Барысаўскі БАТЭ за тры туры да фінішу датэрмінова стаў чэмпіёнам краіны па футболе.

У гэтую нядзелю барысаўскі БАТЭ ў чацьвёрты раз у сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам краіны па футболе (1999, 2002, 2006, 2007). Прычым, зрабілі яны гэта другі раз запар. Такое ў нашым першынстве не ўдавалася ніводнай камандзе ўжо больш за дзесяць гадоў.

Сымбалічна, што чарговы чэмпіёнскі тытул барысаўцы аформілі ў матчы зь менскім МТЗ-РІПА (0:0), які ўзначальвае былы трэнэр БАТЭ Юры Пунтус. Тры гады таму, калі Пунтус сыходзіў з БАТЭ, то шмат хто са спэцыялістаў меркаваў, што на гэтым могуць скончыцца залатыя дзянькі барысаўскага футболу. Першы сэзон пад кіраўніцтвам новага настаўніка Ігара Крывушэнкі толькі пацьвердзіў такія сумныя высновы. Каманда, якая дагэтуль ніколі не заставалася ў нацыянальным першынстве без мэдалёў, фінішавала толькі пятай.

Пачатак мінулага сэзону таксама не надаваў фанам БАТЭ аптымізму. Па папярэдніх прагнозах барысаўцы не павінны былі нават зачапіцца за мэдалі. Выйшла ж зусім інакш. Пасьля цяжкага старту БАТЭ выдаў бліскучую пераможную сэрыю. Не абышлося і без шанцаваньня, у апошнім туры менскае “Дынама” не змагло перагуляць аднаклюбнікаў зь Берасьця, тым самым пазбавіўшы неабходнасьці ў правядзеньні залатога матчу, але ж шанцуе мацнейшым.

Сёлетні сэзон прайшоў пры вялізнай перавазе БАТЭ над сапернікамі. У чэмпіёнстве Крывушэнкі і кампаніі амаль ніхто не сумняваўся ўжо пасьля першага кругу. Пакуль БАТЭ атрымліваў адну перамогу за другой, канкурэнтаў кідала ў розныя бакі. Нестабільнасьць МТЗ-РІПА, “Гомелю”, “Шахцёра” і дазволілі БАТЭ ўвесь чэмпіянат адчуваць сябе досыць камфортна, а першае месца заняць за чатыры гульні да фінішу.

Гэтая перамога барысаўскай каманды дазваляе гаварыць менавіта пра фэномэн БАТЭ, а ня трэнэра Пунтуса, у якога пасьля сыходу нічога не атрымліваецца.

Найперш посьпехі барысаўцаў грунтуюцца на добрай працы з моладзьдзю, а таксама на імпэтным генэральным дырэктары Анатолю Капскім, які не шкадуе ні ўласнага часу, ні здароўя на любімую каманду. Барысаўцы заўсёды рабілі і робяць стаўку на мясцовых футбалістаў, якіх вядуць у галоўную каманду з самых раньніх гадоў. Скажам, яшчэ летась ніхто толкам ня ведаў абаронцу Ягора Філіпенку, а сёньня ён гулец асновы зборнай Беларусі. Лідэрскія функцыі сёлета таксама адчулі зусім яшчэ маладыя Крывец, браты Дзьмітры і Павал Платонавы, Радзькоў, Стасевіч. Гульню каманды цэмэнтуюць некалькі дасьведчаных футбалістаў – Федаровіч, Блізьнюк, Ермаковіч, Ліхтаровіч. Ня лішнімі ў ансамблі клюбу таксама выглядаюць і легіянэры з Расеі – Казанцаў, Сахараў, Хагуш. Апошняга ўвогуле пачалі выклікаць на гульні моладзевай зборнай Расеі. У сваю чаргу Штанге выклікае ў зборную нашай краіны Радзькова, Філіпенку, Блізьнюка, Радзівонава, стасевіча.

Гэты год стаў адметны для БАТЭ таксама выдатным выступам у эўракубках. Барысаўцы былі літаральна ў адным кроку ад трапляньня ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў. Толькі недахопам вопыту можна патлумачыць нерэалізаваныя моманты ў бухарэсцкім матчы са “Сьцяўа”. Пасьля БАТЭ прывёз у Беларусь каманду з элітнага гішпанскага дывізіёну “Вільярэал”. Згуляць зь ім на роўных не атрымалася, але сам факт саперніцтва з такой камандай гаворыць сам за сябе.

Абсалютна дакладна, што пасьля такога ўдалага сэзону, большасьць футбалістаў каманды атрымаць запрашэньні з добрых эўрапейскіх і расейскіх клюбаў. Разам з тым, практычна ніхто не сумняецца, што і налета БАТЭ будзе сярод галоўных фаварытаў на золата нацыянальнага першынства.

Зьміцер Панкавец










Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?