Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? Схадзіце на новы фільм Аляксея Балабанава. З блогу Андрэя Расінскага.
Груз 200 (Груз 200)
Расея, 2007, каляровы, 90 хв.
Рэжысэр: Аляксей Балабанаў
Ролі выконваюць: Агнія Кузьняцова, Аляксей Палуян, Леанід Громаў, Аляксей Серабракоў, Леанід Бічэвін, Натальля Акімава, Юры Сьцяпанаў, Міхаіл Скрабін, Аляксандар Башыраў, Валянціна Андрукова, Анжаліка Няволіна
Жанр: Драма
Узроставае абмежаваньне: З 21 года
Адзнака: 8 (з 10)
1984 год. Выкладчык навуковага атэізму (Леанід Громаў) па дарозе ў Ленінск трапляе на “самагонны” хутарок, дзе ўсчынае спрэчку з гаспадаром (Аляксей Серабракоў). Пасьля на хутарок завітаюць дачка сакратару райкаму (Агнія Кузьняцова) з захмялелым сябрам-фарцоўнікам. А зусім побач – маньяк-міліцыянт, які згвалтуе легкадумную гераіню гарэлачнаю бутэлькай…
У карціне Аляксея Балабанава залімітныя жахі і залімітны гумар. Але карціна Аляксея Балабанава – ня трэш.
Паабшарпаныя пад’езды, дэфіцыт, страхалюдныя індустрыяльныя ляндшафты, што нявечаць цела й душу. Смуродзяць трубы, на кухнях асьцярожна шэпчуцца месьцічы.
Самалёт штотыдзень прывозіць целы забітых – “груз 200”, а ў чэрава машыны подбегам загружаецца чарговае гарматнае мяса.
Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? – Атрымайце напаўдохлага Чарненку ў тэлевізары і маньяка ў пагонах за вашым акном. Толькі не забывайце – што “мухі ў нас”.
Але фільм Балабанава – не чарнуха.
“Груз 200” – бадай, найлепшая стужка Аляксея Балабанава.
Рэжысэр наводмаш б’е па сацыяльнай памяці, нахабна выкарыстоўваючы мэлёдыі 80-ых (парадаксальны саўндтрэк – аўтарская прэрагатыва Балабанава). Навязьлівая песьня пра магноліі, саладжавая “Волагда” “Песьняроў” – якіх пасьля звыродна-гратэскнай сцэны слухаць ужо немагчыма, нішчымна-лірычная “Трава” “Зямлянаў” – падкрэсьліваюць духоўны распад. А праезд капітана Журава пад музыку Юрыя Лазы заткне за пояс знакамітага “Брата” і скандальную “Маленькую Веру”.
Напрыканцы фільму, як і ў “Асьсе” гучыць гурт “Кіно”, але гэта не прыносіць палёгкі.
Карціна ня мае сантымэнтаў да маладога пакаленьня.
Падонак-фарцоўнік з саколачкай “СССР” – гэта былое й прышлае савецкай эпохі. Гэта сёньняшні дзень, калі дзелавыя камсамольцы сталіся багацеямі, а капітаны Журавы пайшлі на павышэньне. Савецкі саюз сканаў, але ягоныя нашчадкі – мільёны й мільёны – дасюль не пакаяліся і камфортна жывуць з атрутай у душы.
Карціна магла бы разгортвацца ў пуцінскай Расеі (пра Беларусь я й не заікаюся) – і многія ўспрынялі стужку, як мэтафару. 1984 год – год Оруэлаўскага кашмару. Але пасьля 1984 заўжды наступае 1985 – і 1991, і будучыня былых савецкіх аскепкаў застаецца непрадказальнай. Балабанаў слынны сваімі кінапрароцтвамі – але й ня гэтае самае каштоўнае ў фільме.
Рэжысэр просталінейна задае плянку: сама высокі судзьдзя – Бог.
Хацелі зьнішчыць Бога, пабудаваць камунізм? Цяпер глядзіце на сьмерць – духоўную і фізычную. Міліцэйскі маньяк зьнішчае целы, “навуковы атэіст” – разлагае душы. І родавыя гнёзды іхнія па суседзтве: від з вокнаў аднолькавы.
Напрыканцы стужкі зьляканы атэіст (тыповы савецкі інтэлігент!) прыбягае ў царкву пахрысьціцца. Так, на ўсялякі выпадак…
Канвульсіі нянавісьці, смачнае відовішча граха – якое забыць немагчыма, асьцярожны, з-пад ілба, позірк на неба, глядацкі шок…
Толькі ці трэба Богу такое сьведчаньне?
