Дэмакратычныя сілы правялі 14 кастрычніка масавую маніфэстацыю за далучэньне Беларусі да Эўрасаюзу. Маніфэстанты на чале зь Мілінкевічам свабодна прайшлі праспэктам ад Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі навук, дзе адбыўся кароткі мітынг. Далей група моладзі парушыла сцэнары ўлады і апазыцыі. Юнакі спрабавалі прарвацца да Нацыянальнай бібліятэкі і заваявалі праезную частку. Міліцыя мела строгі наказ абысьціся без затрыманьняў. Частка маніфэстантаў дайшла да плошчы Бангалор, аднак частка палітыкаў (Мілінкевіч, Статкевіч) да іх не далучыліся. Агульную колькасьць дэманстрантаў міліцыя ацаніла на 3500 чалавек, нашы карэспандэнты — на 7—8 тысяч чалавек. NN.BY вёў жывы рэпартаж з маніфэстацыі. Прапануем яго Вашай увазе.

ХАЙ ЛЮДЗІ ЎБАЧАЦЬ ВАШЫМІ ВАЧЫМА: зьмясьціце на nn.by Вашы фоты і паведамленьні: [email protected], 29-707-73-29, 29-613-32-32, 17-284-73-29.

Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч можна пабачыць тутака.

Фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча можна пабачыць тутака.

Фотарэпартаж Яраслава Сьцешыка і Сямёна Печанка можна пабачыць тутака.

Хроніка Маршу.

17.15 Арганізатары Сацыяльнага Маршу, прызначанага на 4 лістапада, не павінны ісьці на кампраміс з уладамі наконт маршруту акцыі. Гэта заявіў намесьнік старшыні Грамады Ігар Рынкевіч па выніках Эўрапейскага маршу. Сацыяльны Марш заяўлены па маршруце Кастрычніцкая плошча — Нацыянальная бібліятэка. У ягонай падрыхтоўцы рэй вядуць левыя партыі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Цікава, ці ўдасца ягоным арганізатарам сабраць болей маніфэстантаў, чым на Эўрапейскі Марш.

17.09 Арганізаваць калёну ў цэнтар з удзельнікаў мітынгу на плошчы Бангалор не ўдалося. Нават самая актыўная частка моладзі ўжо зраклася гэтай ідэі. Мітынг патроху затухае, людзі разыходзяцца, ля сцэны іх ужо зусім нямнога.

17.02 Жыхары сталіцы ставяцца да маніфэстацыі зь вялікай цікавасьцю. Тыповая рэакцыя: людзі выходзяць з дамоў і назіраюць за дэманстрацыяй.

17.00 Удакладненьне у ранейшую інфармацыю. Аўтамабілі паслоў краінаў ЭЗ не суправаджалі калёну на Бангалор. Яны паехалі праспэктам да моладзі, якая рушыла ў бок бібліятэкі. І пасьпелі якраз у момант, калі калёну пачалі зганяць з праезнай часткі да аўтазакаў. Арыштоўваць маніфэстантаў на вачах у дыпляматаў ніхто не адважыўся.

16.55 На плошчы Бангалор адбываецца імправізаваны мітынг — падключаная нарэшце гукаўзмацняльная апаратура. Да мітынгоўцаў далучылася апошняя калёна – з групы моладзі, што была спрабавала прайсьці да Бібліятэкі, а пасьля абышла Парк Дружбы Народаў маніфэстацыяй па праезнай частцы. Іх засталося каля сотні чалавек, але зь велічэзным – на некалькі дзясяткаў квадратных мэтраў – сьцягам ЭС. Яны скандуюць «На Праспэкт» і «Ганьба грантасосам». Выступае Ніна Ермалінская, Салігорск: “Давайце ня будзем разыходзіцца”. Віталь Рымашэўскі заклікаў уступаць у Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю. Ігар Рынкевіч, намесьнік старшыні БСДП: “Досыць хадзіць на Бангалор, гэты сабачнік. Апошні раз сюды прыйшлі. Мілінкевіч правільна зрабіў, што не пайшоў на Бангалор”.

