«Белсат» супольна з кінастудыяй «Valred» здымаюць мастацкі фільм паводле п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя». Рэпартаж з-за кулісаў Франака Вячоркі.

«Цішыня на пляне!.. Камэра!.. Гук!… Паехалі!» — крыкам Дарыюша Шады пачынаюцца здымкі кожнай сцэны.

«Белсат» супольна з кінастудыяй «Valred» здымаюць мастацкі фільм паводле п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя».

Ад мінулай пятніцы мястэчка Тыкоцін жыве неспакойна. Вакол мясцовага Дома культуры расстаўленыя пражэктары, сафіты, мітусяцца людзі. Раз‑пораз на ганку зьяўляюцца постаці у гістарычным ўбраньні. Паляць, размаўляюць, гучна сьмяюцца. Праходзяць мясцовыя, зазіраюць у вокны, зьдзіўлена разглядаюць прыежджых. Чуючы беларускую мову, некаторыя пасьпешліва зьбягаюць.

Тыкоцін ляжыць на спрадвечна беларускай зямлі. Першыя ўзгадкі пра мястэчка адносяцца да ХІІІ стагодзьдзя. Тут захаваліся старажытныя царква й касьцёл. Усе вуліцы пракладзеныя брукам. Час ад часу праяжджаюць конныя брычкі. На Цэнтральным Доме культуры, дзе здымаецца фільм — колішнім маёнтку, — вялікая пакінутая бусьлянка. Навакол гучыць беларуская, расейская, польская мова. Ну чым ня Менск пачатку стагодзьдзя?

Рыхтуюцца сцэны ў салёне. Ля дзьвярэй паўтарае тэкст Мікіта Зносак — ужо напудраны й як сьлед апрануты Павал Харланчук. Ягоны вобраз вельмі складаны. Узгадайма Купалу, Зносак убірае ў сябе найпаскуднейшыя рысы беларуса: прыстасавальніцтва й угодніцтва ўладзе. Ягоны антыпод — Янка Здольнік, альбо «дзядзька беларус». За кулісамі і ў жыцьці — кінаактор Анатоль Кот. Згублены ў ліхалецьці інтэлігент, не знаходзіць сабе месца між людзкога двудушнітва й зайздрасьці. Анатоль ужо вывучыў свае словы, таму ходзіць і заляцаецца да мясцовых паненак.

У грымёрцы й касьцюмэрнай рэжысэр Валер Мазынскі дае апошнія ўказаньні перад выхадам на плян. Зараз да Нікіція Зносілова завітваюць госьці — надта высокія й шанаваныя ўладаю людзі, як часта б яна не мянялася. Дама (Тацяна Папова), спраўнік (Мікола Рабычын), поп (Уладзімір Кішкурна), паніч (Франак Вячорка) сьмела ўваходзяць дом у прадчуваньні вялікага п’янага баляваньня. П’юць самагон, жаруць каўбасу. За цара, за немцаў. Гэтыя людзі страцілі адчуваньне рэчаіснасьці, жывуць ад балю да балю, ад выпіць да закусіць.

Усё здымаецца натураю, таму калі на стале зьядаецца каўбаса, селядзец ці выпіваецца вада, адказны ў здымачнай групе неадкладна ўзнаўляе першапачатковы выгляд стала перад здымкамі новага дубля. У кіно такія дробязі прадугледжваюцца, каб не атрымалася, што ў адным кадры будзе каўбаса, а ў іншым на тым жа есцы — памідоры.

Апэратары на кожнага героя настройваюць камэры, сьвятло, колер, вызначаюць ракурсы здымак. Адна сцэна здымаецца ад двух да чатырох гадзінаў. У перапынках акторы абмяркоўваюць посьпехі за капучынай ці гарбатай. Грымёры падпудрываюць запацелыя твары й падцеклую касмэтыку.

Здымкі пачынаюцца а 8-ай раніцы, заканчваюцца пасьля поўначы. Сцэна на кухні здымалася за 5 кілямэтраў ад Тыкоціна ў архаічнай вёсцы. Праца зацягнулася да пятай раніцы. Здымачная група фільмуе на дзьве камэры. Як правіла, у дыялёгу здымаюцца абодва пэрсанажы, пры мантажы выбіраюцца найлепшыя адбіткі. Па пакоі расстаўленыя чатыры мікрафоны: два скіраваныя на актораў, два — панарамныя. Гук запісваецца сынхронна выяве.

Акторы прызналіся, што фінал плянуецца драматычны і крывавы. Усіх расстраляюць.

Над аздабленьнем салёну працавала група мастакоў. У памяшканьні, дзе вяліся здымкі, пераклеелі шпалеры, перафарбавалі дзьверы, усё як сьлед прыбралі да выгляду 20-х гадоў XX стагодзьдзя. Крэслы, тумбы, люстра, люстэрка, грамафон, канапы, карціны — антыкварнае. Строі — арыгінальныя.

Аўтары абяцаюць, у «Тутэйшых» будзе ўсё, што патрэбна любому галівудзкаму шэдэўру: гарачае каханьне паміж Здольнікам і Аленкай (Жэня Жуковіч), глыбокі псыхалягізм у размовах Зносака са Здольнікам і баявік па прыходзе чырвонааармейцаў. Акторы прызналіся, што фінал плянуецца драматычны і крывавы. Усіх расстраляюць.

Стужка «Тутэйшыя» робіцца для каналу «Белсат». Спадарожнікавы канал для Беларусі стартуе 10 сьнежня і плянуе працягваць вытворчасьць мастацкіх кінастужак.

Драматург Аляксей Дудараў ужо выказаў згоду на пастаноўку адной са сваіх п’есаў. Для маладых драматургаў і сцэнарыстаў аб’яўлены конкурс на найлепшую ідэю для фільма. Найлепшыя задумы будуць зрэалізаваныя, а пераможца атрымае буйную грашовую ўзнагароду.

Франак Вячорка, Uff-by.org

Глядзі яшчэ:
Фотарэпартаж са здчымачнай пляцоўкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0