Два маладыя чалавекі загінулі ў выніку дарожна‑транспартнага здарэння, што адбылося ў Мінску мінулай ноччу.

Паводле інфармацыі Упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі, 23 верасня ў 23.30 27‑гадовы мінчанін каля дома № 20 на вуліцы Лучыны не справіўся з кіраваннем аўтамашынай «БМВ», выехаў за межы праезнай часткі, дзе ўдарыўся аб асвятляльную мачту. Удар быў такой сілы, што машыну разарвала на дзве часткі, а абломкі раскідала ў радыусе 100 метраў ад месца ДТЗ. У выніку вадзіцель і яго 26‑гадовы пасажыр загінулі на месцы здарэння. Відавочцы ДТЗ сцвярджаюць, што хуткасць «БМВ» перавышала 120 км/ч. Людзі, якія знаходзіліся ў аўтамашыне, не былі прышпілены рамянямі бяспекі.

Паводле звестак УДАІ МУС, 22‑23 верасня ў Беларусі зарэгістравана 51 дарожна‑транспартнае здарэнне, у якіх 11 чалавек загінулі і 50 атрымалі траўмы і калецтвы.

Супрацоўнікамі ДАІ выяўлена 7.929 парушэнняў ПДР. 405 вадзіцеляў затрыманы за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. 2.487 вадзіцеляў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне хуткасных рэжымаў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Глядзі яшчэ:
Поўная зводка здарэньняў і злачынстваў за мінулыя суткі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0