16.47 Натоўп моладзі, які рушыў быў па вул. Багдановіча, зьвярнуў направа, на вул. Кульман. «Хадзіць па пэрымэтры Бангалору, не заходзячы на яго», «паказаць, што мы не баімся хадзіць па сваім горадзе», — так маладзёны патлумачылі карэспандэнту сваю новую ідэю.

З Кульман моладзь павярнула на Крапоткіна. Моладзь па-ранейшаму займае ўсю праезную частку вуліцы.

16.45 Намесьнік начальніка РУУС – начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі і спэцыяльнай міліцыі Аляксандар Найдзенка: “Мілінкевіч можа быць прыцягнуты да адказнасьці за збор удзельнікаў ЭШ на Кастрынічніцкай плошчы. Але міліцыя будзе дзейнічаць па абставінах".

16.42 Ля Бангалору працягваюць знаходзіцца 1 200 — 1 500 чалавек. Івашкевіч: Акцыя фактычна скончана, прапаную разыходзіцца. Праз адсутнасьць належнага абсталяваньня арганізаваць мітынг ці канцэрт немагчыма. Сэнс маршу быў у тым, каб прадэманстраваць іншым людзям, што ў Беларусі ёсьць тыя, хто хочуць свабоды ў Беларусі і незалежнасьці краіны, — паведаміў Івашкевіч.

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Хай людзі вас пачуюць!

16.40 Сяргей Калякін, лідэр прыпыненай уладамі ПКБ: “Нармальна сярэдняя акцыя, нічым не вылучалася, але ні чым ня горшая. Зьдзівіла і парадавала рэакцыя ўладаў, што нікога не затрымлівала і не зьбівала. Гэта відавочна, дадасьць балаў беларускім уладам у дыялёгу з Эўропай”.

16.32 На падыходзе да плошчы Бангалор актыўная частка моладзі зьвярнула на вул.Багдановіча і, скандуючы «Ні кроку на балота!» рушыла да цэнтру.

16.25 Маніфэстанты дайшлі да плошчы Бангалор. Стаяць ля сцэны. Але, паводле чутак, адключана электрычнасьць. Кажа Віктар Івашкевіч: “Мы задаволены, што людзі прыйшлі не дзеля канцэрту, а менавіта прыйшлі на акцыю. Таксама добра, што міліцыя не ўмешвалася ў акцыю. Ня ведаю дакладна з чым гэта зьвязана. Магчыма, сапраўды, з увагай да ЭС”.

16.20 Міліцыя ацэньвае колькасьць удзельнікаў мітынгу ля Акадэміі навук на 3500 чалавек. Радыё «Свабода» ацаніла колькасьць удзельнікаў маніфэстацыі на 10 тысяч чалавек.

16.17 На Кастрычніцкую ўрэшце ніхто не пайшоў. Тая частка моладзі, якая адмовілася ісьці на Бангалор, папросту згарнула сьцягі і лёзунгі ды разышлася.

16.09 Галава калёны дайшла па Сурганава да вуліцы Куйбышава. Там рухаецца некалькі тысячаў чалавек. Сярод дэманстрантаў — Вінцук Вячорка.

16.04 Замыкае калёну, якая зьвярнула на Сурганава, гіганцкі сьцяг Эўрасаюзу. Супрацоўнікі ДАІ зноў спрабавалі перагарадзіць дарогу моладзі – але калі некалькі чалавек проста леглі на асфальт перад коламі аўтамабіляў ДАІ, спробы перашкодзіць шэсьцю спыніліся.

16.03 Большасьць калёны, якая была ішла з боку Бібліятэкі, таксама павярнула на Сурганава да Бангалор. Невялікая частка яе спынілася і заклікае ісьці на Кастрычніцкую.

16.02 Калёна, што кіруецца ў бок Бангалору, дайшла да Якуба Коласа. Ідуць амаль моўчкі. З палітыкаў на чале калёны ідзе прафсаюзны лідэр, былы кіраўнік Партыі працы Бухвостаў.

16.00 Калёна ад Бібліятэкі падышла да Сурганава. Людзі сям-там вывешваюць з бальконаў бел-чырвона-белыя сьцягі. Ёсьць нават сьцяг ЭЗ. Адзін маладзён сарваў аплядысмэнты, узьлезшы з сьцягам ЭЗ на трактар-эвакуатар.

