Прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі прызначыў датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары на 5 студзеня. Пра гэта ён завіў у звароце да нацыі. «Як прэзыдэнт гэтага народу, я прапаную правесьці галасаваньне даверу да свайго прэзыдэнцтва, каб атрымаць падтрымку ад вас для працягу будаваньня нашай краіны», – цытуе словы прэзыдэнта Reuters.

У тэлезвароце да грузінскага народу ў чацьвер — дзень пасьля разгону апазыцыйных дэманстрацый у Тблісі — Міхэіл Саакашвілі сказаў, што датэрміновыя выбары маюць стаць галасаваньнем наконт даверу да яго.

Апазыцыя настойвала на правядзеньні парлямэнцкіх выбараў, якія меліся прайсьці ўвосень 2008 г., увесну. Саакашвілі паабяцаў разам з прэзыдэнцкімі выбарамі правесьці плебісцыт аб гэтым.

Міхэіл Саакашвілі таксама паабяцаў у найбліжэйшы час скасаваць надзвычайнае становішча, каб усе палітычныя партыі маглі ў роўных умовах рыхтавацца да выбараў.

Апазыцыя вітала такое вырашэньне канфлікту. Лідэр апазыцыйнай Рэспубліканскай партыі Грузіі Давыд Усупашвілі ўжо заявіў, што «прэзыдэнт у цяжкі момант зрабіў правільны і мужны ўчынак, сапраўды ўчынак прэзыдэнта краіны, а не палітыка ці прадстаўніка партыі».

Апазыцыя адразу распачала кансультацыі з мэтай вызначыць адзінага кандыдата. Гэта, адзначаюць назіральнікі, можа быць праблематычным, бо ніводзін з апазыцыйных палітыкаў ня можа канкураваць у папулярнасьці з Саакашвілі.

Буг; Бі-Бі-Сі

* * *

Сытуацыя ў Грузіі стабілізавалася пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча ў сераду.

Прэзыдэнт Саакашвілі пайшоў на гэта на шосты дзень апазыцыйных дэманстрацыяў. Яны пачаліся ў пятніцу з 50-тысячнага мітынгу ў цэнтры сталіцы, які заблякаваў цэнтральны праспэкт і падыходы да парлямэнту. Ягоныя ўдзельнікі патрабавалі датэрміновых парлямэнцкіх выбараў і адстаўкі Саакашвілі.

Прэзыдэнта вінавацяць у аўтарытарных замашках, ліквідацыі канкурэнтаў і пагаршэньні адносінаў з Расеяй. Супраць яго аб'ядналіся розныя палітычныя сілы — ад празаходніх, на чале з былым міністрам замежных справаў Саламэ Зурабеішвілі, да фінансавых з Расеі (лейбарысты), з удзелам нацыяналістаў на чале з сынам першага прэзыдэнта Грузіі Канстанцінам Гамсахурдзія. Іх адкрыта фінансаваў самы багаты чалавек Грузіі — мультымільянэр Бадры Патаркацышвілі, а жывую трансьляцыю з праспэкта Руставелі вялі некалькі грузінскіх каналаў.

Пратэсты працягваліся і ў наступныя дні, але лічба дэманстрантаў меншала. Урэшце ў сераду, калі лічба пратэстоўцаў скарацілася да трох тысяч, Саакашвілі ўвёў у сталіцу войскі. Для разгону людзей былі ўжытыя сьлезацечны газ і гумовыя кулі.

Постфактум было абвешчанае надзвычайнае становішча. Недзяржаўным каналам было забаронена перадаваць інфармацыйныя выпускі, спынілася праца тбіліскага мэтро, былі перакрытыя ўсе выхады на праспэкт Руставелі. Міхэіл Саакашвілі патлумачыў неабходнасьць такога кроку ўмяшаньнем расейскіх спэцслужбаў, што, нібыта, стаялі за падзеямі і рыхтавалі крывавую разьвязку. Грузія адклікала свайго пасла ў Маскве для кансультацый і выслала трох расейскіх дыпляматаў. Дзяржаўнае ТВ перадало запіс іхных размоваў зь лідэрамі апазыцыі.

Некалькі лідэраў апазыцыі застаюцца затрыманымі — Гамсахурдзія, напрыклад, абвінавачваюць у кантактах з расейскімі спэцслужбамі.

Сьпікер грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзэ заклікала бакі да дыялёгу і правяла ўначы кансультацыі зь лідэрамі палітычных партый. Яе намесьнік Міхэіл Мачавэрыяні заявіў, што надзвычайнае становішча можа быць адмененае ўжо праз два дні.

У чацьвер у грузінскай сталіцы было спакойна, перадаюць інфармацыйныя агенцтва.

Грузінская палітычная культура вызначаецца выбуховым тэмпэрамэнтам нацыі. І за Гамсахурдзія, і за Шэварднадзэ, які яго скінуў, і за Саакашвілі, што вымусіў адстаўку свайго палітычнага настаўніка, з розьніцай пары гадоў галасавалі 92—98 % выбарцаў. Сёньня ўпершыню краіна істотна падзялілася ў палітычных прыхільнасьцях, што азначае сапраўдны тэст на якасьць дэмакратычных працэдураў.

Генэральны сакратар НАТО ўжо асудзіў увядзеньне надзвычайнага становішча і спыненьне трансьляцыі тэлеканалаў.

Міхэіл Саакашвілі ад пачатку праяўляў схільнасьці да папулізму і кіраваў краінай цьвёрдай рукой. Тым ня менш, пры ім у Грузіі ўмацаваліся апазыцыйныя палітычныя партыі, незалежныя СМІ і грамадзянская супольнасьць. Масква ня раз дэманстравала незадаволенасьць праамэрыканскай палітыкай Грузіі і імкнулася перашкодзіць уступленьню краіны ў НАТО і Эўрасаюз. Расея працягвае фінансаваць і ўзбройваць Абхазію і Паўднёвую Асетыю — дзьве былыя аўтаноміі, што імкнуцца аддзяліцца ад Грузіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0