Прычына - выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт габрэяў, якія МЗС Ізраілю палічыла антысэміцкімі.

Ізраільскі бок мае намер ў пятніцу, 19 кастрычніка, запатрабаваць ад беларускага дыплямата Ігара Ляшчэні тлумачэньняў ў сувязі з выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе telegraf.by са спасылкай на газэту Haaretz. Такім чынам прэм’ер-міністар Ізраілю Цыпі Ліўні рэзка адрэагавала на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт габрэяў у часе прэс-канфэрэнцыі перад расейскімі журналістам, што прайшла 12 кастрычніка.

"Сусьветныя лідэры павінны ўзяць на сябе адказнасьць за барацьбу супраць антысэмітызму, што падымае звыродлівую галаву ў розных частках сьвету, а не заахвочваць яго", -- падрэсльліла кіраўнік МЗС Дзяржавы Ізраіль.

Нагадаем, што пад час прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў наступнае: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Свінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад».

Пасол Ізраілю ў Беларусі Зееў бен-Ар’е з гэтай нагоды заявіў, што «выказваньні прэзыдэнта Беларусі на адрас яўрэяў выклікаюць зьдзіўленьне».

Радыё "Свабода" паведаміла сёньня з спасылкай на газэты “Гаарэц”, што падчас тлумачальнай гутаркі з намесьнікам кіраўніка дэпартамэнту Эўропы і Азіі ізраільскага МЗС Піні Авіві, пасол Беларусі паспрабаваў абвергнуць інфармацыю аб выказваньнях Лукашэнкі, што выклікала

дадатковы гнеў супрацоўнікаў МЗС. “Гэта ня нейкі клерк – гэта ваш прэзыдэнт, ні менш ні больш, і мы шакаваныя і выказваем нашае абурэньне. Апрача прэзыдэнта Ірану ніхто так не гаворыць”, – сказаў Піні Авіві паслу Ляшчэню.

Кіраўніцтва МЗС зазначыла, што ізраільскі пасол у Беларусі цяпер знаходзіцца ў адпачынку ў Ізраілі і што напачатку разглядалася прапанова адкласьці ягонае вяртаньне ў Беларусь. Аднак урэшце было вырашана ўстрымацца ад такога кроку, каб не паглыбляць крызыс. “Але мы ня будзем вагацца вярнуць пасла, калі такія выказваньні прагучаць зноў”, – сказаў высокапастаўлены службовец міністэрства. Адпаведная нота была перададзеная беларускаму паслу.

* * *

Пасол Ізраіля ў Беларусі Зееў Бен‑Ар’е не быў адкліканы ізраільсікмі ўладамі, а паехаў у адпачынак з сям’ёй. Разам з ім з Мінска выехаў першы сакратар пасольства Ігаль Койфман з сям’ёй. Пра гэта БелаПАН заявілі ў пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.

Як паведамілі ў пасольстве, дыпламаты «вылецелі вечарам 17 кастрычніка рэйсам ізраільскай авіякампаніі «Эль‑Аль» у тыднёвы, загадзя запланаваны адпачынак, які па часе выпадкова супаў з нядаўняй заявай сп. Бен‑Ар’е наконт выказванняў кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з журналістамі расійскіх рэгіянальных СМІ 12 кастрычніка».

25 кастрычніка З. Бен‑Ар’е і І. Койфман павінны пачаць выкананне сваіх абавязкаў у дыппрадстаўніцтве.

Звесткі пра тое, што З.Бен‑Ар’е адкліканы для кансультацый у Тэль‑Авіў «у сувязі з нядаўнімі выказваннямі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі», распаўсюдзілі вечарам 18 кастрычніка некаторыя ізраільскія СМІ.

АГ

* * *

«Выказванні прэзідэнта Беларусі на адрас яўрэяў выклікаюць здзіўленне і шкадаванне» — так пракаментаваў пасол Ізраіля ў Беларусі Зееў Бен‑Ар’е ў інтэрв’ю БелаПАН словы Аляксандра Лукашэнкі, што прагучалі 12 кастрычніка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных СМІ.


Зееў Бен-Ар'е

Падчас прэс‑канферэнцыі прэзідэнт, у прыватнасці, заявіў:

«Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсці! Свінушнік быў! Гэта ў асноўным быў яўрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў...».

