Тым часам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу прапанавала павялічыць закупачныя цэны на малако на 25%, ялавічыну і сьвініну — на 10%, мяса птушкі — на 7%. Пра гэта паведаміў міністар Мінсельгасхарчу Леанід Русак.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшы час зьявіцца адпаведная пастанова Савета міністраў аб павышэньні закупачных цэнаў на жывёлагадоўчую прадукцыю.

Розьнічныя цэны пры гэтым таксама павялічацца, але на сацыяльна значныя малочныя прадукты яны будуць павышаныя ў памеры індэксу інфляцыі. Напрыклад, малако, кефір, сьмятана падаражаюць не больш як на 5%.

Паводле слоў Леаніда Русака, новыя закупачныя цэны на малако дадуць магчымасьць кампэнсаваць выдаткі на яго вытворчасьць.

Асаблівую ўвагу міністар зьвярнуў на насычэньне малочнай прадукцыяй унутранага рынку: не павінна быць дэфіцыту з‑за павелічэньня паставак натуральнамалочнай прадукцыі на экспарт, падкрэсьліў ён і запатрабаваў навесьці парадак у забесьпячэньні малочнымі прадуктамі сталічных гандлёвых прадпрыемстваў. Цяпер менскім малаказаводам экспарт афіцыйна забаронены да таго часу, пакуль айчынны рынак не будзе насычаны цалкам. На сёньня на сталічныя малочныя заводы пастаўляецца штодзень па 680 т сырога малака замест 450 т, якія яны атрымлівалі да нядаўняга часу. Дадаткова паступае сыравіна з іншых рэгіёнаў краіны.

Міністар зьвярнуў увагу, што гаспадаркі, якія пастаўляюць сырое малако, маюць нулявую рэнтабэльнасьць, у той час як малочныя камбінаты могуць атрымаць дадатковы прыбытак, рэалізуючы на экспарт сьметанковае масла, сыры і натуральнамалочную прадукцыю. Павышэньне ж закупачных цэн на малако да 610 руб. за 1 кг дасьць магчымасьць прадпрыемствам галіны стабілізаваць фінансавае становішча.

Варта нагадаць, што Міністэрства эканомікі ўлічыла ранейшую прапанову Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу аб падвышэньні закупных цэнаў у сувязі з падарэжаньнем кошту сыравіны. Адпускныя цэны на малако, кефір, тварог і сьмятану ў кастрычніку і лістападзе вырастуць на 3%, у сьнежні — на 2%. Адначасова ўрад падвысіў закупныя цэны на малако на 10% у сувязі з ростам цэнаў на сусьветным рынку.

СП, паводле БелТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0