Улада адгуляла сёлетні раўнд торгу з Эўразьвязам. Як памятаеце, Менск настойліва зандаваў глебу наконт "прагматычнага дыялёгу". Каб пытаньні дэмакратыі, правоў чалавека і г.д. былі вынесеныя за дужкі. Зрэшты, зрабілі пару жэстаў: Статкевіча і Сяверынца вызвалілі трохі раней, маладафронтаўцам нейкі час давалі толькі штрафы…

Але стала зразумела, што нумар не выгарае. А тут яшчэ і Расея зрабіла царскі падарунак: крэдыты, танны газ на першы квартал наступнага году… Карацей, наверсе вырашылі што імітацыя палітычнай адлігі пакуль што неактуальная.

Затое актуальным ёсьць зьбіць эўфарыю сярод "дэструктыўных элемэнтаў". Бо пасьля таго як восеньскія маршы прайшлі без дручкоў, хто-кольвек з апазыйных лідэраў стаў заяўляць, што табу з Кастрычніцкага пляцу зьнятае і ўсё такое.

Вядома, якія норавы на "хіміі". Пры жаданьні парушэньні рэжыму можна знайсьці ў каго заўгодна. Так што турэмнае пакараньне Фінькевіча — удар кропкавы. Палітычна няўрымсьлівым хлопцам і дзяўчатам даюць зразумець: калі што, мала ня здасца!

Працэс пайшоў раней. Згадайма: пакаралі суткамі арганізатараў нядаўняга мітынгу прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай. Потым з плошчы брутальна выціснулі тых, хто пратэставаў супраць пэрспэктывы інкарпарацыі напярэдадні візыту Пуціна. Моцна пацярпеў Зьміцер Хведарук.

Здавалася б, наадварот, тыя пратэсты на руку беларускаму кіраўніцтву. Глядзі, Уладзімер Уладзімеравіч, народ ня хоча вашага канстытуцыйнага акту!

Але пераважыла жаданьне давесьці, хто ў хаце гаспадар. Кіроўная вярхоўка баіцца паказаць слабасьць. Менск мэнтальна не гатовы гуляць нават у "кіраваную дэмакратыю". Пануе канцэпцыя балянсаваньня між Эўропай і Расеяй. Сёньня пашэнціла нешта выгандляваць у Крамля. Пра сапраўдную цану думаць ня хочуць. А Эўропа, маўляў, нікуды не падзенецца…

Беларускае кіраўніцтва адшліфавала да бляску тактыку выкарыстаньня сытуацыйных выгодаў. Але стратэгіі няма. Геапалітычнага выбару няма. "Добранькая" Масква ўжо ўвесну зноў возьме за гарляк цэнамі на газ і г.д.

І пачнецца новы тур торгу з выкарыстаньнем палітычных закладнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?