15.52 Калёна моладзі, што была ішла да Бібліятэкі, цяпер вяртаецца, мінае помнік Калініну, рухаецца да Акадэміі. Частка маніфэстантаў ад Акадэміі выйшла ім насустрач.

15.49 Калёну, якая ідзе на Бангалор, суправаджае калёна машынаў амбасадараў краін ЭЗ.

15.48 Да Мілінкевіча падыходзіў Найдзенка з УУС і прапаноўваў, як арганізатару, узначаліць калёну, якая рухаецца на Бангалор. Мілінкевіч адмовіўся.

15.46 Колькасьць маніфэстантаў, якія кіруюцца ад Акадэміі навук па Сурганава, скарацілася да трох тысяч чалавек.

15.42 Маладзёны, якія рушылі да бібліятэкі, належаць да Руху за Свабоду, Моладзі БНФ, Маладога фронту. Зараз яны ўжо рухаюцца праспэктам у адваротны бок — да Акадэміі навук.

15.37 Большасьць дэманстрантаў пачала рух ад Акадэміі навук да вуліцы Сурганава. Аднак многія скіроўваюцца ў мэтро, каб разьяжджацца. Моладзь, што выправілася да Бібліятэкі, тлумачыць свае дзеяньні нежаданьнем хадзіць на Бангалор.

15.30 Некалькі соцень маладзёнаў скіраваліся праспэктам ад Акадэміі навук да Нацыянальнай бібліятэкі. Яны занялі ўсю праезную частку. Каля плошчы Калініна моладзь разгарнула вялікі сьцяг Эўразьвязу ў некалькі мэтраў даўжынёй. Даішнікі, якія спрабавалі зьвярнуць іх з праезнай часткі, былі закіданыя яйкамі. У раёне парку Чалюскінцаў яны перакрылі праспэкт, але машыны прапускаюць. За калёнай рухаецца некалькі аўтазакаў і машынаў з спэцназам.

15.25 Лябедзька ў сваім выступе падзякаваў міністру адукацыі Радзькову за тое, што кожны школьнік ведае пра Эўрапейскі марш.

15.23Наступнымі выступілі Мілінкевіч, Лябедзька, Скрабец, Статкевіч, Вячорка.

15.20 Ля Акадэміі навук пачаліся выступы. Першым выступіў Івашкевіч. Ён заклікаў далей прайсьці дэманстрацыяй па вуліцы Сурганава, каб як мага болей людзей пабачылі маніфэстацыю. Аднак на Бангалоры мітынгу ня будзе, паведаміў ён, бо ў ім няма сэнсу, дый улады не дазволілі змантаваць гукаўзмацняльнае абсталяваньне.

15.16 «За намі Бог, ён даў нам добрае надвор'е», — сказаў Мілінкевіч карэспандэнту nn.by. Цярпімасьць міліцыі ён патлумачыў тым, што ўлады ня хочуць псаваць адносіны з Эўропай у такі няпэўны для сябе момант, калі ня вырашанае пытаньне з цэнамі на энэрганосьбіты. «Па-другое, у міліцыі таксама шмат здаровых людзей, па-трэцяе, нельга недаацэньваць і нас. Мы — сіла».

15.15 РІА «Новості» падае папярэднія зьвесткі міліцыі пра колькасьць узельнікаў Эўрапейскага маршу. Міліцыя гаворыць пра тры тысячы чалавек.

БЯЗ ВАС — НІЯК
Сайт nn.by робіцца на Вашы грошы. Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «Ахвяраваньне за Інтэрнэт». У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190786828. У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764». У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012206280014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды».
Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

15.10Сярод дэманстрантаў заўважаны лідэр прадпрымальніцкага руху Макаеў з расьцяжкай "Свабоду Казуліну!"

15.08 Рашучыя злучаюцца з памяркоўнымі: галава маніфэстацыі дайшла да Акадэміі навук. Дэманстранты дайшлі да АкадэмііТам грае музыка, песьні з Народнага альбому. Шмат казулінцаў.

15.07 Ля хваста калёны праехала машына зь бел-чырвона-белым сьцягам.

