У 1958 г. настаўніка з Карэліччыны адправілі ў мардоўскія лягеры за лісты да Айзэнгаўэра ды Нэру. За Лукашэнкам ён піша Навумаву зь Філарэтам.

Жыцьцё настаўніка‑пэнсіянэра Аляксандра Долбіка вартае раману з наступнай яго экранізацыяй. Паходзіць ён са Случчыны, з хутару Сеньніца. Пачынаючы з прадзеда, ягоны род увесь час у канфлікце з пануючым ладам. Адзін з прадзедаў спадара Аляксандра зьнік у Сібіры за ўкрывальніцтва паўстанца‑каліноўца. Прабабка, абышоўшы з малітвамі за вяртаньне мужа мясцовыя цэрквы, з адчаю дайшла да Кіева‑Пячэрскай лаўры, а потым выправілася ў Ерусалім…

Пры канцы 1929 г. дзед настаўніка трапіў у няміласьць да новай улады. Яго адмова ўступаць у калгас каштавала сям’і маёмасьці і харчоў. Увесну наступнага году Долбікаў папярэдзілі пра пагрозу высылкі на Поўнач. Старыя з унукам Сашкам засталіся дома. Ягоныя бацькі з астатнімі дзецьмі, ратуючыся, разьехаліся ў розныя бакі: бацька ўцёк празь мяжу ў Клецк, маці — у суседнюю вёску. Неўзабаве старых арыштавалі ды выслалі ў Архангельскую вобласьць. Унук моцна захварэў і крэўныя, збаяўшыся, што не перажыве катаргі, аддаюць яго знаёмаму.

Уцёкі ў Казахстан


Бацька А. Долбіка - камэрсант

Дзед з бабай праз тры гады былі вызваленыя. Хтосьці са сваякоў здолеў давесьці, што выслалі іх незаконна. Але «прабачыўшы» старых, улады схапіліся за маці: за ўцёкі ад высылкі яе асудзілі на тры гады працаў у Казахстане. Тыя тры гады расьцягнуліся да трынаццаці — у Беларусь жанчына вярнулася толькі ў 1946 г. Калі Аляксандру споўнілася сямнаццаць гадоў, вясковы паштальён папярэдзіў яго пра магчымы арышт. Тое ж пагражала і яго непаўнагадовай сястры. Адначасова цётку зьвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Польшчы ды далі дзесяць гадоў лягеру. Сваякі, назьбіраўшы грошай, адправілі дзяцей да маці ў Казахстан. Там хлопец спачатку скончыў горны тэхнікум, паступіў у Карагандзінскі пэдінстытут. Атрымліваў дзьве стыпэндыі — паралельна навучаўся на курсах настаўнікаў для школаў‑сямігодак.

Зь Беларусі прыходзіць страшная навіна: пасьля заняцьця Заходняй Беларусі бальшавікамі, арыштоўваюць Сафрона Долбіка. Да таго моманту ён узбіўся на свае грошы і адчыніў у Клецку краму. Спачатку яго асудзілі на дзесяць гадоў за нелегальны пераход мяжы, але гэтага падаецца замала, і яго зрабілі польскім шпіёнам. Вырак — расстрэл. Гінуць таксама дзед і ягоны брат. Аляксандар Сафронавіч дагэтуль ня ведае месца пахаваньня бацькі, не далі плёну й звароты ў КДБ.

Ад Чорнага мора — да Балтыйскага

У 1940‑м Аляксандра Долбіка забіраюць служыць на флёт. Ён трапляе на Чорнае мора. Пачынаецца вайна. Падлодку Аляксандра патапілі пад Баўгарыяй. Трапляе служыць на кацер у рачную флятылію на Волгу. У сьнежні, падчас абароны Сталінграду, атрымлівае цяжкую кантузію, і пасьля месяцу шпіталю яго камісуюць. Едзе да маці, але вайна для яго на гэтым ня скончылася. Долбіка ізноў прызываюць, гэтым разам — у якасьці інструктара. Службу сканчае ўжо на Балтыйскім моры ў 1946 г. Адслужыўшы пэўны час у штабе пісарам, вяртаецца ў Беларусь і ўладкоўваецца настаўнікам. «Прасіўся на Стаўпеччыну, але мяне, сына расстралянага «шпіёна», пасылаюць настаўнічаць у Заходнюю Беларусь, сказалі што там моцна бракуе спэцыялістаў», — пасьміхаецца былы настаўнік.

«Піша Вам Садоўнік»

Да 1958 г. Аляксандар Долбік пасьпеў папрацаваць інспэктарам РАНА, настаўнікам, завучам, нарэшце дырэктарам Радуньскай школы ў Карэліцкім раёне. У верасьні яго арыштавалі, зьвінаваціўшы ў паклёпе на КПСС, дзяржаўны лад і лад жыцьця працоўных. Чэкістаў у Міры зьдзівіў сваім «нахабствам» невядомы, чые лісты перахоплівалі на пошце. Падпісваўся ён Садоўнікам, яго лісты адрасаваліся амбасадам заходніх краінаў. Сярод адрасатаў — тагачасны прэзыдэнт ЗША Эйзэнгаўэр, прэм’ер Вялікабрытаніі Ідэн ды прэм’ер Індыі Нэру. Невядомы ў сваіх лістах наракаў, што СССР ігнаруе Дэклярацыю аб правах чалавека, у краіне квітнее таталітарны рэжым, на вёсцы пануе бяспраўе, якое ёсьць фактычна рэанімаваным прыгонам. Садоўнік прасіў сусьветных лідэраў паўплываць на Мікіту Хрушчова ды змусіць таго паважаць правы савецкіх працоўных.

