У суботу ў Менску прайшоў антыкамуністычны форум "У будучыню без камунізму". Управа Партыі БНФ, канечне, не палац культуры МАЗ, дзе арганізатарам было адмоўлена ў памяшканьні, але і тут зь лёгкасьцю зьмясьцілася каля сотні ўдзельнікаў форуму.

Перад пачаткам грала музыка з “Народнага альбому” і песьні Сержука Сокалава-Воюша. Над сцэнай вісела эмблема форуму, на якой чалавечак выкідваў у сьметніцу герб зь серпам і молатам. Дэлегатам раздавалі ўлёткі з параўнальным аналізам нацызму і сталінізму. Нехта з найбольш антыкамуністычна настроеных удзельнікаў мерапрыемства выслаў дарогу ў галоўную залю сьвежым нумарам газэты "Товарищ".

Праца форуму пачалася з агульнага выканьня гімну "Магутны Божа", а таксама аўдызапісам колішняга выступу Васіля Быкава пра ахвяраў камуністычнага рэжыму.

Першым прамаўляць на форуме пачаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч. “У гэты самы момант у гатэлі Беларусь пачынаецца камуністычны зьезд, які ладзіць беларуская ўлада. Таму сымбалічна, што свой зьезд мы таксама ладзім у гэты дзень. Каля 1,5 мільёнаў беларусаў сталі ахвярамі камуністычных злачынстваў – сталінскія рэпрэсіі, вялікая айчынная вайна, Чарнобыль, Аўганістан. Сёньня камуністычная ідэалёгія пануе ў самых адсталых краінах сьвету, мы ня хочам далучыцца да іхняга сьпісу. Камунізм мае крывавае мінулае, шэрае сучаснае і ня мае будучыні”, – сказаў А.Міхалевіч.

Яшчэ адзін арганізатар форуму Павал Севярынец зазначыў:

“Сёньня камуністы могуць зьбірацца разам у Менску толькі з той мэтай, каб пакаяцца, але пакаяньня мы ад іх дакладна не дачакаемся. Мы ведаем, што іхны зьезд праходзіць пры зачыненых для незалежнай прэсы дзьвярах. Яны сабраліся ў Менску, як амаль сто гадоў таму ў доміку ля Сьвіслачы, каб зноў вярнуцца сюды. Мне згадваецца гісторыя з Эвангельля ад Мацьвея, калі злы дух выйшаў з чалавека. Троху паблукаўшы па сьвеце, ён вырашыў вярнуцца ў цела, узяўшы з сабой яшчэ семярых духаў нават больш страшных за яго. Мы ня можам сёньня гэтага дапусьціць”.

Але найбольш прысутных кранула гісторыя пастара Эрнэста Сабілы, які некалі прайшоў праз сталінскія лягеры.

“Пасьля вызваленьня я працаваў будаўніком у Менску. Адзін бульдозэрыст расказаў мне гісторыю, што ён ахоўваў жаночую зону. Якія зьдзекі перажылі гэтыя жанчыны! Іх гвалцілі і забівалі проста за тое, што яны былі зэчкамі. Адзін з ахоўнікаў Хасан згвалтаваў жанчыну да сьмерці. Пасьля ён стрэліў ёй у патыліцу, каб паказаць, што яна была дывэрсанткай. Жанчыну тую пахавалі, а Хасану далі адпачынак. Калі я чуў гэтую гісторыю, то рука сама пацягнулася да лому. Дзякуй, што Бог не дазволіў зрабіць мне гэты ўчынак і я зараз з вамі. У лягеры я валіў дрэвы, гэта была праца для самых маладых і выносьлівых. Але нават зь іх ня ўсе вытрымлівалі гэтыя зьдзекі. Шмат хто клаў на пень руку і адсякаў яе, каб не працаваць. Нам патрэбна больш любіць усё нашае, крыху самаарганізацыі і самадысцыпліны, толькі тады мы ня будзем больш апазыцыяй”, – сказаў Эрнэст Сабіла.

Гісторык Ігар Кузьняцоў прапанаваў пакінуць дзень 7 лістапада чырвоным днём у календары. “Чырвоным, бо паліты крывёй соцень ні ў чым не павінных ахвяраў. Нават сёньня 2/3 апазыцыйных палітыкаў – гэта былыя камуністы. У нас дзьве камуністычныя партыі КПБ і ПКБ. Адна кажа, што пасьля 1917 году ў нас было ўсё добра, другія – добра, але зь некаторымі памылкамі. Ніводзін зь сёньняшніх камуністаў не папрасіў прабачэньні за тыя злачынствы”.

На форуме прысутнічалі госьці з Украіны, Расеі, таксама прыйшоў часовы павераны Чэскай Рэспублікі Ўладзімер Румл.

Быў сярод гасьцей форуму і лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які сказаў, што ягоная першая перадвыбарчая праграма на дэпутацтва ў Вярхоўны савет была цалкам напісаная на антыкамуністычных прынцыпах. Яшчэ Лябедзька заклікаў правесьці міжнародны трыбунал над лукашызмам.

Напрыканцы форуму яго ўдзельнікі была прынятая рэзалюцыя "У будучыню без камунізму".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?