Анатоль Лябедзька

Кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі забаронены выезд за мяжу. Апавяшчэньне пра гэта Анатоль Лябедзька атрымаў 1 студзеня. Падзабытая справа (паклёп на прэзыдэнта Беларусі) была адкрыта ў 2004 годзе. Яе наяўнасьць тры гады не замінала палітыку выяжджаць. Раней такія накаты на апазыцыю папярэднічалі вялікім палітычным кампаніям.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька 1 студзеня 2008 года атрымаў апавяшчэнне з Аддзела па грамадзянстве і міграцыі Цэнтральнага РУУС Менска, у якім паведамляецца, што яму забароненае выязджаць за мяжу.

Рашэнне было прынятае на падставе таго, што ў дачыненні старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Менскай гарадской пракуратурай узбуджаная крымінальная справа па арт. 367 ч.2 КК (паклёп на прэзыдэнта).

Таксама Анатоль Лябедзька атрымаў позву з пракуратуры, дзе гаворыцца, што пракуратура разглядае палітыка падазраваным, аднак мера спынення не абіралася, а абвінавачванне не было прад'яўленае.

«Цяпер вытворчасць папярэдняга следства па дадзенай крымінальнай справе прыпыненая на падставе п.5 ч.1 арт.246 КПК РБ, у сувязі з немагчымасцю вытворчасці следчых дзеянняў. Падставай для прыняцця рашэння паслужыла невыкананне праваахоўнымі органамі Расейскай Федэрацыі ўзбуджанага пракуратурай горада Менска хадайніцтва аб аказанні прававой дапамогі», — паведамляецца ў лісце пракуратуры, якое цытуе telegraf.by.

Анатоль Лябедзька заявіў, што яму забаранілі выязджаць за мяжу па палітычных матывах.

«Палітычныя ніткі тырчаць у кожным радку адказаў, атрыманых мной з пракуратуры і аддзела па грамадзянстве і міграцыі. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі, а не хавацца за фармулёўкамі, пазбаўленыя не толькі прававога зместу, але і ўсялякага сэнсу. МУС ківае ў бок пракуратуры, тая спасылаецца на тое, што Расея не выконвае свае абавязальніцтвы аб аказанні прававой дапамогі, — лічыць палітык. — Да таго ж пракуратура пісьмова прызнае, што няма ніякіх прававых падстаў абмяжоўваць маё канстытуцыйнае права на свабоднае перамяшчэнне».

Раней ні пра якую справу супраць Лябедзькі вядома не было. Аказалася, тая падзабытая справа была адкрыта ў 2004 годзе (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі) пасля інтэрв'ю А.Лябедзькі праграме "Зеркало" (тэлеканал "Расія") і публікацыі ў газеце "Народная воля" аб ценявым бюджэце ў Беларусі і продажах зброі. Дагэтуль яе наяўнасць тры гады не замінала А. Лябедзьку выязджаць за мяжу і вяртацца.

Звяртае на сябе ўвагу, што апавяшчэнне Лябедзьку амаль супала ў часе з намерам Міністэрства юстыцыі ліквідаваць Партыю камуністаў. За два дні да таго А. Лукашэнка выступіў з рэзкімі заявамі на адрас ЗША, а перад тым быў падоўжаны тэрмін зняволення Артура Фінькевіча.

Раней такія накаты на апазіцыю папярэднічалі вялікім палітычным кампаніям. Ці выбары, прызначаныя на восень, дастатковая нагода для гэтага? Ці ня будуць яны спалучаныя з рэферэндумам? Мікалай Чаргінец учора заявіў, што рэферэндум па Канстытуцыйным акце саюзнай дзяржавы мае ўсе шанцы адбыцца да канца 2008 году. Падпісаньне такога акту, нават з выхалашчаным тэкстам, напэўна, гарантавала б новыя фінансавыя ўліванні Расеі для адміністрацыі А. Лукашэнкі, а таму такога варыянту няможна выключаць.

