культура. рознае
5 каментароў Наталка Бабіна | 16:22, 3 кастрычнiка 2007

Помнік на магіле Анатоля Сыса да трэцяе гадавіны сьмерці паэта зьбіраецца паставіць скульптар Гэнік Лойка. Камень ужо замоўлены, але на выраб бракуе грошай.

“Я добра ведаў Анатоля, ён лічыў мяне сябрам, — кажа скульптар. — Мы былі знаёмыя з тых часоў, калі ён быў у “Тутэйшых”, а я — у “Талацэ”. У мяне ёсьць скульптура, якую я зрабіў тады для “Тутэйшых”: “Вянок маладым беларускім паэтам”, цяпер яна захоўваецца ў музэі Багдановіча”. І самому Сысу Генік Лойка некалі падарыў невялікую скульптуру “Страцім-лебедзь”: “Памятаеце ягоны верш:

А ты, Страцім, адзін

у эвангельскім небе Радзімы...

Ты ляці. Не глядзі,

ты ж прывык да азёр у ільдзінах”.

Гэнік Лойка ўжо ствараў помнікі па дзеячах культуры. Напрыклад, па Міхасю Стральцову, Міхалу Дубянецкаму. Яго помнік па Сысу — стылізаваны крыж з барэльефам паэта ў цэнтры. Зьверху справа ў цярновым гнязьдзе прымасьцілася птушка, што сымбалізуе сабой «салаўінае сэрца» Беларусі. У ніжняй частцы крыжа — надпіс «Сыс Анатоль» з пазнакай году нараджэньня і сьмерці паэта.

Апроч Лойкі, у конкурсе, зладжаным аргкамітэтам па ўшанаваньні памяці паэта, бралі ўдзел скульптары Алесь Шатэрнік, Леў і Сяргей Гумілеўскія.

Помнік будзе з чорнага граніту (габро-дыябазу), вагою недзе 800 кг. Камень ужо замоўлены на заводзе «Белгран», што ў менскай Дражні.

«Спачатку яго мусяць разрэзаць, і мы перавязем яго да мяне ў майстэрню, — кажа спадар Лойка. — Менавіта на аплату паслуг заводу і транспарціроўку патрэбныя грошы — усяго паўтара мільёна рублёў. Потым пачнецца ужо менавіта мая праца».

Па словах сябра аргкамітэту, паэта Эдуарда Акуліна, усталяваньне і адкрыцьцё помніку плянуецца да трэцяй гадавіны з дня сьмерці Анатоля Сыса – у траўні 2008 г. у вёсцы Гарошкаў.

Сродкі на на выраб і ўсталяваньне помніка Сысу можна перадаць, зьвярнуўшыся па т.: (017) 284-44-04, 768-56-14 (Эдуард), (029) 955-92-04 (Гэнік).

Падзяліцца навіной:         
5 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Гянят напiсаў(ла) Кастрычнiк 3, 2007 у 19:55
А мо зрабілі б рахункі на EasyPay ды Webmoney, куды можна было б лёгка пераводзіць грошы?
Vagant напiсаў(ла) Кастрычнiк 4, 2007 у 10:28
Калі гэта грошай ня бракавала? Але Сысу даць - сьвятая справа. Каб жа яшчэ хто эпітафію склаў.
Filifionka напiсаў(ла) Кастрычнiк 4, 2007 у 13:35
Маю пытаньні да скульптараў. Першае - прынцыповае, а другое - так, сумневы. 1. Разьмяшчэньне імя пад прозьвішчам - махровы савок у кожным выпадку, і ў гэтым таксама. Лепей ужо напісаць проста СЫС. Бо кожны ў Беларусі, апрача немаўлят і бесталачаў, ведае, хто такі Сыс, як яго завуць і як ён жыў і пісаў. 2. Помнік трохі за-патасны, але, можа, гэты патас апраўданы. Аднак калега кажа, што такія помнікі ставяць браткі браткам. Мо й так, ня ведаю. Я не любіла помнік Гастэлу менавіта з-за гіпэр-трагізму і пера-патасу.
У кожным выпадку, у нашым офісе тры асобы вырашылі грошай на помнік даць. Бо гэта СЫС.
liusterka напiсаў(ла) Кастрычнiк 5, 2007 у 12:04
Трэба зладзіць дабрачынны канцэрт вечарыну да народзінаў - прычым ня толькі ў Гарошкаве ці ў Чэхіі.
2 Filifionka: 1) Акрамя Анатоля ёсьць яшчэ Сяржук, а можа і яшчэ хто зьявіцца 2) гіпэр-трагізм і пера-патас - менавіта так і ніяк інакш! А якім можа быць помнік чалавеку, які нарадзіўся ў з вагня і сам сябе гэтым агнём і спаліў?
з раёну напiсаў(ла) Кастрычнiк 5, 2007 у 17:33
ідэя наконт канцэрту вельмі добрая. яна сапраўды дапаможа сабраць грошы. данясіце да Эдуарда Акуліна, ён з аргкамітэту, але, можа, ён не мае доступу да Інтэрнэту?
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Верасень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).