15.02 Віктар Івашкевіч выступіў перад людзьмі, што сабраліся ля Акадэміі Навук і заклікаў пачакаць маніфэстацыю, якая рухаецца праспэктам. Людзі стаяць і слухаюць беларускую музыку, якая іграе з калёнак.

15.00 Радыё "Свабода": Галоўны рэдактар газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч паведаміў, што дзеля ўдзелу ў “Эўрапейскім маршы” адмовіўся ад прысутнасьці на вясельлі блізкай сваячкі. А адзін спадар уцёк са шпіталю з анкалягічнага аддзяленьня, каб узяць удзел у акцыі.

14.57 Дэманстранты каля плошчы Якуба Коласа выйшлі на праезную частку, займаюць тратуар і дзьве паласы руху. Колькасьць маніфэстантаў увесь час расьце. На тратурах стала зусім цесна. Ціхары ня ўмешваюцца, толькі фільмуюць. Людзі сядаюць на машыны ДАІ і фатаграфуюцца.

14.48 Чытачоў сайту nn.by вітае бард Зьміцер Бартосік і ягоная 4-гадовая дачка Яніна. Яны ідуць у маніфэстацыі па праспэкце.

14.48 Галава маніфэстацыі перайшла вуліцу Казлова. Нейкія маладыя людзі, абвешаныя з ног да галавы сымболікай, скандуюць: "Выходзім на праспэкт". Але гэтыя намеры марныя. ДАІшніік выцясьняюць людзей назад. Зьявіліся і правакатары — бабулькі, дзядкі, рабацягі, якія "не панімают, што праісходіт".

14.45 Дэманстранты мінулі помнік Перамогі. Ад крамы Бярозка дэманстранты паспрабавалі выйсьці на праезжую частку. ДАІ іх вярнула назад. Зноў спрабуюць вярнуцца на праспэкт. Зноў вяртаюць назад. ДАІшнік ад крыку сарваў голас. У калёне ідуць Мілінкевіч, Калякін, Лябедзька, Вячорка. Акрамя беларускіх і эўрапейскіх, ёсьць таксама ўкраінскія, анархісцкія сьцягі, сьцягі з партрэтам Дашкевіча. Колькасьць маніфэстантаў на праспэкце вырасла да 4—5 тысяч чалавек. На тратурах стала зусім цесна. Над калёнай таксама расьцяжкі "Беларусь у Эўропу!", "Не - межам!", "Не - ядзернай зброі", "12 прапановаў ЭС - у жыцьцё!". Натоўп скандуе "Жыве Беларусь!" і "Беларусь у Эўропу" — безь вядомага працягу. У грамадзе заўважаныя літаратар Адам Глёбус, скульптар Алесь Шатэрнік, рэжысэр Валер Мазынскі, дыплямат Пётра Садоўскі, журналістка Ірына Халіп, праваабронца Іна Кулей — жонка А. Мілінкевіча, сацыёляг Андрэй Вардамацкі, паэт Сяргей Законьнікаў.

14.40 Уся пляцоўка ля Акадэміі Навук запоўненая людзьмі. Колькасьць мітынгоўцаў тут (удакладненая інфармацыя) да тысячы чалавек.

14.36 Вятрыска. Ён вырывае сьцягі і кідае на машыны, што праяжджаюць па праспэкце. Кіроўцы спыняюцца і вяртаюць сьцягі людзям. Многія кіроўцы вітаюць сыгналамі дэманстрантаў. Насупраць уваходу ў Парк Горкага людзі пераходзяць праспэкт, каб правым бокам ісьці да Акадэміі. На гэты момант калёна расьцягнулася ад плошчы Перамогі да цырку. Лічбу маніфэстантаў у ёй можна ацаніць на 3000 чалавек.

14.29 Ля Акадэміі Навук зьявілася група людзей з расьцяжкай «Не дали визу — какая низость!». Яны кажуць, што пратэстуюць супраць візавай палітыкі рэжыму Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі. Паводле словаў аднаго зь іх, Уладзімера Цюхая, яны «група па інтарэсах зь Нясьвіжу» і зь ніякай палітычнай сілай не зьвязаныя. У іх апэратыўна ўзяло інтэрвію БТ і яны згарнуліся. Тымчасам мітынгоўцы ўключылі гукаўзмацняльную апаратуру. Уся пляцоўка перад Акадэміяй Навук запоўненая людзьмі.