Што да забароны на выезд за мяжу для дзеячоў апазіцыі, то час пакажа, будзе гэта адзіночная ці масавая мера.

буг; інф. Telegraf.by

* * *

«Наша Ніва»: Што за гісторыя з крымінальнымі справамі і адмовай Вам у выезьдзе за мяжу?

Анатоль Лябедзька: Справа ў тым, што ў сакавіку 2004 году Генэральная пракуратура завяла на мяне дзьве крымінальныя справы па факце абразы гонару і годнасьці Лукашэнкі. Справы былі заведзеныя па факце майго інтэрвію расейскаму тэлеканалу РТР, а таксама артыкулу ў «Народнай волі», дзе былі мае выказваньні пра ценявы бюджэт, а таксама пра гандаль зброяй. Некалькі месяцаў я, як на працу, хадзіў да сьледчага ў гарадзкую пракуратуру. Падалося, што я прадставіў сьледчаму ўсе доказы, што мае словы цалкам грунтуюцца на заявах А. Лукашэнкі ў СМІ. Болей мяне па гэтых справах не турбавалі, але яе не спынілі. Мне яна абсалютна ніяк не замінала ў працы. За гэты час я пасьпеў памяняць тры замежныя пашпарты і ніякіх праблем не было.

«НН»: А калі даведалі пра новы паварот у гэтай справе?

АЛ: У пачатку лістапада я здаў дакумэнты для атрыманьня новага пашпарту. Заплаціў грошы за дазвольны штамп на выезд за мяжу на два гады, бо тады яшчэ ніякай пэўнасьці ці адменяць яго не было. Мне сказалі, што ніякіх праблем ня будзе і праз два тыдні я змагу атрымаць яго назад. Праўда, пасьля пачалі цягнуць з выдачай. 10 сьнежня, калі я вярнуўся з Вашынгтону, мне паведамілі, што дазвольны штамп паставіць ня могуць, бо на мяне ў 2004 годзе распачатая крымінальная справа.

«НН»: А тыя крымінальныя справы ня могуць атрымаць новае дыханьне?

АЛ: Наўрад ці. Калі я апошні раз вяртаўся з-за мяжы, то знаёмыя памежнікі мне паведамілі, што я ёсьць у сьпісах невыязных. Што ж, буду палітычным невыязным № 1. Перакананы, што невыязных будзе шмат. Нават не дзесяткі чалавек. Упершыню ўлады пачалі парушаць артыкул 30 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам бесьперашкоднае перамяшчэньне. Ёсьць першы прэцэдэнт.

«НН»: Пасьля гэтай забароны ў Вас не зрываюцца нейкія замежныя паездкі?

АЛ: У мяне ўжо сарвалася сустрэча ў літоўскім Сойме. На шчасьце, сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць мне кантактаваць з замежнымі партнэрамі нават не выходзячы з офісу. Я не адзін, таму за мяжу будзем адпраўляць іншых сяброў партыі ці сяброў АДС.

«НН»: Як зьбіраецеся змагацца з гэтым рашэньнем?

АЛ: Самае цікавае, што гэтую пастанову нельга абскарджваць у судовым парадку. Пастараюся зрабіць нейкі свой унёсак у перамовы, якія вядуцца між Менскам і Брусэлем аб паляпшэньні адносін. Буду рабіць усё, што ад мяне залежыць. Мне падаецца, што прысуд жорсткі Фінькевічу, зьбіцьцё Хведарука, заявы аб ліквідацыі ПКБ, адмова мне ў выездах за мяжу могуць быць зьвёнамі аднаго ланцуга. У атачэньні ідзе барацьба між групоўкамі, тых, хто хоча лібэралізацыі і тых, хто хоча працягнуць сёньняшні курс. Па ўсім бачна, што перамагаюць апошнія, да якіх схіляецца і сам Лукашэнка. Разам з тым, гэта дае нам дакладны прагноз на 2008 год. Ці гэта будзе годам адлігі, ці годам беззаконьня.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0