Вылічылі радуньскага дырэктара па паштовых штампах ды почырку. Суду не было — у кабінэце старшыні гарадзенскага абласнога суду яго спыталі, ці прызнае настаўнік сваю віну. Пачуўшы патрабаваньне выклікаць для яго абаронцу зь міжнароднай калегіі адвакатаў, судзьдзя крыва ўсьміхнуўся: «Ага, вось зараз у ЗША патэлефануем, будзе ў цябе Эйзэнгаўэр адвакатам». За ліставаньне з Нэру і кампаніяй няўрымсьліваму настаўніку адмералі дзесяць гадоў папраўчых лягераў ды пяць гадоў паражэньня ў правах.

Дарэчы, Садоўнікам радуньскі дырэктар назваўся, скамбінаваўшы свае ініцыялы — Сафронавіч Аляксандар Долбік.

Рэабілітавалі яго за адсутнасьцю складу злачынства ў 1992 г.

«Да 53‑га адтуль не вярталіся»

Адбываць пакараньне Долбіка накіравалі ў Мардовію, у сумнавядомы Дублаг. «Да 53‑га адтуль не вяртаўся ніхто», — узгадвае Аляксандар Сафронавіч. Кантынгент быў розны — настаўнік, загадчык бібліятэкі. Год у адным бараку Долбік пражыў зь Міхасём Вострыкавым, што ў 1952 г. дэсантаваўся з амэрыканскага самалёту на тэрыторыю Беларусі.

Пасьля суду сваякі настойвалі, каб ён падаў касацыю на скарачэньне тэрміну. Настаўнік адмовіўся, аднак тое неспадзявана здарылася ўжо ў лягеры, дзе ён меў ці ня самы вялікі тэрмін пакараньня: «Большасьць асуджаных мелі нязначныя тэрміны — тры, пяць год, то я са сваёй дзясяткай выбіваўся з агульнага шэрагу». Яму зьменшылі тэрмін удвая, а па вызваленьні аднавілі ў правах. На працу нейкі час уладкавацца не ўдавалася. Але неўзабаве ізноў пачаў настаўнічаць.

«У Навумава была добрая кампанія»

На пачатку 90‑х былы вязень узначаліў раённую суполку рэпрэсаваных, уступіў у БНФ. Нейкі час жыў у Менску. Тады яго можна было пабачыць ці не на кожным шэсьці ў Курапаты.

Ад 2003 г. Аляксандар Долбік жыве ў доме для састарэлых у вёсцы Жухавічы Карэліцкага раёну. У яго пакоі заўсёды ёсьць сьвежыя газэты — пераважна недзяржаўныя, а таксама раёнка. На паліцы стаіць нашаніўскі каляндар. «Людзі тут мала чым цікавяцца, акрамя чарніла», — сумна зазначае былы настаўнік. Кампанію яму складаюць некалькі пэнсіянэраў, сярод якіх былы карэспандэнт «Гомельскай праўды» Міхась Лісоўскі.

Спадар Аляксандар па‑ранейшаму піша. Рыхтуе ўспаміны пра трагічны лёс сваёй сям’і, у якой бальшавікі вынішчылі амаль усіх мужчынаў. Пяць гадоў мардоўскіх лягераў не адбілі ахвоту пісаць і афіцыйным асобам. «Тое, як неахвотна вядзецца сьледзтва па фактах вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, наводзіць на думку, што гэта справа рук саміх супрацоўнікаў міліцыі, альбо пры іх шчыльным удзеле», — напісаў нядаўна Долбік міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву. Замест адказу зь Міру прыехаў участковы ды задаў старому колькі пытаньняў. «Мы за іх молімся», — такім быў адказ Мітрапаліта Філарэта на просьбу былога настаўніка збудаваць у Курапатах капліцу ў колеры плашчаніцы Хрыста ў памяць аб рэпрэсаваных суайчыньніках. Прымусіў спадар Аляксандар апраўдвацца Экзархат і ў выпадку з ідэяй пабудаваць у Кобрыне царкву ў памяць Суворава.

«Тады ў 50‑х, пасьля падзеньня культу Сталіна, я верыў, што можна дамагчыся справядлівасьці, напісаўшы Нэру», — усьміхаецца ён. Цяжка ацаніць, ці дае належны плён сёньняшняе ліставаньне Аляксандра Долбіка, але, як сам ён жартуе, кампанія ў Навумава ды Філарэта добрая — Нэру, Ітэн, Эйзэнгаўэр.

Сямён Печанко


Аляксандар Долбік
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0