Учора барысаўскі БАТЭ сыграў матч першага раўнду Кубку ЎЭФА зь гішпанскім “Вільярэалам”. Гішпанская ліга лічыцца адной з найбольш моцных у сьвеце. “Вільярэал” – адна з наймацнейшых каманд гэтага першынства. Ад прозьвішч гульцоў “Вільярэалу” захапляў дух – Гадзін, Хаві Вэнта, Фуэнтас, Сенна, Томасан, Ніхат, Пірэс, Віера. Гэта ўсё не апошнія людзі ў футбольным сьвеце.

Разьлічваць на перамогу ці хаця б нічыю на Пірынеях было троху наіўна, бо каманды ўсё ж знаходзяцца ў абсалютна розных футбольных сусьветах. Два гады назад “Вільярэал” дайшоў да паўфіналу Лігі чэмпіёнаў, для БАТЭ нават цяперашняя вышыня нешта новае.

БАТЭ праваліў пачатак матчу. Ужо на васемнаццатай хвіліне гішпанцы, дзякуючы галам Ніхата і Сенны, вялі ў ліку 2:0. Пасьля чаго барысаўцы правялі некалькі добрых атак, але гішпанцаў выратаваў іхны брамнік Дыега Лопес.

У пачатку другога тайму “Вільярэал” забіў яшчэ двойчы. (Галы на рахунку Ніхата і Томасана). Пасьля гэтага гаспадары супакоіліся, даўшы шанец у атацы БАТЭ. У адным моманце судзьдзя памылкова прызначыў пэнальці, але яго ня змог скарыстаць Генадзь Блізьнюк. Аднак удача ўсё ж аднойчы ўсьміхнулася беларусам. Пасьля розыгрышу штрафнога найбольш спрытным у штрафной гаспадароў аказаўся Максім Жаўнерчык – 4:1. Матч і скончыўся з такім лікам.

Праз два тыдні на менскім стадыёне “Дынама” адбудзецца матч у адказ, хаця БАТЭ і ня мае шанцаў ужо прайсьці ў наступны раўнд, усё адно варта прыйсьці падтрымаць каманду. Ня кожны дзень у Беларусь прыяжджае клюб узроўню “Вільярэлу”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?