Паводле слоў ізраільскага дыпламата, у выказваннях беларускага прэзідэнта «чуюцца водгукі даўно, як я спадзяваўся, пахаванага гісторыяй адукаванага чалавецтва міфу аб яўрэях неахайных, брудных, з смуродам, міфу антысеміцкага».

«Такое ўражанне, што Бабруйск быў незалежнай яўрэйскай вотчынай са сваім асобным бюджэтам, а не адным з беларускіх гарадоў, дзе адказнасць за добраўпарадкаванне і сродкі для гэтага былі ў руках афіцыйных уладаў. Дзякуй Богу, што зараз знаходзяць сродкі на добраўпарадкаванне», — сказаў пасол.

Разам з тым ён выказаў пажаданне, каб «беларускія гарады дасягнулі ўзроўню муніцыпальных і наогул сацыяльных служб Ізраіля з яго, скажам, медыцынскім абслугоўваннем, клопатам аб састарэлых і інвалідах, барацьбой з наркотыкамі, алкагалізмам і насіллем у сям’і, аснашчэннем дзіцячых садкоў і школ, хаця прэзідэнт і ўбачыў дзесьці непадстрыжаную траву».

Закрануўшы пытанне аб вяртанні ў краіну яўрэяў, З.Бен‑Ар’е зазначыў, што

«гэта, канешне, справа Беларусі — каго прымаць, а каго не». «Са свайго боку як пасол Ізраіля хачу сказаць, што Дзяржава Ізраіль, з’яўляючыся нацыянальным домам яўрэяў, прымала, прымае і будзе прымаць усіх яўрэяў, якія жадаюць прыехаць да нас, незалежна ад таго, ёсць у іх грошы ці не», — падкрэсліў дыпламат.

Ізраільскі пасол таксама выказаў надзею на тое, «што ў Беларусі, на зямлі якой загінула ад рук нацыстаў і іх дапамагатых ледзь ці не ўся, адна з самых вялікіх у Еўропе яўрэйскіх абшчын, будуць з большай увагай ставіцца да праяў антысемітызму (напрыклад, да нядаўняга апаганення яўрэйскіх магіл у тым жа Бабруйску і надпісам «Бей жыдоў» на доме, дзе знаходзіцца кіраўніцтва яўрэйскай абшчыны ў Слуцку) і ўстрымлівацца ад любых заяў, якія могуць стымуляваць падобныя сумныя з’явы».

БелаПАН

Камэнтар

Беларуская прэса, у тым ліку "Наша Ніва", старалася абысьці гэтыя словы А. Лукашэнкі маўчаньнем. Газэты не ўключылі іх у свае справаздачы пра тую прэс-канфэрэнцыю. Гэта было, паміж іншага, ад нежаданьня прыцягваць увагу да выказваньняў, якія могуць яшчэ болей сапсаваць і без таго кашмарны вобраз Беларусі і беларускага народу ў сьвеце.

Ізраіль не змаўчаў.

Слова - не верабей. Гэта адзін з найгоршых дыпляматычных праколаў нашага кіраўніцтва, які надоўга азмрочыць наш імідж, - не выпадковы пракол, а простае наступства палітычнае гульні, якая вядзецца на расейскім полі.

Што ж напіша пра гэта "Советская Белоруссія"? Яе нязьменны рэдактар Павал Якубовіч? І ці стане гэта хоць для кагосьці ў нашай дзяржаве нагодай для пераацэнкі каштоўнасьцяў? Хочацца верыць, што так.

Няма горш для Рэспублікі, калі яе дзеячы пачынаюць зарабляць палітычны капітал на прыніжэньні нацыянальных ці моўных групаў - як гэта ўжо было з палякамі (наркотыкі і лаянка Борыс), ці беларускамоўнымі, якіх пэўныя людзі іначай як "сьвядомымі", з кплівай інтанацыяй, не называюць.

Моташлівая брыда стала нормай.

Што да словаў, якія так балюча апяклі жыдоў, то гэта не былі словы беларускага народу. Беларускі народ свае словы пра габрэяў сказаў даўно - вуснамі Купалы, Бядулі, Барадуліна.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0