Цьвярскі суд Масквы прысудзіў беларусаў да 14-гадовага зьняволеньня за ўвоз у Расею тысячы таблетак ад кашлю.

Двум грамадзянам Беларусі Аляксандру Чачураву й Сяргею Лагуну інкрымінуецца кантрабанда і незаконны продаж псыхатропных рэчываў. Яны былі затрыманыя й узятыя пад варту супрацоўнікамі ўправы фэдэральнай службы па кантролі за незаконным абарачэньнем наркотыкаў па цэнтральнай акрузе Масквы 7 сакавіка.

«Супрацоўнік ФСКН адрэкамэндаваўся аптэкарам і праз інтэрнэт замовіў партыю польскіх лекаў тусал. Чачураў і Лагун прывезьлі 1000 таблетак у Маскву і былі затрыманыя», — патлумачыў адвакат аднаго з падсудных Яўген Чарнавусаў.

Ён сьцьвярджае, што калі б і былі дапушчаныя парушэньні з боку грамадзян Беларусі, то яны не падпадаюць пад артыкул адміністрацыйнага кодэксу.

«Яны везьлі таблеткі не прадаваць наркаманам, а ў аптэку. Гэта максымум парушэньне фармацэўтычнай дзейнасьці, што цягне адміністрацыйнае пакараньне» — заявіў Чарнавусаў.

Тусал ня ўключаны ў пералік зарэгістраваных у Расеі прэпаратаў. Гэтыя таблеткі ўтрымліваюць псыхатропнае рэчыва дэкстрамэтарфан гідрабамід у малых дозах.

«У 1 тысячы таблетак утрымліваецца 15,4 міліграма псыхатропнага рэчыва, і за гэта просяць 14 гадоў» — сказаў абаронца й дадаў, што Эўрапейская канвэнцыя ад 1971 году дапускае ўтрыманьне псыхатропных рэчываў у леках у малых дозах.

Паводле слоў Чарнавусава, у анатацыі да лекавага прэпарату пазначана, што яго могуць ужываць нават маленькія дзеці.

Адвакаты асуджаных найбліжэйшым часам маюць намер падаць скаргу на абвінаваўчы прысуд, а таксама зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу.

РИА Новости

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0