У выпадку істотных санкцыяў з боку ЗША Лукашэнка паабяцаў вышпурнуць з краіны амэрыканскую амбасадарку. Такіх рэзкіх выпадаў на адрас Захаду з вуснаў афіцыйнага кіраўніка не было даўно.

Гэты пасаж варта працытаваць: "Як толькі будуць уведзеныя істотныя для нашай эканомікі санкцыі, мы адрэагуем найжорсткім чынам па усіх кірунках: і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і па іншых. Як толькі гэта істотна закране нашу эканоміку, то першы, хто адсюль будзе вышпурнуты, — гэта амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі. Я кажу пра гэта публічна. Таму хай амэрыканскі амбасадар супакоіцца ды займаецца сваімі праблемамі, бо дачасна можа пакінуць сваю пасаду ў Беларусі". Так адкамэнтаваў прэзыдэнт нядаўнюю заяву Карэн Сцюарт пра магчымае пашырэньне санкцыяў супраць нашае краіны.

Адзначым, што санкцыі супраць "Белнафтахіму" былі ўведзеныя паўтара месяцы таму. У высокага кіраўніцтва было багата часу, каб адрэагаваць. Але грозная эскапада прагучала толькі сёньня, падчас ідылічнага мерапрыемства — наведваньня "SOS — дзіцячае вёскі" ў Бараўлянах.

Што ж адбылося за гэты час?

Адбыўся візыт Пуціна, вынікам якога сталі вялікі крэдыт, абяцаньне яшчэ большай пазыкі і лагодныя цэны на газ у першым квартале 2008 году.

"Увесь гэты год Лукашэнка мусіў граць нязвыклую для сябе ролю, вытрымліваць дыпляматычны тон у стасунках з Захадам, — мяркуе палітоляг Валер Карбалевіч, зь якім мы толькі што абмяняліся ўражаньнямі ад сёньняшніх заяў (дарэчы, там яшчэ пара адметных момантаў, можаце зазірнуць на сайт БЕЛТА). — Цяпер жа Расея прыадчыніла дзьверы, і ён вярнуўся да звыклай рыторыкі". Мой суразмоўца наўпрост зьвязвае гэты мэталёвы тон з падарункамі ад Пуціна.

Але няўжо не зразумела, што Масква проста трымае на кручку?

"Улада жыве сёньняшнім днём, — кажа Карбалевіч. — Многае будзе залежаць ад таго, ці прыглушыць Крэмль свой антызаходні трэнд пасьля выбараў. Сёньня, ва ўсякім разе, Лукашэнка выступае ва ўнісон. У Маскве такая рыторыка запатрабаваная. Галоўнае ж — Масква зноў дала наркотык. Таму да сур'ёзных эканамічных трансфармацый няма стумулаў. Нездарма ж кажуць: рэформы пачынаюцца тады, калі сканчаюцца грошы. А тут столькі грошай, можна сказаць, на дурніцу!".

Карацей, год завяршаецца сумным палітычным акордам. Расейскі наркотык на нейкі час вярнуў уладу ў звыклыя псыхалягічныя каардынаты.

Зразумела, што рыторыка ёсьць рыторыкай. Наўрад ці справа дойдзе да дыпляматычнае вайны. Менск ня мае магчымасьцяў для "адэкватнага адказу" Штатам.

Суворы настрой кіраўніцтва найперш можа адбіцца на ўнутраным жыцьці. Надзеі на лібэралізацыю, дыялёг з незалежнай супольнасьцю і г.д. — у каго яны былі — бадай, лепей адсунуць убок. Нас чакае цяжкі год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?