен трэніраваць АДУКАВАНЫ і КВАЛІФІКАВАНЫ ЗАМЕЖНЫ адмыслоўца. І не «народжаны ў СССР», а той, які зьявіўся на сьвет значна заходней за Буг.

«Мо час ужо перастаць ісьці ўласным шляхам, а пераняць досьвед Расеі — а яшчэ лепш Польшчы, — зь якімі працуюць галяндцы Гуус Гідынк і Леа Бээнгакэр? Праўда, трэнэры такога ўзроўню задарма працаваць ня будуць. Але бясплатных пірожных не бывае ў прынцыпе — калі толькі яны не пратэрмінаваныя.

Яшчэ паўгоду таму я меркаваў, што пры любым раскладзе Пунтус павінен дапрацаваць як мінімум да канца адборачнага цыклу. Але цяпер думаю, што зацягваць зь перастаноўкай на капітанскім мосьціку нельга: да жнівеньскага спарынгу з ізраільцянамі зборную павінен рыхтаваць іншы. Бо працы ў яго — неараная неруш. Іншае пытаньне, ці ёсьць у БФФ падыходзячая кандыдатура? Ці ізноў пачнецца сутаргавы пошук адмыслоўца, які «пагадзіўся б рабіць за невялікія грошы»?

Сяргей Аляхновіч, Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0