Кінатэрміны
Кінападзеі
Усе фільмы
Кінатворцы
12 каментароў
падпісацца на каментары
чытаць каментары праз RSS
Алякс напiсаў(ла)
Жнiвень 12, 2007 у 21:13
Хто такі гэты Расінскі?
twoserge напiсаў(ла)
Жнiвень 12, 2007 у 23:58
Думаю, што варта было б паглядзець. Толькі дзе!??
rasinski напiсаў(ла)
Жнiвень 13, 2007 у 11:00
Карціна была ў фармаце "4х4", цяпер распаўсюджвецца на лічбе. У крамах я бачыў.
Napalm напiсаў(ла)
Жнiвень 13, 2007 у 22:14
Не губляйце час, фільм - ''чэрнуха'' увогуле без героеў і без сюжэта, так, замалёўка пра савок, дзеючыя асобы ўвогуле ''не раскрыты'' галоўны? герой за ўвесь фільм сказаў 5-6 нейтральных сказаў не па тэме, хто ён, чым жыве? што думае, ну не даўн жа ён з Навінак? вядома толькі што працуе ментом, таму што ўвесь час у ментоўскай форме ходзіць. Фініш. Галімы кітч на савок. Сп. Расінскі, а колькі балаў Вы б паставілі Scarface, Godfather?
rasinski - Napalm напiсаў(ла)
Жнiвень 15, 2007 у 20:42
"Хросны бацька" - 10, асабліва ІІ частка
Napalm напiсаў(ла)
Жнiвень 15, 2007 у 21:10
''Godfather Part II''-10!!!! ''Груз 200'' - 8????????????????????
rasinski - Napalm напiсаў(ла)
Жнiвень 16, 2007 у 14:30
А Вы прапануеце ставіць "Грузу 200" - 10?
Дадам, што гэты фільм 1) не чарнуха; 2) гэта сур'ёзная зьява ў расейскім кінэматографе, атручаным штучным глямурам і "патрыятычнымі" казкамі; 3) гэта вельмі важны фільм у творчасьці Балабанава, які застаецца адным з найлепшых расейскіх рэжысэраў. Параўноўваць "Груз 200" і "Хроснага бацьку" некарэктна, гэта розныя жанры, традыцыі й інтэнцыі.
MK напiсаў(ла)
Жнiвень 16, 2007 у 15:35
адказваю на Ваша пытанне: Богу такое сведчанне непатрэбнае
Napalm напiсаў(ла)
Жнiвень 16, 2007 у 15:41
2-3 балы - самае то. Інтэнцыя фільму (паказаць, што СССР - г..о?) мабыць і пахвальная, аднак з чым Bы яго не параўноўвайце - хоць з Хросным бацькай, хоць ''7'', хоць з Fight Club... Што гэта? Трыллер? Film noir? Да трылеру ён не дацягвае км 10-20, таму што ніякага ні напругу ні сюжэту няма, штампы і схемы. Film noir? Для стыля патрэбны зноў такі цікавы сюжэт і харызматычныя акторы? Странны, жорсткі, двухсэнсоўны - тыповыя для Film noir азначэнні... Странны - без каментарыяў, жорсткі? - не, усё прадказальна, няма моцных характараў, пара стрэлаў, пара трупаў; двухсэнсоўны? - а дзе моцны ''добры хлопец''?, дзе барацьба дабра са злом хаця б у адной галаве? Ну не лічыць жа барацьбой цудоўнае, як гром сярод яснага неба перахрышчванне камуніста у верніка...
Napalm напiсаў(ла)
Жнiвень 16, 2007 у 19:43
MK: Богу такое сведчанне непатрэбнае
==================
А можна задаць пытанне: адкуль у Вас такія звесткі? Ці не ў асабістай размове Бог Вам, як калісці Маісею, перадаў нейкую звышважкую інфармацыю(ізноў без сведак)?
МК напiсаў(ла)
Жнiвень 16, 2007 у 20:01
Napalm, пытанне задаць можна. Адказваю: менавіта так. У полымі цярновага куста. Вольна!
Napalm напiсаў(ла)
Жнiвень 16, 2007 у 21:12
Нейкі ксёндз з замашкамі прапара атрымоўваецца, ці рэлігійна-заклапочаны сержант, ну ладна, так і быць - паўкоўнік;-) каму як больш падабаецца... Чаму з форумаў зніклі ў апошні час? З Богам абшчалісь?
падпісацца на каментары
чытаць каментары праз RSS