Ну вось, сытуацыя з "Эўрапейскім маршам" у агульных рысах абмалявалася. У тым, што ўлада дазволіла шэсьце ў фармаце Акадэмія навук — Бангалор, няма, вядома, нічога сэнсацыйнага. Такія ж дазволы даваліся і на шэраг папярэдніх акцый.

Пры гэтым Кастрычніцкую, відавочна, ачэпяць, і можа не абысціся без тузаніны, як было і на Дзень Волі. Хаця, трэба думаць, гэта ня той выпадак, калі наверсе захочуць прадэманстраваць амбасадарам ды замежным гасьцям усе магчымасьці менскага спэцназу.

У сваю чаргу, арганізатары, зь іхніх словаў, выявілі клопат пра тое, каб прадстаўнікі Эўразьвязу бралі ўдзел у акцыі легітымна. Так што, напрыклад, славацкі павераны сп. Рэгак ці хто яшчэ можа выступіць ад імя Брусэлю на дазволеным мітынгу… не, не на Бангалоры, а ў парку Дружбы народаў, як сталі падкрэсьліваць асобныя праэўрапейскія сайты (удалы эўфэмізм, чаму б не ўявіць сабе, што назоў парку сымбалізуе, напрыклад, эўрапейскую палітыку суседзтва:)?

Што да колькасьці ўдзельнікаў, дык, з аднаго боку, пашчыравалі сілавыя структуры, скарыстаўшы ўжо добра адпрацаваны мэтад прэвэнтыўнага прарэджваньня шэрагаў апазыцыйнага актыву за кошт аматараў табуяванай лексыкі:) Зь іншага боку, прыхільнікі чысьціні змагарнага жанру кляймуюць ініцыятараў за бесхрыбетную згоду на "пляцоўку для выгулу сабак". І асобна — сп. Івашкевіча за непаліткарэктны апрыёрны падзел грамадзскасьці на сапраўдных эўрапейцаў і "неда…". Такая вэрбальная сэлекцыя, трэба думаць, не прымножыць колькасьці ўдзельнікаў.

Зрэшты, стасункі на гэтай глебе высьвятляе палітызаваная праслойка. Маса ж (пры тым што ніхто ня супраць атрымліваць нямецкія заробкі ды мець катэджы, як у брытанцаў!), сузіраючы налепкі, мэлянхалічна разважае: а што ён зьменіць, гэты марш?

Сапраўды, а што?

"Калі частка апазыцыі насамрэч разьлічвала, што ўлада сядзе сёньня за нейкі стол перамоваў, распачне дыялёг у літаральным сэнсе, то гэта былі, канешне, памылковыя разьлікі", — толькі што зазначыў у гутарцы са мной палітоляг Валер Карбалевіч. На ягоную думку, ва ўладных вярхох зараз няма ня тое што выразнай стратэгіі, але і ўцямнай тактыкі.

Між тым я спрабую элемэнтарна паставіць сябе на месца высокага начальства. Ну на якую халеру мне… то бок яму:) нейкі круглы стол? Нашто казе баян? Або вярхі выконваюць умовы Брусэлю і наўпрост атрымліваюць пернікі, або і далей упіраюцца рогам — і тады ніякі Мілінкевіч і ніякі Лябедзька справу не ўладкуюць.

Карацей, сёньня апазыцыя ну ніяк ня ўплішчваецца ў фармат. Гэта не азначае, што яе высілкі ўвогуле марныя. Проста рытуальныя (і па-піяраўску пісьменныя) фразы пра дыялёг ня мусяць уводзіць публіку у зман. Насамрэч у агляднай пэрспэктыве можна дамагчыся хіба трохі болей цывілізаваных умоў існаваньня палітычнай альтэрнатывы. Прасьцей кажучы, каб улада, дамаўляючыся з Эўропай, аслабіла традыцыйную душылаўку. Пры аптымістычным сцэнары апазыцыя атрымае трохі большы абсяг для барацьбы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?