14.26Маніфэстанты скандуюць: “Незалежнасьць!”, “Уладу – народу!”, “Моладзь і свабода!” і “Жыве Беларусь!”

14.22 Калёна спакойна ідзе па ходніках да Акадэміі. Зараз калёна насупраць цырку. Міліцыі няма. ДАІ папярэджвае, каб не выходзілі на дарогу. Зараз калёна (2 500 чалавек) насупраць цырку. Міліцыі няма. ДАІ папярэджвае, каб не выходзілі на дарогу. Да маніфэстацыі ўвесь час далучаюцца новыя людзі. Наперадзе калёны з мэгафонам ідзе Аляксандар Мілінкевіч. Ён без гальштука, у швэдры.

14.20 Калёна дэманстрантаў расьцягнулася ад Кастрычніцкай да цырку. Людзі ідуць па ходніках, па левым баку праспэкту.

14.12 Мілінкевіч заклікаў прайсьці да Акадэміі. Калёна з 2 000 чалавек рушыла ў бок Акадэміі навук.

14.10 Ля Акадэміі гукаюць «Свабоду Казуліну!». Зьявілася і вялікая расьцяжка з гэтым тэкстам. Яе трымае Сяргей Скрабец. Нацыянальных сьцягоў над дэманстрацыяй больш, чым сьцягоў Эўразьвязу. Маніфэстанты гукаюць «Жыве Беларусь!», «Свабоду Казуліну!» і проста «Свабоду!». Зьявілася і здымачная група БТ.

14.05 Толькі што да грамады на Кастрычніцкай плошчы далучылася група моладзі, каля 50 чалавек, з сінімі стужкамі і значкамі з сымболікай Эўразьвязу і лёзунгам "Наш час прыйшоў", сьцягамі Эўразьвязу з словам "Беларусь" у коле зорак ЭЗ.

14.00 На Кастрычніцкай зьявіўся Мілінкевіч і іншы заяўнік шэсьця — Зьміцер Хведарук, адзін зь лідэраў «Маладога Фронту», вакол іх сабралася першая тысяча маніфэстантаў. Многа, вельмі многа сьцягоў — бел-чырвона-белых і эўрапейскіх.

13.45 Ля Акадэміі Навук зьявіўся Віктар Івашкевіч. Ён разгарнуў сьцяг Эўразьвязу. Акцыю фільмуе здымачная група, якая прадставілася супрацоўнікамі каналу RTVI.

13.40 Міліцыі прынцыпова няма. Станцыі мэтро «Кастрычніцкая» і «Акадэмія навук» працуюць у звыклым рэжыме. Каля мэтро «Кастрычніцкая» сабралася ўжо каля 200 чалавек. Зьявіліся замежныя дыпляматы. Прысутнічаюць таксама беларускія і замежныя журналісты. Аўтобусы № 100 ідуць у цэнтар перапоўненыя людзьмі. Яны таксама спыняюцца на Кастрычніцкай.

Сямён Печанко перадае з Кастрычніцкай: На Кастрычніцкую плошчу доступ свабодны, спэцтэхнікі па дварох нямнога, міліцыі не відаць. Хоць, напрыклад, на вуліцы Маркса стаяць тры пустыя аўтобусы МАЗ ("заказной"), ля якіх дзяжурыць міліцыянт.

Супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным адрозьніць ад маніфэстантаў можна па адмысловых дроціках рацыяў.

На Кастрычніцкую пад'ехала машына з гукаўзмацняльнай апаратурай. Людзей ветліва па-расейску папярэджваюць, што мітынг тут не дазволены, а дазволена на Акадэміі навук. Ля цырку таксама сабралася народу.

13.00 Дэманстрацыя абяцае стаць адной з найбольшых палітычных падзеяў восені. Нашы карэспандэнты знаходзяцца на Кастрычніцкай плошчы і ля Акадэміі навук.

Нагадаем, што арганізатары маніфэстацыі маюць намер сабраць людзей з Кастрычніцкай плошчы з боку помніка Янку Купалы і цырку і правесьці іх праспэктам да Акадэміі навук..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?