Угода па набыцьці страхавых актываў нібыта будзе падпісаная да канца году. Адначасова ўкраінцы мерацца набыць адну малдаўскую кампанію. Цана ўгоды — каля $50 млн.

Гендырэктар львоўскай страхавой кампаніі «Унівэрсальная» Аляксандар Паўленка паведаміў пра намеры да канца году набыць кантрольныя пакеты буйной страхавой кампаніі ў Беларусі ды адной сярэдняй кампаніі ў Малдове, піша газэта «КоммерсантЪ». Пакуль не разгалошваецца назва беларускай кампаніі, зь якой вядуцца перамовы аб паглынаньні, аднак ёсьць інфармацыя, што яна мае разгалінаваную сетку.

Экспэрты выказваюць сумнеў у мэтазгоднасьці плянаў украінскай кампаніі. Сярод аргумэнтаў — параўнальна малы рынак страхавых паслугаў, а таксама тое, што ўсе беларускія кампаніі, якія займаюцца абавязковым страхаваньнем, належаць дзяржаве. Паводле беларускага заканадаўства набыцьцё кантрольнага пакета акцыяў такіх кампаніяў немагчымае. Выказваецца думка, што актыўнасьць на рынку СНД патрэбная ўласьніку СК «Унівэрсальная» для будучага выгаднага продажу кампаніі.

СК «Унівэрсальная» утвораная ў 2002 годзе, валодае сеткай з 46 філіялаў ды офісаў ва Ўкраіне, а таксама прадстаўніцтва ў Будапэшце. 60% акцыяў украінскай СК належаць кампаніі Financial & Investment Energy Holding Establishment зь Ліхтэнштэйну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?